14.01.2025 Тэгі: пенітэнцыярная сістэма, правы зняволеных, рэпрэсіі, зборныя матэрыялы Ілюстрацыйнае фота. Многія беларусы, якія трапляюць пад палітычны пераслед, у большасці выпадкаў адчуваюць псіхічныя разлады і дэпрэсіі, іх пераследвае страх смерці і думкі пра суіцыд. Калі псіхалагічны гвалт робіцца невыносным, а іншых спосабаў супрацьстаяць беззаконню не існуе, людзі часам вымушаныя прыбягаць да крайняй меры – сыходу з жыцця. “Вясна” прыводзіць найбольш рэзанансныя выпадкі самагубстваў і спробаў суіцыду сярод беларусаў, якія патрапілі пад пераслед, альбо былі асуджаныя па палітычных матывах.

Дзмітрый Стахоўскі: “ Гэта самы што ні на ёсць жахлівы выбар

stahouski-dzmiryi.jpg
Дзмітрый Стахоўскі. Фота з сацыяльных сетак.

Увечары 25 траўня 2021 году 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у “масавых беспарадках” 9-11 жніўня 2020 года і стварэнні барыкадаў каля гандлёвага цэнтра “Рыга” ў Мінску, скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка. Хлопец перад гэтым пакінуў перадсмяротны пост “ВКонтакте”, у якім патлумачыў свой учынак крымінальным пераследам праз удзел у мітынгах: “Віной таму, стаў Следчы камітэт”.

"Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не вырашыўся на такі жудасны ўчынак як суіцыд. Але мае сілы былі на зыходзе", – пісаў юнак у сваім допісе.

"Не вытрымала вобшукаў, арыштаў і пазбаўлення волі"

Зусім нядаўна, дзесятага снежня, скончыла жыццё самагубствам пенсінерка з Пінскага раёна Святлана Круцікава. Па меркаванні знаёмых жанчыны, яна не вытрымала вобшукаў, арыштаў і пазбаўлення волі, праверак і рэгулярнага псіхалагічнага ціску з боку міліцыі.

“Немагчыма нават усвядоміць, праз што прымусілі прайсці чалавека, што вырашыўся на такі страшны крок – крок адчаю і незваротнасці... Рэжым знішчае людзей не толькі ў турмах. Ён руйнуе здароўе – як фізічнае, так і псіхічнае – цкаваннем, пагрозамі пераследу, бясконцымі маніпуляцыямі. У нейкі момант сэрцы нават загартаваных беларусаў не вытрымліваюць. Такія навіны выклікаюць жудасць і боль. Рэпрэсіі і войны здольныя выбіць глебу з-пад ног і давесці да роспачы самых светлых людзей”, – эмацыйна адрэагавала Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграме.

krucikava-3.jpg Святлана Круцікава. Фота з сацыяльных сетак

Сыйшоў з жыцця ў дзевятнаццаць гадоў

Былы палітвязень Кірыл Шчаглоў у лютым 2022 года быў асуджаны на паўтара года “хатняй хіміі” за “знявагу Лукашэнкі”. Кірыла Шчаглова прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК («Публічная знявага Лукашэнкі»). Пазней хлопца каралі яшчэ арыштам на тры месяцы. У лістападзе 2022 года Шчаглова дадалі ў так званы “экстрэмісцкі спіс”. Па вызваленні ён скончыў жыццё самагубствам, паведаміла праваабарончая ініцыятыва “Dissidentby”.

Паводле праваабаронцаў, гэта здарылася яшчэ ў лютым 2023 года. 

Правёў на “хіміі” ўсяго толькі адзін тыдзень

Пятага студзеня 2022 года 43-гадовы палітзняволены Дзмітрый Дудойць скокнуў з маста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння. Нагадаем, мужчына быў асуджаны да двух гадоў “хіміі” за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова. З 29 снежня 2021 года Дзмітрый адбываў тэрмін у ПУАТ № 43 у Магілёве. Ён правёў на “хіміі” ўсяго толькі адзін тыдзень.

dudoic.jpg
Дзмітрый Дудойць

Дзмітрый Дудойць — жыхар Смаргоні, 29 кастрычніка 2021 года асуджаны да двух гадоў “хіміі” за каментар пад пастом Вольгі Карач. Яго абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненай ў інфармацыі, якая размешчана ў сетцы Інтэрнэт (арт.369 КК РБ).

Спробы суіцыду – спосаб супрацьстаяць беззаконню?

У сакавіку 2023 года ў Наваполацкай калоніі здзейсніў спробу суіцыду палітзняволены Ігар Лосік. У ШІЗА ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Ігара паспелі выратаваць і адправілі ў медсанчастку.

Былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў напісаў пра гэты выпадак, што  што такімі крайнімі метадамі вязні звычайна карыстаюцца, каб хоць неяк спыніць ціск, пераслед з боку адміністрацыі:

 "Гэта крайне рэдкі выпадак, калі чалавек такім чынам хоча сапраўды сысці з жыцця. Звычайна гэта спроба супрацьстаяць беззаконню, спроба адвесці гэта ад сябе”.

"Пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэнне ў ШІЗА"

Некалькі разоў спробы суіцыду здзяйсняў палітвязень з Мінску Сцяпан Латыпаў. Так, напачатку чэрвеня 2021 года непасрэдна ў судовай залі ён

устаў на лаўку ў клетцы, каб не дацягнуліся канваіры, і ўставіў сабе ў горла прадмет, падобны да асадкі. Сцяпан пасінеў і лёг на лаву, выклікалі хуткую. Без прытомнасці лекары хуткай вынеслі Сцяпана з залі суда і звезлі ў лякарню. Пазней Латыпава прааперавалі, і пасля штучнай вентыляцыі лёгкіх суд працягнуўся.

У другі раз Латыпаў у ліпені 2022 года на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ, паведамлялася на яго Instagram-старонцы. Палітвязень пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэння палітвязняў у ШІЗА. 

Усе гэтыя выпадкі парыводзяць да таго, што зняволеных ставяць на ўлік, як схільных да суіцыду.

Як справіцца з глыбінёй адчаю ўнутры сябе?

Гештальт-тэрапеўтка Марына Качановіч распавядае пра прычыны суіцыдальных паводзінаў і заклікае ў такіх выпадках неадкладна звяртацца да псіхіятра:

"Часам людзям у складаным эмацыйным стане пачынае здавацца, што не жыць лягчэй, чым жыць. Яны не могуць самастойна справіцца са сваёй траўматызацыяй, з нагрузкай. Тады ў іх з’яўляецца адчуванне, быццам жыццё страціла каштоўнасць.

Гэты стан часта суправаджаецца глыбокай дэпрэсіяй: чалавека нічога не радуе, ён губляе надзею і не мае ніякіх пазітыўных думак пра будучыню, увесь час адчувае сябе ў эмацыйнай яме. 

Дэпрэсія — гэта недахоп сератаніну ў арганізме. Гэта вельмі цяжкі стан, у тым ліку і эмацыйны, які вымотвае, ён невыносны. Доўга ў ім знаходзіцца проста немагчыма.

Існуюць розныя формы суіцыдальных паводзінаў, самаразбуральных (рызыкоўных паводзінаў ці самапашкоджанняў), якія наступаюць тады, калі душэўны боль ужо страшнейшы за фізічны. Ён становіцца больш невыносным, чым нават фізічная смерць. Гэта такая глыбіня адчаю ўнутры чалавека, такі боль, які цяжка зразумець, калі сам не перажыў такое.

З’яўленне суіцыдальных думак азначае, што чалавек сапраўды знаходзіцца ў крайнім стане, а працэс, які прывёў да іх з’яўлення, запушчаны даўно. Калі нехта задумваецца пра самагубства, то лепш за ўсё адразу звярнуцца да псіхіятра за медыкаментознай падтрымкай".

Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед

"Вясна" ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах.

Крыніца: Самагубствы і спробы суіцыду: крайняя форма пратэсту супраць гвалту і беззаконня