06.12.2024 Тэгі: грамадства, правы чалавека, ОБСЕ, карткі, выбары-2025 Назіранне за выбарамі — гэта ключ да забеспячэння празрыстасці і сумленнасці выбарчага працэсу. Ён дазваляе кантраляваць усе этапы выбараў, ад перадвыбарчай кампаніі да падліку галасоў, і гарантуе, што працэс праходзіць празрыста. Аднак у Беларусі з 2020 года незалежнае назіранне стала практычна немагчымым. Назіральнікі АБСЕ былі выключаныя, а мясцовыя незалежныя арганізацыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і крымінальным пераследам. Гэта робіць немагчымым аб'ектыўную ацэнку сумленнасці выбараў і падрывае давер да выбарчага працэсу.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае ўсё, што трэба ведаць пра незалежнае назіранне.
Што такое назіранне за выбарамі?Назіранне за выбарамі — гэта дзейнасць па адсочванню і ацэнцы таго, як арганізуюцца і праводзяцца выбары, уключаючы непасрэдны кантроль за падлікам галасоў. У выніку гэта дазваляе паказаць выяўленыя падчас выбараў праблемы і заклікаць улады да іх рашэння да пачатку наступнай выбарчай кампаніі. Гэта магчымасць адсачыць, як ладзяцца гэтыя выбары ад пачатку да канца. Назіральнікі дапамагаюць сабраць доказы парушэння ці фальсіфікацый выбарчых працэсаў. Выбары з'яўляюцца найважнейшым элементам дэмакратыі, але ў той жа час выбарчыя правы і свабоды з'яўляюцца аднымі з найбольш уразлівых, таму грамадскі кантроль адыгрывае ключавую ролю ў правядзенні свабодных дэмакратычных выбараў. Часам назіранню за выбарамі аўтаматычна прыпісваееца рыса непрадузятасці (менавіта так адкажа ChatGPT, напрыклад), але насамрэч назіранне за выбарамі можа быць вельмі розным. Актыўнымі актарамі назірання за выбарамі часта становяцца палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у электаральнай гонцы, і ў такім выпадку непрадузятасць можа быць пад пытаннем. Гэта не з'яўляецца нейкай негатыўнай характарыстыкай партыйных назіральнікаў, проста мэты партыйнага назірання могуць адрознівацца ад мэт незалежных назіральнікаў. Непрадузятасць, разам з незалежнасцю, транспарэнтнасцю і адпавяданне назіральнікаў пэўным стандартам – гэта асноўныя прынцыпы незалежных назіральнікаў. Да іх звычайна адносяць міжнародныя місіі ад АБСЕ і ААН. Але незалежнымі могуць быць і мясцовыя назіральнікі, калі яны адпавядаюць тым жа стандартам. |
Што будзе без незалежнага назірання?**Парушэнні застаюцца не бачнымі** Магчымасці назірання “на зямлі” — гэта дасяжнасць да шмат якіх нюансаў, які могуць быць нябачнымі пры дыстанцыйным маніторынгу выбараў. Калі няма назіральнікаў, выпадкі махлярства і неправамерных дзеянняў застаюцца незафіксаванымі. Грамадскасць не можа пераканацца ў сумленнасці выбараў, што непазбежна падрывае давер да выбарчага працэсу. **Выбарчыя правы застаюцца не абароненымі** Назіральнікі могуць выяўляць і дакументаваць парушэнні выбарчых правоў і іншых правоў чалавека ў рэжыме рэальнага часу, што абцяжарвае ўладам утойванне злоўжыванняў. У выпадку парушэнняў, такіх як адмова ў галасаванні, фальсіфікацыі ці іншыя маніпуляцыі, адсутнасць назіральнікаў робіць немагчымым іх своечасовае выяўленне і выпраўленне. Гэта азначае, што людзі губляюць магчымасць абараніць свае выбарчыя правы, і ўся выбарчая сістэма становіцца ўразлівай для маніпуляцый. **Цікаўнасці да выбараў становіцца менш** Калі мы можам паназіраць за выбарамі, мы бачым, наколькі гэта важны працэс. Назіральнікі бачаць, як праходзіць галасаванне, што падвышае іх цікавасць да палітыкі і матывуе іх самім удзельнічаць у выбарах. Калі такой магчымасці няма, людзі страчваюць цікавасць і да працэса агулам: менш сочаць, што дабываецца падчас выбарчай кампаніі, маюць менш матываці прыйсці прагаласаваць. **Міжнародная ізаляцыя** Назіранне за выбарамі забяспечвае захаванне міжнародных дэмакратычных нормаў, у тым ліку ўстаноўленых АБСЕ. Без гэтага немагчыма праверыць, ці адпавядаюць выбары гэтым агульна прынятым дэмакратычным стандартам. Так, АБСЕ, ААН і шэраг найбольш прасунутых дэмакратычных краін амаль кожны год не прызнае выбары ў нейкай меньш дэмакратычнай краіне свабоднымі і сумленнымі. І можна сказаць, што да нейкіх сур’ёзных наступстваў гэта не вядзе. Але гэта паступова стварае дыстанцыю з краінай, дзе выбары не адбыліся згодна з міжнароднымі стандартамі. Такая дыстанцыя можа кумулятыўна ўсё ж прывесці да нейкіх адчувальных наступстваў, у форме скарачэння падтрымкі ці нават санкцый. |
Ці ёсць сэнс ў назіральніках ад праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў?На выбарчых кампаніях у Беларусі звычайна на ўчасткі актыўна выстаўляюцца назіральнікі ад прадзяржаўных палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў. Прысутнасць розных назіральнікаў на выбарах забяспечвае прадстаўленне розных пунктаў гледжання, аднак важна адрозніваць такое назіранне ад незалежнага. Незалежныя назіральнікі, якія не звязаныя з якой-небудзь канкрэтнай палітычнай групай ці цікавасцю, могуць быць больш аб'ектыўнымі і нейтральнымі ў сваіх ацэнках. Яны часта даюць дадатковы ўзровень даверу грамадству ў дачыненні да сумленнасці выбараў, паколькі іх цікаўнасць — гэта забеспячэнне законнасці і празрыстасці працэсу, а не абарона пэўных палітычных інтарэсаў. З'ява праўладных назіральнікаў ад псеўдаграмадскіх аб’яднанняў, як БРСМ ці "Белая Русь", характэрна для недэмакратычных рэжымаў, якія спрабуюць стварыць бачнасць дэмакратычнасці і легітымнасці таго, што адбываецца падчас выбарчай кампаніі. Варта адзначыць, што аніводнага разу гэтыя псеўданазіральнікі не выдавалі справаздач паводле свайго "назірання". Але яны былі адзначаны ў правакацыях у адносінах да незалежных назіральнікаў і назіральнікаў ад апазіцыйных суб'ектаў: даносілі ці паклёпнічалі на іх з мэтай выдалення з участку. Прысутнасць такіх назіральнікаў можа мець мэту паляпшэння свайго іміджу ў міжнародных адносінах і перакананні грамадскасці ў тым, што працэсы выбараў праходзяць з захаваннем дэмакратычных стандартаў. Акрамя таго, задачай такіх назіральнікаў можа быць стварэнне ілюзіі таго, што падчас выбарчай кампаніі былі дадзены ўсе магчымасці для ўдзелу розных груп у палітычным жыцці. |
Больш падрабязна пра роль нацыянальных назіральнікаў можна знайсці ў Кіраўніцтве па назіранню за выбарамі АБСЕ.