Пасля дапрацоўкі пратакола па ч.3 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь блогера Эдуарда Пальчыса, які 21 лютага збіраў подпісаў у падтрымку беларускай мовы, зноў судзяць.
4 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна справу актывіста разглядае суддзя А.Скуратовіч. Актывіст быў належным чынам паведамлен смс-абвесткай, таму справа разглядаецца без яго. Сведкам па справе выступае супроўнік міліцыі Аляксандр Куранкоў.
Назіральнікі Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” паведамляюць, што па справе супрацоўнік міліцыі сведчыць, што дакладна сказаць не можа, але група, якая займалася зборам подпісаў у падземным пераходзе на станцыі метро “Каменная Горка”, складалася з трох-чатырох чалавек. А.Куранкоў паведаміў, што Эдуард Пальчыс займаўся зборам подпісам з 18.00 да 20.00, але суддзя звярнула ўвагу на нестыкоўку па часе: ў рапарце з 13.00 да 20.00, а цяпер кажа пра іншы час. На што сведка адказаў, што ў рапарце пазначана неправільна.
Да матэрыялаў справы далучаны фотаздымкі, скрыншоты відэазапісаў, пратакол, рапарт, пастанова аб прызнанні відэазапісаў рэчдокамі. У зале суда праглядзелі відэазапісы, на якім відаць, што два чалавекі з тэчкамі проста стаяць пад паказальнікам на Каменнай горцы. Часам да іх падыходзіць людзі. На ўсіх відэа толькі два чалавекі збіраюць подпісы, хоць супрацоўнік міліцыі сведчыў наконт торох-чатырох чалавек. Суддзя запытала ў сведкі, што казаў Эдуард Пальчыс, але сведка не памятае.
Пры апытанні па тэлефоне Эдуард Пальчыс пацвердзіў, што збіраў подпісы. Рашэнне суда будзе абвешчана ў 16.30 гадзін.
Нагадаем, 13 сакавіка адбыўся судовы разгляд над Эдуардам Пальчысам. Суддзя Фрунзенскага раёна А. Скуратовіч адправіла справу на дапрацоўку, бо не ўгледзела ў дзеяннях Эдуарда Пальчыса склад адміністрацыйнага правапарушэння.