10.01.2025 Тэгі: суды, палітвязні, рэпрэсіі Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск. А цяпер яго зноў будуць судзіць паводле арт. 411 КК. Суд распачнецца ўжо 15 студзеня. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Мікіта — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна г. Мінска да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Але Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіту да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У траўні 2021 года палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там адміністрацыя турмы ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Пры гэтым, у турме яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.

У сакавіку 2022 года на тэрыторыі Турмы № 4 Мікіце прызначылі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Хлопца адправілі адбываць тэрмін у ваўкавыскую калонію № 11, дзе яго працягнулі змяшчаць у ШІЗА. Праз год, у сакавіку 2023 года, У судзе Ваўкавыскага раёна суддзя Мікалай Сяргейка прыняў рашэнне аб пераводзе Мікіты на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў гродзенскуютурму № 1.

Палітвязня Мікіту Емяльянава асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі па 411 артыкуле

3 лютага хлопец абвясціў сухую галадоўку і трымаў яе 10 дзён. Праз дрэннае адчуванне ён пачаў піць ваду, а поўнасцю спыніў галадоўку праз 20 дзён - 23 лютага.

Цяпер хлопца зноў будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Суд у Ленінскім раёне Гродна распачнецца 15 студзеня. Справу будзе разглядаць суддзя Кірыл Ефімовіч. Палітвязню пагражае яшчэ два гады пазбаўлення волі.

Крыніца: Палітвязня Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні, зноў будуць судзіць