10.12.2024 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, правы чалавека, рэпартаж Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год. Прэмія, заснаваная ў 208 годзе “Праваабарончым альянсам”, чацверты раз уручаецца не ў Беларусі, аднак цікавасць да яе ўзрастае з кожным годам. Сёлета для кожнай з чатырох намінацый была прапанаваная самая вялікая колькасць асобаў і ініцыятыў.
Нагадаем, што намінантаў прапануюць арганізацыі, якія далучыліся да Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі і чыя дзейнасць адпавядае вызначэнню паняцця “праваабаронца”, а таксама лаўрэаты Прэміі мінулых гадоў.
Напачатку ўганаравання пераможцаў, якое праходзіць у час наймацнешых рэпрэсій і пераследу грамадскага сектара ў Беларусі, кіраўнік BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак адзначыў вялікую важнасць нацыянальнай праваабарончай прэміі, якая ўручаецца ўжо шаснаццаты раз.
Па традыцыі, для уручэння прэмій былі прадстаўленыя чатыры намінацыі: “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года” і “Праваабарончая салідарнасць года”.
У намінацыі “Праваабронца года-2024” у кароткі спіс увайшлі:
Наста Базар – актывістка фемінісцкага руху, удзельніца Каардынацыйнай рады фем-групы, лектарка, ініцыятарка хэштэга #ХопіцьГвалціць;
Павел Левінаў – вядомы віцебскі праваабаронца, прыйшоў у БХК ў 2000 годзе, актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, аўтар больш за 160 індывідуальных паведамленняў, пададзеных у КПЧ ААН. Па прычыне пераследу з’ехаў за мяжу;
Таццяна Нядбай – актывістка, паэтка, перакладчыца. З 2017 па 2019 год узначальвала Беларускі ПЭН-цэнтр. Пасля яго ліквідацыі беларускімі ўладамі кіраўніца зарэгістраванай ў Польшы літаратурна-праваабарончай арганізацыі Беларускі ПЭН.
Пераможцу назвала лаўрэатка мінула году, адвакатка, якая абараняла палітвязняў Марфу Рабкову, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Дзядка, Наталля Мацкевіч.
Прэмію атрымала Наста Базар.
У намінацыі «Журналіст(ка) года-2024» былі вылучаныя:
Наста Бойка – галоўная рэдактарка "Медыязона Беларусь", якая раней супрацоўнічала з "Еўрарадыё" і Радыё Свабода. Піша на злабадзённыя і праваабарончыя тэмы, у тым ліку закранае тэму рэпрэсій ў Беларусі;
Дзіяна Пінчук – журналістка і актывістка Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Па прычыне пераследу сябраў “Вясны”, пакінула Беларусь увесну 2021 года. Аўтарка журналісцкіх праектаў на сайце. Журналісцкую працу сумяшчае з актывізмам, праводзіць праваабарончыя мерапрыемствы;
Фёдар Паўлючэнка – медыяменеджар і галоўны рэдактар рэсурса Reform.by.
Неспадзявана былі названыя два плаўрэаты. Імі сталі Фёдар Паўлючэнка і Дзіяна Пінчук, якая не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве.
Яе словы агучыла прадстаўніца “Вясны” і калега Наста Васільчук:
Дзякую праваабарончай супольнасці за высокую ацэнку маёй дзейнасці. Гэта вельмі вялікая і каштоўная падтрымка. У такія цёмныя часы складана заставацца адданай каштоўнасці правоў чалавека і працаваць з гэтай складанай тэмай, але па-іншаму немагчыма, калі ў турме ўся Беларусь. Але мара, надзея і наша карпатлівая праца зменяць гэта і прывядуць нашу краіну да свабоды, я перакананая ў гэтым.
Гэтак жа спадзяюся, што мой кейс зменіць практыку і ўспрыняцце spring96.org (http://spring96.org/) у беларускай праваабарончай супольнасці і медыя-сектары. Відавочна, што мы даўно перасталі быць прэс-службай арганізацыі, а перараслі ў паўнавартасны праваабарончы медыяпраект, прысвечаны рэпрэсіям у Беларусі. Невялікай камандай Інфармацыйнай службы "Вясны" мы штодзённа даносім праўду з дапамогай праваабарончай журналістыкі. Таму гэтая прэмія таксама ацэнка, у асноўным нябачнай, дзейнасці маіх калег і каляжанак з нашага аддзела, якія штодзённа робяць немагчымае, каб утрымліваць на парадку дня палітычны пераслед, катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Хачу падзякаваць сваім настаўнікам-калегам і каляжанкам, якія давалі ўпэўненасць і веру ў нашую агульную справу і працягваюць гэта рабіць нават з-за кратаў – Валянціну Стэфановічу, Уладзю Лабковічу, Алесю Бяляцкаму, Насты Лойцы. Таксама прысвячаю гэтую прэмію Марфе Рабковай і ўсім палітзняволеным Беларусі.
У намінацыі “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2024” былі названыя:
Дабрачынны фонд “BYSOL” – няўрадавая грамадская арганізацыя, якая аказвае дапамогу асобам, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю ў адстойванні правоў чалавека і абароне іх у Беларусі. Аказвае кансультацыйную і практычную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій;
Ініцыятыва “Палітвязынка” – праект, прысвечаны палітзняволеным беларускам. Актывісткі і валанцёры распавядаюць гісторыі, дзеляцца навінамі і партрэтамі жанчын, якія цяпер адбываюць пакаранне ў калоніях за грамадзянскую пазіцыю і актывізм;
Цэнтр Беларускай Салідарнасці – праваабарончая ініцыятыва, якая актыўна ўзаемадзейнічае з адміністрацыйнымі органамі і судамі для абароны правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі ў Польшчы, якую прадстаўляў яе кіраўнік Уладзімір Кобец.
Перамога засталася за дабрачынным фондам “BYSOL”, які прадстаўляла Ганна Дапшэвічуте. Яна паведаміла, што прэмія пойдзе на данаты і падтрымку дзецяй беларускіх дабраахвотнікаў.
У намінацыі “Праваабарончая салідарнасць года-2024”, былі намінаваныя:
Вольга Брыцікава – палітзняволеная лідарка незалежнага прафсаюза "Нафтана". 8 красавіка 2024 года была асуджаная на тры гады, а 20 жніўня Вользе дадалі яшчэ тры гады па новых артыкулах;
Максім Знак – адвакат, былы сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, сябра выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, палітзняволены. 6 верасня 2021 быў асуджаны да 10 гадоў зняволення.
Ігар Ільяш – журналіст-фрылансер. Быў затрыманы 22 кастрычніка меркавана за "інтэрв'ю рэсурсам, прызнаным экстрэмісцкімі фарміраваннямі на тэрыторыі Беларусі». Не з'ехаў з Беларусі па прычыне зняволення ягонай жонкі, журналісткі Кацярыны Бахвалавай. Прызнаны палітвязнем.
У намінацыі перамог Ігар Ільяш, якога прадстаўляў Андрэй Шарэнда. Прэмію за зняволенага журналіста атрымаў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Падводзячы вынікі ўганараванню Андрэй Стрыжак адзначыў, што ў гэтым годзе які ніколі раней было пададзена на намінаванне ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў. З’явіліся новыя імёны і ініцыятывы.
"Спадзяюся, што і яны ў наступныя гады будуць намінаваныя, трапяць у шорт-ліст, ці стануць пераможцамі прэміі. Апроч гэтага сёння мы заўважылі трансфармацыю нашага грамадскага поля, Сёння тройчы прагучала важнасць нейкіх карэнных зменаў у нашых структурах. Мы ўсе жывем і развіваемся, што дае спадзяванні на тое, што гэты імпэт, гэтыя намаганні будуць весці да ўмацавання нашай супольнасці і ўрэшце рэшт да жаданых пераменаў у Беларусі", – адзначыў ён.
Пятнаццатая праваабарончая прэмія: трэці год не ў Беларусі, частка пераможцаў – за кратамі
Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 г. – праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года - за ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека. Падрабязней пра Прэмію.
Крыніца: Нацыянальная праваабарончая: названыя лаўрэаты прэміі за 2024 год Фота