06.12.2024 Тэгі: грамадства, карткі, выбары-2025 Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. За месяц да гэтага — да 26 снежня 2024 года — утвараюць участковыя выбарчыя камісіі (УВК) — да 20 снежня 2024 года вылучаюць прадстаўнікоў і прадстаўніц у іх склады. Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі сфармаваныя да 6 лістапада 2024 года.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, чым важны этап утварэння выбарчых камісій, якія патрабаванні высоўваюць міжнародныя стандарты і якія праблемы існуюць у Беларусі на гэтым этапе.
Чым займаюцца выбарчыя камісіі?Выбарчыя камісіі займаюць галоўную ролю ў правядзенні выбараў і забяспечваюць легітымнасць вынікаў выбараў. Яны займаюцца падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, якая, у тым ліку, уключае: складанне спісаў выбаршчыкаў, рэгістрацыю кандыдатаў, падлік галасоў і апублікаванне вынікаў галасавання. Паводле міжнародных стандартаў, на выбарчыя органы ўскладаюцца абавязкі па забеспячэнні выбараў справядлівымі, бесстароннімі і законнымі. Гэтыя органы павінны быць адкрытымі, празрыстымі і максімальна арыентаванымі на правядзенне кансультацый у ходзе прыняцця сваіх рашэнняў і прадастаўляць доступ да адпаведнай інфармацыі ўсім зацікаўленым бакам (п. 45, Кіруючыя прынцыпы для дзяржаў па эфектыўным ажыццяўленні права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў). |
Чым важны этап утварэння ўчастковых камісій?Утварэнне выбарчых камісій у цэлым важны этап электаральнай кампаніі. Менавіта ў гэты час фармуюцца органы, ад якіх шмат у чым залежыць справядлівасць і сумленнасць выбараў. Неправамоцны склад, сфармаваны па непразрыстай працэдуры без удзелу ўсіх зацікаўленых актараў, можа знізіць давер выбаршчыкаў і кандыдатаў да выбараў яшчэ да дня галасавання. |
Якія патрабаванні вылучаюцца да выбарчых камісій у цэлым?Камісіі, здольныя арганізаваць сумленныя выбары, вартыя даверу з боку ўсіх удзельнікаў электаральнага працэсу і грамадства ў цэлым, павінны быць незалежнымі — гэта ключавое патрабаванне, якое сустракаецца ў міжнародных стандартах. Акрамя таго, камісіі павінны быць бесстароннімі, гэта значыць яны не мусяць быць прадузятымі і не павінны дзейнічаць у інтарэсах якога-небудзь боку. Незалежныя камісіі павінны фармавацца паводле празрыстай працэдуры з выразнымі крытэрамі адбору кандыдатаў. |
Хто павінен уваходзіць у склад камісій, згодна з міжнародным стандартам?Вызначаць, з якіх інстытутаў і асоб павінны фармавацца выбарчыя камісіі, неабходна, беручы пад увагу грамадска-палітычную сітуацыю кожнай асобнай дзяржавы. Тым не менш Венецыянская камісія і АБСЕ рэкамендуюць рэзерваваць у складзе камісій месцы для прадстаўнікоў палітычных партый — пры роўным іх прадстаўніцтве (зыходзячы з таго, што палітычнае супрацьстаянне партый стварае натуральны механізм кантролю, калі розныя чальцы камісій уважліва назіраюць адно за адным, імкнучыся не дапусціць парушэнняў). Рэкамендуецца таксама ўключаць у склад камісій не ангажаваных палітычна прафесіяналаў з арганізацый, якія ўспрымаюцца ў канкрэтным грамадстве як незалежныя і непрадузятыя. У любым выпадку, ключавая мэта — фармаванне складу, якому народ можа даверыць арганізацыю выбараў. Неабходна пазбягаць канфлікту інтарэсаў у чальцоў камісій (паміж выкананнем патрабаванняў выбарчага заканадаўства і захаваннем свайго працоўнага месца, да прыкладу). |
Як у Беларусі рэгулюецца ўтварэнне выбарчых камісій?Працэдура фармавання ўчастковых (ды іншых) выбарчых камісій у Беларусі пазбаўленая выразнага заканадаўчага рэгулявання. Яно дазваляе зразумець, якімі крытэрамі органы, што ўтвараюць камісіі, павінны кіравацца ў выбары — і, такім чынам, як можна эфектыўна абскардзіць рашэнне аб адмове ва ўключэнні ў склад камісіі. Вынікаючую з гэтага праблему адвольнага фармавання камісій адзначалі і міжнародныя, і нацыянальныя назіральнікі. Тым не менш, апошняя змена Выбарчага кодэкса не вырашыла, але толькі пагоршыла яе: непублічныя спісы сябраў камісій не дадаюць гэтым органам даверу з боку грамадства. |
Якія праблемы на дадзеным этапе ўжо існуюць?Адсутнасць дакладных крытэрыяў для прыняцця рашэння і агульная непразрыстасць працэсу асабліва небяспечныя ў сувязі з тым, што фармаванне ўчастковых камісій ускладзена на выканкамы і мясцовыя адміністрацыі (арт. 34 Выбарчага кодэкса). Гэтыя органы ўбудаваныя ў вертыкаль выканаўчай улады, у якой выканкамы кожнага ўзроўню падсправаздачныя і падкантрольныя прэзідэнту (арт. 38 Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь). Іх старшыні прызначаюцца на пасаду прэзідэнтам або па ўзгадненні з ім (або старшынём выканкама вышэйшага ўзроўню, кандыдатура якога ўзгоднена з прэзідэнтам) (артыкул 2 Палажэння аб парадку прызначэння на пасады і вызвалення ад пасад кіраўнікоў і іншых членаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў). Такая сістэма канцэнтрацыі рычагоў кіравання і рэсурсаў у вертыкалі выканкамаў у адсутнасць іншых эфектыўных стрымліваючых механізмаў дазваляе выканаўчай уладзе ажыццяўляць фактычна выключны кантроль за выбарамі. |
А што з партыйным прадстаўніцтвам у камісіях?Беларускае заканадаўства ўтрымлівае патрабаванне фармаваць не менш за траціну камісій з "прадстаўнікоў палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў" (арт. 34 ВК). Аднак, як паказвае практыка, гэтая норма неэфектыўная: яна не можа дазволіць традыцыйную для нашай сістэмы праблему дыскрымінацыйнага падыходу да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: іх прадстаўніцтва ва УВК у кампаніях 2015, 2016, 2018, 2019, 2020 гадоў складала долі працэнта (у 2020-м годзе прадстаўнікі апазіцыйных партый прайшлі толькі ў шэсць з 5 723 камісій), а працэнт "праходнасці" (суадносіны колькасці вылучаных і колькасці ўключаных у склад камісіі) вагаецца ад 1 да 11% у 2018 годзе. У новай версіі кодэкса адсутнічае і высунутая яшчэ ў 2017 годзе прапанова кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заканадаўча замацаваць права кожнай палітычнай партыі пасля абвяшчэння аб пачатку выбарчай кампаніі дэлегаваць свайго прадстаўніка з правам вырашальнага голасу ў склад выбарчых камісій любога ўзроўню. Гэта дазволіла б павысіць узровень даверу грамадства да сфармаваных камісіяў. У 2024 і 2025 гадах працэнт прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе камісій любога ўзроўню раўняецца нулю з прычыны зачысткі напярэдадні чарговых выбараў* палітычнага поля краіны, і адсутнасці ў ім партый з альтэрнатыўнай позвай, якія маглі б вылучыць сваіх прадстаўнікоў. Акрамя таго, нягледзячы на забарону на ўключэнне ў камісіі суддзяў, пракурораў, кіраўнікоў выканаўчых і распарадчых органаў, фармаваныя склады не застрахаваныя ад канфлікту інтарэсаў, у тым ліку праз магчымасць выкарыстання адміністрацыйнага ціску. Назіральнікі неаднаразова адзначалі "вытворчы" прынцып фармавання беларускіх УВК (калі ў камісію ўключаныя працаўнікі аднаго прадпрыемства або арганізацыі, пры гэтым кіраўнікі прадпрыемстваў/арганізацый часцяком з'яўляюцца старшынямі камісій). |
Ці абароненыя чальцы камісій ад адвольнага выключэння?Важна адзначыць, што органы і інстытуты, якія ўтвараюць камісіі, не павінны мець празмерна шырокія паўнамоцтвы, якія дазваляюць спыняць паўнамоцтвы чальцоў камісіі ў адвольным парадку. "Адвольны" парадак мае на ўвазе прыняцце рашэння па непразрыстай працэдуры на падставе размытых крытэраў. Так, Венецыянская камісія адзначае, што абстрактныя фармулёўкі накшталт "дзеянні, якія дыскрэдытуюць камісію" не з'яўляюцца дастатковай падставай. Гэты аспект міжнародных стандартаў закліканы забяспечыць стабільнасць і прадказальнасць у складзе камісій, прыбраць рычагі ціску выканаўчай улады або іншых утваральных камісіі органаў на сябраў камісій, якія могуць "пайсці супраць лініі партыі". Артыкул 36 Выбарчага кодэкса прадугледжвае магчымасць спынення паўнамоцтваў чальца камісіі органамі, якія яе ўтварылі, у выпадках парушэння патрабаванняў Выбарчага кодэкса або "сістэматычным невыкананні ім сваіх абавязкаў".
|
Якія высновы пра гэты этап ужо можна зрабіць цяпер?
|