06.12.2024Андрэй Навіцкі. Скрын з ютуб-канала мужчыны "Шляхам ісціны" З красавіка 2024 году сваякі не маюць аніякай сувязі з палітвязнем Андрэем Навіцкім, які быў асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Андрэя затрымалі чэрвені 2021 году, і з таго часу сувязь з ім была нерэгулярная. Часам сваякі атрымлівалі ад яго лісты, таксама ён перыядычна тэлефанаваў. Вядома, што амаль увесь час ён знаходзіўся ў ШІЗА. Сувязь з ім знікла ў красавіку 2024 году, падчас апошняй размовы са сваякамі ён пераймаўся за сваё жыццё. Паводле звестак былых зняволеных калоніі, у Андрэя «усё дрэнна»: яны параілі родным пісаць скаргі.

Сваякі палітвязня звярнуліся да адміністрацыі ПК № 20, дзе Навіцкі адбывае тэрмін. На іх запыт да адміністрацыі калоніі прыйшла адпіска. Паводле яе, Андрэю паведамілі пра просьбу родных, але ён нібыта сам адмовіў, каб сваякам давалі інфармацыю, і сказаў, што сам усё раскажа «праз перапіску». Аднак паўгода ён фактычна знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада і лістоў ад яго няма.

"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека"

Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.

Вядома, што ў калоніі ў Андрэя пагоршыўся стан здароўя, ён мае вялікія праблемы з зубамі.

Нагадаем, жыхара Мінска Андрэя Навіцкага прызналі вінаватым у тым, што 27 верасня 2020 года ён прыняў удзел у мірным сходзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Таксама яго судзілі паводле арт. 368 (Абраза прэзідэнта), арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Першапачаткова яго асудзілі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пасля гэтага яму дадалі яшчэ чатыры месяцы зняволення паводле арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) Крымінальнага кодэкса і змянілі рэжым утрымання на строгі. Пасля сваякам стала вядома, што тэрмін павялічыўся да сямі гадоў пазбаўлення волі, але падрабязнасці невядомыя. Ён мусіць выйсці ў лютым 2027 году.

Крыніца: Больш за паўгода сваякі не маюць сувязі з палітвязнем Андрэем Навіцкім