10.12.2024 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, ціск, правы чалавека, рэпрэсіі Сёння па ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. У гэты ж час у Беларусі не спыняюцца пастаянныя рэпрэсіі і парушэнні ўсіх правоў чалавека. Пад гэты канвеер трапляюць і тыя, хто абараняе людзей і каштоўнасці правоў чалавека. За кратамі застаюцца пяць праваабаронцаў "Вясны", не спыняюцца іншыя формы ціскаў на праваабарончы сектар: крыніцы арганізацый прызнаюцца "экстрэмісцкімі", на праваабаронцаў, якія працягваюць працу замяжой, таксама адбываецца ціск.
10 снежня, у Дзень правоў чалавека, распавядаем пра рэпрэсіі беларускай дзяржавы ў бок праваабаронцаў.
Прысуд вясноўцам
У сакавіку 2023 году вынеслі прысуд траім вясноўцам. За праваабарончую дзейнасць заснавальніку Праваабарончага цэнтра "Вясна" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў калоніі, намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі, праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў). Старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў).
Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса. Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі.
"Вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць"
Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:
"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.
У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".
"Мы паўтараем нашы заклікі вызваліць іх"
Пераслед валанцёрства
За год да гэтага, у верасні 2022 году, быў агучаны прысуд каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку. На той момант 27-гадовай Марфе прысудзілі 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў). 26-гадоваму Андрэю Чапюку — шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў).
Марфа ў апошнім слове: "Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі"
Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Падчас разгляду справы асудзілі адразу дзесяць палітвязняў.
Вядома, што Марфа ў СІЗА некалькі разоў перахварэла на COVID, гэта, у тым ліку, паўплывала і на запаленчыя працэсы. Так, дзяўчына даўно мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай. Акрамя гэтага, у Марфы даўно выявілі вадкасць у малым тазе, таму ёй трэба зрабіць гінекалагічную дыягностыку і прызначыць неабходнае лячэнне.
Праз чатыры гады пасля адвольнага затрымання Марфы Рабковай рэпрэсіі супраць вясноўцаў мусяць спыніцца
Справа “Гомельскай Вясны”
Яшчэ на год раней, вясной 2021 году, быў вынесены прысуд праваабаронцам “Гомельскай Вясны”. Суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК) і асудзіў Леаніда Судаленку на тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Таццяну Ласіцу — на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вясноўцы ўжо адбылі пакаранні і знаходзяцца на волі.
Вынесены прысуд "вясноўцам" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы: тры і два з паловай гады калоніі
Суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу вінаватымі.
Для валанцёркі Марыі Тарасенкі, якая праходзіла па гэтай жа крымінальнай справе і была пад падпіскай аб нявыездзе, бок дзяржабвінавачвання запрасіў два з паловай гады калоніі. Пасля гэтага Марыя была вымушаная з’ехаць з Беларусі.
Праваабаронца і валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка: "Я маю ўнікальную магчымасць падтрымліваць людзей"
Пераслед Насты Лойка
Наста Лойка — праваабаронца, была затрымана 28 кастрычніка 2022 года. Да гэтага яна адбывала 30 сутак паводле двух іншых адміністрацыйных арыштаў. Пасля затрымання з'явілася "пакаяльнае відэа", дзе Наста "прызнаецца" ў тым, што нібыта "атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый". Яна чатыры разы запар адбыла па 15 сутак, пасля чаго яе арыштавалі паводле крымінальнай справы. Праваабаронцы прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) за падрыхтоўку даклада "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.
Праваабаронцы Насце Лойцы прызначылі сем гадоў калоніі
Вясной 2024 г. ад крыніцы "Радыё Свабода" стала вядома, што Наста не задаволеная станам свайго здароўя, але "скардзіцца яна не мае звычкі". Яна працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.
Палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка стала "Выбітнай выпускніцай" ЕГУ
Рэпрэсіі ў бок Офіса па правах людзей з інваліднасцю
У пачатку 2021 году пасля ператрусаў былі затрыманыя прадстаўнікі Асветніцкай праваабарончай установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю", дырэктар Сяргей Драздоўскі https://prisoners.spring96.org/be/person/sjarhei-drazdouski і юрыст Алег Граблеўскі. "Офіс" на працягу дзесяці гадоў аказваў бязвыплатную прававую дапамогу, адвакатаваў змены заканадаўства, праводзіў асветніцкія мерапрыемствы па змене стаўлення да людзей з інваліднасцю. Па абвінавачванні ў махлярстве (артыкул 209 Крымінальнага кодэкса) праваабаронцу Сяргея, у якога першая група інваліднасці і ён перасоўваецца на інвалідным вазку, пасадзілі пад хатні арышт без права камунікацыі, а Алега змясцілі ў СІЗА №1 на Валадарскага.
"Фактычна яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН"
Што вядома пра справу "Офіса па правах людзей з інваліднасцю"?
31 ліпеня 2021 г. Сяргей Драздоўскі вызвалены з-пад хатняга арышту пад асабістае даручальніцтва. Цяпер знаходзіцца ў Германіі. У той жа дзень быў вызвалены і Алег Граблеўскі. Цяпер Офіс працягвае дзейнічаць з-за мяжы.
Паўгадавы адпачынак? Праваабаронца Сяргей Драздоўскі распавёў, як яму жылося пад хатнім арыштам
Амаль паўгода праваабаронца Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам.
“Экстрэмізм” за праваабарону
Цяпер у «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» 4733 чалавекі. Сярод іх таксама нямала і праваабаронцаў.
Апроч гэтага, у Беларусі цяпер 250 экстрэмісцкіх фармаванняў. Сярод іх – і праваабарончыя арганізацыі. Экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя “Міжнародны камітэт па раследаванні катаванняў”, праваабарончы цэнтр “Вясна”, улючаючы рэгіянальныя філіі, асобным экстрэмісцкім фармаваннем прызаная “Гомельская Вясна”. У гэты спіс таксама ўвайшлі БАЖ, “Экадом”, Беларускі незалежны прафсаюз РЭП. Адпаведна, “экстрэмісцкімі” прызнаюцца і сацсеткі арганізацый. За камунікацыю ці спажыванне інфармацыі “экстрэмісцкіх” арганізацый у Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасць.
"Вясну" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем": як цяпер супрацоўнічаць з намі?
Але апроч таго, часта крыніцы праваабарончых арганізацый прызнаюць “экстрэмісцкімі” матэрыяламі: у такім выпадку за спажыванне інфармацыі і падпіскі на такія рэсурсы можа наступіць адміністрацыйная адказнасць. Такімі “экстрэмісцкімі” матэрыяламі прызнаныя крыніцы БХК, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага, праваабарончага цэнтра “Вясна”, “Гомельскай Вясны”, “Гарадзенскай Вясны”, “Прававой ініцыятывы”.
"Канвеер несхаванай цэнзуры". Тлумачым, як у Беларусі прызнаюць матэрыялы "экстрэмісцкімі"
База вышуку
Галоўнымі формамі пераследу праваабаронцаў замяжой сталі суды ў межых спецвытворчасці і вышук праваабаронцаў. Так, за шэсць месяцаў ў расійскай базе вышуку аказаліся 773 грамадзян Беларусі — усяго ў ёй больш за 3 500 чалавек. У гэтым спісе — праваабаронцы Наталля Сацункевіч, Леанід Судаленка, Ігар Казмерчак, Марыя Тарасенка, Уладзімір Хільмановіч, Зміцер Салаўёў, Алена Маслюкова, Ірына Траццякова, Павел Левінаў, Сяржук Сыс.
Наталля Сацункевіч, праваабаронца “Вясны”, так адрэагавала на гэтую навіну:
“Я ўспрымаю крыміналку як натуральныя наступствы публічнай праваабарончай дзейнасці ў Беларусі зараз. Такая сітуацыя. Нагадваю сабе, што калегі і сябры за кратамі, а я толькі ў вышуку.
У мяне ёсьць бясплатная парада для праваахоўных органаў Расіі: абвесціць у вышук сапраўдных злачынцаў. Тых, хто катаваў людзей у Беларусі ў жніўні 2020-га і зараз. І тых, хто здзейсняе ваенныя злачынствы на вайне ва Украіне".
Беларускіх праваабаронцаў дадалі ў базу вышуку ў Расіі
“Гэта чарговы маразм, які дэманструюць мала таго што ўлады Беларусі, так за імі яшчэ пацягнуліся ўлады Расіі. Гэта такое спалучэнне дзвюх дыктатур, якія аб’ядналіся ў пераследзе актыўных людзей. Людзей, якія выступаюць супраць гэтых дыктатур, супраць вайны. І таму ім зручна разам ажыццяўляць пераслед сумленных людзей", — казала прааваабаронца, актывістка, валанцёрка Марыя Тарасенка.
Праваабаронца Сяржук Сыс — пра вышук у Расіі: "Некаторыя краіны СНД цяпер лепей не наведваць"
Вясновец распавёў, як паставіўся да навіны пра ўключэнне яго ў расійскую базу вышуку.
Завочныя суды і крымінальныя справы
На праваабаронцаў у Беларусі заведзеныя крымінальныя справы ў межах спецвытворчасці. Над некаторымі з іх ужо адбыліся суды. У межах вясноўскай справы праваабаронца Зміцер Салаўеў асуджаны на восем гадоў калоніі завочна.
У Гомельскім абласным судзе 15 кастрычніка 2024 году завочна агучылі прысуд праваабаронцы "Вясны" Аленай Маслюковай – тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ёй інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы. Справу разглядаў Сяргей Багінскі. Працэс цягнуўся з 30 верасня ў закрытым рэжыме.
Праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову завочна асудзілі да трох гадоў калоніі
На журналіста і правааабаронцу Уладзіміра Хільмановіча заведзеная крымінальная справа "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Яму інкрымінуюць ч.1 і ч.2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Уладзімір ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. У кватэры па месцы яго прапіскі, паводле пастановы накладання следчымі органамі арышту на маёмасць, была апісаная мэбля і старая лядоўня.
А 1 снежня ў кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён пражываў з 2014-га па 2021 год, быў праведзены ператрус. У выніку яго забраныя працэсар кампутара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, шматлікія газеты. Таксама была апісаная ўся бытавая тэхніка.
«Сядзець будзеш доўга, матэрыялаў у нас на цябе — на пяць гадоў»: праваабаронца «Вясны» Алесь Капуцкі расказаў пра сваё зняволенне
Крыніца: Суды, базы вышуку, спецвытворчасць. Як у Беларусі пераследуюць праваабаронцаў?