06.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, аналітыка Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.
З другога па шостага снежня ў беларускіх судах разглядалі 66 крымінальных палітычных справаў, у межах якіх судзілі 70 чалавек. Мінімум дзесяць судовых працэсаў праходзіла ў закрытым рэжыме. У палітычных судах у згаданы перыяд прымалі ўдзел мінімум54 суддзі. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. Па ім судзілі 24 чалавекі. За "здраду дзяржаве" на гэтым тыдні судзілі мінімум пяць чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 43 чалавекі.
Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за гэты тыдзень.
Мінімум 24 чалавекі судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
На гэтым тыдні некалькі сем'яў судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту
Судовы працэс паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) супраць Івана і Кацярыну Бывальцавых прайшоў у судзе Дзяржынскага раёна 3 снежня. Справу разглядала суддзя Надзея Жукоўская.
У судзе Першамайскага раёна 5 снежня разглядалі крымінальную справу супраць Сяргея і Алены Серкіяравых паводле ч. 1 арт. 342 КК. Працэс вяла суддзя Наталля Дзядкова.
Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах 2 снежня пачалі судзіць за жаданне ваяваць за Украіну
Міхаілу Галінскаму 59 гадоў. Ён адзін з самых вядомых трэнераў па кітайскіх адзінаборствах. Ягоныя выхаванцы выйгравалі міжнародныя спаборніцтвы па ўшу, а ягоная школа вядомая ў Беларусі і за яе межамі па выніках спаборніцтваў.
Міхаіла затрымалі ў чэрвені. Спачатку яго судзілі па адміністратыўнай справе — за "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі". Суд па "крыміналцы" над Міхаілам пачаўся 2 снежня. Яго абвінавачваюць у "спробе ўдзелу ў вайне" (ч. 1 арт. 361-3 КК). Справу разглядае суддзя Вера Галаўкова.
Віцебскага актывіста Аляксея Саламаненку судзяць за данаты
У Віцебскім абласным судзе другога снежня пачалі разгляд справы ў дачыненні да Аляксея Саламаненкі. Яму інкрымінаваны арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу прызначана разглядаць Галіна Бондал.
У 2020-ым годзе Аляксея некалькі разоў судзілі паводле адміністрацыйных спраў — адзін з судоў быў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага.
Да калоніі і буйных штрафаў асудзілі прадстаўнікоў мінскага стартап-хаба "Імагуру"
У Мінскім гарадскім судзе другога снежня вынеслі прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба "Імагуру". Суд над імі распачаўся другога верасня і цягнуўся амаль тры месяцы. Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна. Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года.
Таццяну Марыніч завочна асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў. Анастасію Хамянкову завочна асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў.
Яўген Пугач асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў).
У Рэчыцы судзяць работніка "Беларуснафты" па "лічбавым" артыкуле
У судзе Рэчыцкага раёна 5 снежня пачалі судзіць Максіма Пінчука паводле ч. 1, 2 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных) і ч. 1 арт. 350 КК (знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі). Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка.
У чым канкрэтна абвінавачваюць Максіма, невядома. Сёлета вясною па арт. 350 КК асудзілі на тры гады калоніі работніка "Гомельскага завода пускавых рухавікоў" Івана Памесячнага, які ў адзіночку спыніў цэх свайго завода.
Максім Пінчук працуе ў вытворчым аб'яднанні "Беларуснафта" ў арганізацыі "Сувязьінфармсэрвіс". Мужчына жанаты і мае непоўнагадовае дзіця.
Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію
З другога па шостага снежня адбылося 17 судовых працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах.
За "здраду дзяржаве" за гэты тыдзень судзілі пяць чалавек
У Гомельскім абласным судзе другога снежня вынеслі прысуд грамадзяніну Украіны Вячаславу Бародзію, а таксама беларусам Мікалаю Ласоўскаму і Валянціне Полаз. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў усіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыў Бародзію і Ласоўскаму па 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, па Полаз — 9 гадоў калоніі. Таксама кожнаму фігуранту прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў.
Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядома з прапагандысцкага фільма год таму, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу. Агулам трох чалавек абвінавацілі адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку “здрада дзяржаве” і “агентурная дзейнасць”.
Суд ў закрытым рэжыме праходзіў з 15 кастрычніка. Усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай.
Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў
Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. На гэтым тыдні ў Беларусі судзілі 11 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367КК). Па ім судзілі восем чалавек. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі пяць чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 13 чалавек (арт. 130 КК). За “абразу суддзі” (арт. 391 КК) і “дыскрэдытацыю Беларусі” (391-1 КК) агулам судзілі сем чалавек.
Майстра ААТ "Гроднажылбуд" асудзілі на 4 гады калоніі за каментары пра сілавікоў і ўдзел у пратэстах
Гродзенскі абласны суд у будынку суда Кастрычніцкага раёна Гродна 22 лістапада разглядзеў крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Голуба паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызначыў палітвязню чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
На абвяшчэнне прысуду ў судовую залу прывялі студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Пасля студэнтам правялі лекцыю "на тэму экстрэмізму".
У Мінску судзяць жанчыну затрыманую за тэлеграм-чат "Здравый смысл на Алибегова"
У Мінскім гарадскім судзе другога снежня судзілі Марыну Мышко. Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Справу разглядае Міхаіл Макарэвіч.
Меркавана, Марыну затрымалі ў лютым 2024 года падчас рэйда за тэлеграм-чат "Здравый смысл на Алибегова", калі прызналі яго «экстрэмісцкім фармаваннем». Агулам у рашэнні КДБ прапісана 19 удзельнікаў і ўдзельніц чата, сярод ярод якіх — Марына Мышко.
У Магілёве распачаўся чарговы завочны суд, але ў закрытым рэжыме
У Магілёўскім абласным судзе 2 снежня распачаўся суд над 42-гадовым Уладзімірам Раманенкам. Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядае Ігар Зямцоў. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Крымінальную справу ў парадку спецвытворчасці супраць мужчыны ўзбудзілі ў чэрвені гэтага года.
Жыхара Краснаполля асудзілі на год калоніі за выказванне пра Лукашэнку
Жыхара Краснаполля Аляксандра Кірэева асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за крытыку Лукашэнкі пры сілавіках (арт. 368 КК). Такі прысуд вынес суд Краснапольскага раёна другога кастрычніка. Справу разглядала суддзя Яўгенія Краўцова.
Падставай для крымінальнай справы стала тое, што Кірэеў у чэрвені ў прысутнасці супрацоўнікаў Краснапольскага РАУС і аддзела прымусовага выканання Краснапольскага раёна, выказаў негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Паводле версіі абвінавачання, пры гэтым ён выкарыстаў ненарматыўную лексіку.
У Гродне судзяць індывідуальнага прадпрымальніка
У Гродзенскім абласным судзе другога снежня пачалі судзіць Андрэя Слізевіча — індывідуальнага прадпрымальніка. Паводле версіі абвінавачання, ён нібыта пакідаў негатыўныя каментары пра Расею пасля тэракту ў "Крокус Холе" і заклікаў бамбіць расейскія гарады.
Суддзя Віталь Кулеш разглядае справу ў дачыненні да мужчыны паводле трох артыкулаў: арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу.
Андрэя затрымалі ў сакавіку. Праўладныя каналы публікавалі з ім "пакаяльнае" відэа.
21-гадовую дзяўчыну з Баранавічаў судзяць па чатырох палітычных артыкулах
Ганну пачалі судзіць 27 лістапада ў Брэсцкім абласным судзе. Чарговае судовае пасяджэнне над ёй адбылося чацвёртага снежня Ганну абвінавачваюць у "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК), "дыскрэдытацыі Беларусі" (арт. 369-1 КК), "абразе Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "здзеку з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК). Крымінальную справу разглядае Мікалай Сянько.
Ганна Курыс родам з Баранавічаў. Там скончыла школу, а пасля паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць "выкладанне сучасных замежных моваў", паведамляла "Наша Ніва".
Вядома, што ў ліпені 2023 года дзяўчыну саджалі на суткі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".