24.12.2024 Тэгі: выбары-2025 23 снежня пасля рэгістрацыі кандыдатаў Цэнтрвыбаркам вызначыў шляхам лёсавання даты і часу перадвыбарных выступленняў па ТБ і радыё. Што характэрна, Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарных выступленняў па тэлебачанні і радыё. Аднак, як адзначае праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка, гэта не новая практыка для Лукашэнкі: ён не адмовіўся ад выступу толькі ў 1994 годзе.

"Гэта не азначае, што кампанія Лукашэнкі была калісьці непрыкметная: напрыклад, у 2015 годзе ён таксама адмовіўся ад выступаў у перадвыбарнай гонцы і кампенсаваў гэта рэзкім уздымам асвятлення ў дзяржаўных медыя сваёй дзейнасці, у тым ліку "сустрэчамі з працоўнымі калектывамі", што трансляваліся па некалькі разоў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

У 2020-м ён таксама не выступіў з перадвыбарнай прамовай і не ўдзельнічаў у тэледэбатах – як пастановачных на дзяржТБ, так і тых, на якія яго запрасіла Святлана Ціханоўская. Тады Лукашэнка акрамя звычайнай дакучлівай прысутнасці на экранах "кампенсаваў" сабе перадвыбарчы выступ паўтарагадзінным прамым эфірам за пяць дзён да дня галасавання з "пасланнем прэзідэнта парламенту". У адрозненне ад невялікіх ролікаў у запісе іншых кандыдатаў (кандыдаты не могуць карыстацца ўласнымі знятымі выступамі і вымушаныя здавольвацца нізкаякаснай прадукцыяй дзяржаўнай тэлекампаніі), Лукашэнка атрымаў шоу на фоне відэашэрагу, праўда ў эстэтыцы позніх з'ездаў Камуністычнай партыі СССР, але для яго ўсё ж стараліся…

Такім чынам, падачка ў выглядзе адмовы ад дзясятка хвілін у запісе на тэлебачанні нічога не мяняе ў сітуацыі з правам выбіраць і быць абраным, асабліва калі твае апаненты ў турмах без сувязі са знешнім светам, а актыўная частка апазіцыі дэ-факта дэпартаваная за межы Беларусі і пазбаўленая магчымасці ўдзельнічаць у выбарах".

"На ход і вынікі выбараў уплывае ў першую чаргу сітуацыя з захаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў"

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў, што выступленні кандыдатаў па тэлебачанні будуць транслявацца 9 і 16 студзеня 2025 года. Па радыё выступленні кандыдатаў будуць транслявацца 8, 10, 15, 17 студзеня. Аднак, як адзначае праваабаронца, гэты этап выбарчай кампаніі (як, зрэшты, і іншыя), ніяк не ўплывае на ход і вынікі выбараў:

"У існуючых палітычных умовах зусім няважна, калі менавіта адбудзецца пераафармленне дыктатарскіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, працэсы выбарчай кампаніі рэжысуюцца органамі выканаўчай улады. Рэальная цікавасць да цяперашніх выбараў у грамадстве адсутнічае: не задумвацца ж сур'ёзна аб іх выніках? На ход і вынікі выбараў уплывае ў першую чаргу сітуацыя з захаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў, а Беларусь пагружаная ў глыбокі сістэмны крызіс правоў і свабод. Дарэчы, як раз у дэмакратычных дзяржавах, дзе з правамі і свабодамі значна лепш, выбары праходзяць у любы час года: напрыклад, у 2024 годзе ў канцы студзеня адбыліся прамыя ўсенародныя выбары прэзідэнта Фінляндыі, у 2023-м – прэзідэнтаў Чэхіі ды Славакіі".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: "Падачка Лукашэнкі ў выглядзе адмовы ад дзясятка хвілін на тэлебачанні нічога не мяняе"