09.01.2025 Тэгі: крымінальны пераслед, аналітыка, рэпрэсіі На працягу апошняга месяца 2024 года фіксавалася тэндэнцыя інтэнсіўнай працы судовай сістэмы па вынясенні прысудаў грамадзянам, супраць якіх ужылі палітычна матываваныя крымінальныя рэпрэсіі. Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што за снежань паводле папярэдніх даных былі рэпрэсаваныя не менш за 188 чалавек, з якіх 141 мужчына, 47 – жанчын. Яшчэ сямёра чалавек былі асуджаныя ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці.
Мінск у снежні "адпрацоўвалі" найбольш актыўна
Рэгіянальная структура палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў снежні выглядала наступным чынам:
- Мінск – 101 чалавек;
- Брэсцкая вобласць – 41 чалавек;
- Гомельская вобласць – 12 чалавек;
- Гродзенская вобласць – 5 чалавек;
- Мінская вобласць – 13 чалавек;
- Магілёўская вобласць – 8 чалавек;
- Віцебская вобласць – 8 чалавек.
Тэндэнцыя асуджэння сем'яў захоўваецца
Пад палітычна матываваны крымінальны пераслед часцей за ўсё трапляюць цэлыя сем'і ці групы сваякоў, якія пераследуюцца пераважна паводле "народнага" 342 артыкула КК. З інтэрвалам у тры тыдні ў судзе Савецкага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Сцяпана і Аліны Манкевічаў. У судзе Заводскага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Андрэя і Вольгі Пяцюкевічаў. У судзе Першамайскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Сяргея і Алены Секрыяравых.
У судзе Баранавіцкага раёна ў межах вялікай групавой справы паводле падзеяў 2020 года слухалася справа ў дачыненні да Вадзіма і Алега Хільчукоў. У судзе Ленінскага раёна Брэста ў межах такой жа групавой справы слухалася справа ў дачыненні да Якава і Паўла Дзянейкаў. У судзе Дзяржынскага раёна слухалася справа ў дачыненні да Івана і Кацярыны Бывальцавых.
Практыка паўторнага і наступнага асуджэння
Супраць асуджаных паводле палітычных матываў ужываецца паўторнае і наступнае асуджэнне. Асуджаны паводле 342 артыкула ў студзені 2024 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Юрый Бялькевіч у снежні пераследваўся судом Партызанскага раёна Мінска паводле крымінальнага артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі.
Фігурант справы аб масавых беспарадках у Брэсце Дзмітрый Князеў, асуджаны ў чэрвені 2021 года, у снежні паўторна пераследваўся паводле 342 артыкула КК судом Савецкага раёна Мінска. Паўторны крымінальны пераслед зведаў яшчэ адзін фігурант справы аб масавых беспарадках у Брэсце – Дзмітрый Андрасюк. Будучы асуджаным у верасні 2021 года судом Ленінскага раёна Брэста, ён зноў пераследваўся паводле 342 артыкула гэтым жа судом у снежні.
Супраць асуджанага паводле артыкула аб абразе суддзі ў кастрычніку 2021 года судом Петрыкаўскага раёна Сяргея Язэпчука, у снежні распачалі крымінальны пераслед паводле таго ж самага артыкула.
Артыкул 411 КК – інструмент для працягвання рэпрэсій
Супраць ахвяраў палітычных рэпрэсій ужываюць адвольнае прадаўжэнне тэрміну турэмнага зняволення з дапамогай выкарыстання інструментара, прадугледжанага артыкулам 411 КК. Суд Шклоўскага раёна дадаў да тэрміну зняволення журналісту Ігару Карнею 8 месяцаў пазбаўлення волі.
Суд Барысаўскага раёна разглядаў справы паводле 411 артыкула ў дачыненні да Віктара Яроменкі і Елісея Кузняцова. Суд горада Жодзіна разглядаў справу паводле гэтага артыкула ў дачыненні да Аляксея Мельнікава.
Лістапад: рэкордная колькасць сем'яў, што трапілі пад крымінальны пераслед
Крыніца: Снежань: значны рост выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу