19.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, ціск 26 верасня 2024 году суд Пінска і Пінскага раёну прызнаў палітзняволенага журналіста Яўгена Нікалаевіча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Медыя-Палессе».

Справу разгледзела суддзя Яўгенія Мельнік.

У 2020 годзе Яўген Нікалаевіч у якасці відэакарэспандэнта «Медыя-Палесся» асвятляў пратэсты ў Пінску супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Журналіст не прымаў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах: ён вёў фота– і відэаздымку па рэдакцыйным заданні. 10 жніўня 2020 года пры выкананні службовых абавязкаў Яўген Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. Пазней стала вядома, што яго спачатку адправілі ў СІЗА, а затым перавялі ў папраўчую калонію ў Івацэвічах. Калі журналіста вызвалілі, ён працягнуў сваю прафесійную дзейнасць на сайце. 30 жніўня 2020 Яўгена Нікалаевіча зноў затрымалі. Тады ён знаходзіўся воддаль плошчы, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, не паспеў нават дастаць тэхніку. Яўгена прысудзілі да адміністрацыйнага арышту, але прысуд быў апратэставаны і журналіст застаўся на волі.

У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча зноў выклікалі ў міліцыю Пінска па надуманай прычыне. Як ён пазней распавёў, пасля размовы са следчым, які не знайшоў дачынення журналіста да злачынства, яго затрымалі для адбыцця прызначанага раней адміністрацыйнага арышту.

Адбыўшы арышт, Яўген Нікалаевіч пакінуў Беларусь. Ён працаваў за мяжой у сферы, не звязанай з журналістыкай. У пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Невядома, калі менавіта гэта адбылося.

Імя Яўгена Нікалаевіча з'явілася ў спісе асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Крыніца: Асудзілі пінскага журналіста Яўгена Нікалаевіча, які вярнуўся ў Беларусь