10.12.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
18-гадовую беларуску затрымалі за відэа ў TikTok пра міліцыянтаў
Праўладныя тэлеграм-каналы напісалі, што дзяўчына "праявіла "клопат" пра знаёмага супрацоўніка — словы не падбірая".
Яны таксама апублікавалі два скрыншоты з відэа беларускі — на адным "Сначала менты нам не кенты", на другім "Ничего необычного, просто кормлю мента у себя дома (чтоб не забрал в обезьянник)".
Паведамляецца, што на дзяўчыну складзены адміністрацыйны пратакол. Па якім артыкуле — невядома.
70-гадовага былога палітвязня зноў будуць судзіць за "распаўсюд экстрэмізму"
Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у "Аднакласніках".
Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла "абразлівымі". Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі. Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.
31 кастрычніка справу Патапава разглядалі ў судзе Віцебскага раёна — яго абвінавачвалі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
Як паведаміў "Витебск, я гуляю!", імя мужчыны зноў з'явілася ў раскладзе суда Віцебскага раёну — 12 снежня яго справу за "распаўсюд экстрэмізму" будзе разглядаць Таццяна Лабацкая.
Крыніца: Затрыманне за відэа ў TikTok і суд над экс-палітвязнем: хроніка пераследу 10 снежня