23.12.2024 Тэгі: суды, вайна ва Украіне У Мінскім абласным судзе з 12 снежня судзяць двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — па абвінавачванні ў "замахе на акт тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". У прапагандысцім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, "якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ". Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.

vabiszhevich_1.png
Павел Вабішчэвіч падчас следчага эксперыменту. Скрыншот з фільма АНТ

Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку, як сцвярджалася ў прапагандысцкім фільме АНТ, затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня 2023 года на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява. Супраць іх адразу былі заведзены крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК (замах на здзяйсненне акта тэрарызму групай асоб) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Іх змясцілі ў СІЗА КДБ.

Да суда ім дадалі абвінавачванне яшчэ паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін). 

Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да двадцацці гадоў пазбаўлення волі.

vabiszevich_2.png
Павел Вабішчэвіч падчас следчага эксперыменту. Скрыншот з фільма АНТ

Прапагандысты распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня 2023 года на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы. 19 жніўня, як сцвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кілаграма трацілу і паражальны элемент) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне. А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кілаграма трацілу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў устанаўліваць яе на чыгунку пад Стоўбцамі. Вазіў яго на машыне, як сцвярджаецца ў фільмах, яго былы калега Андрэй Зіненка. Але, ці гэта ляжыць у аснове абвінавачвання і якая пазіцыя па справе затрыманых, невядома, бо суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Павел Вабішчэвіч у СІЗА КДБ
Павел Вабішчэвіч у СІЗА КДБ

Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ "праз тэматычную групу ў месенджары". Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.

40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які "працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак", падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на "высокім заробку" нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў. Зіненка на кадрах выглядае збітым. 

Андрэй Зіненка

Крыніца: Двух беларусаў судзяць за "акт тэрарызму" і "здраду дзяржаве" нібы за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі