05.12.2024 Тэгі: выбары-2025 Завяршаецца этап электаральнай кампаніі па збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах*. Манітор кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавёў, як праходзіў гэты этап у Маладзечне, Вілейцы, Валожыне і Мядзелі.
"Паўночна-заходні рэгіён краіны ў гэтым этапе наўрадці вылучаецца з усіх астатніх рэгіёнаў нейкімі сваімі асаблівасцямі. І ў самім Маладзечне, і ў Вілейцы, і ў Мядзелі, і ў Валожыне усё праходзіць ціха і непрыкметна для старонняга назіральніка. Чалавек, які прыехаў з-за мяжы, наўрадці і зразумее, што ў краіне праходзіць нейкая выбарчая кампанія, ды яшчэ такога высокага ўзроўню", — кажа манітор кампаніі.
Тым не менш, па звестках манітора, у дзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях праходзяць сходы працоўных калектываў у падтрымку гэтага кандыдата з прымусам сваіх работнікаў падпісвацца за яго вылучэнне.
"Агітуюць за Лукашэнку мясцовыя ўлады, якія павінны захоўваць нейтралітэт у адносінах да ўсіх кандыдатаў. І бачна гэта не толькі па публікацыях ва ўладных СМІ, але нават на афіцыйных сайтах райвыканкамаў. І калі Вілейскі, Валожынскі і Мядзельскі сайты абмяжоўваюцца толькі афіцыйнай інфармацыяй з паседжанняў выбарчых камісій, то сайт Маладзечанскага райвыканкама не саромееца рабіць акцэнт на інфармацыі з пікетаў з выявамі лагатыпаў “Надо”", — адзначае манітор.
"Але найбольш шчыруюць друкаваныя і электронныя органы райвыканкамаў – так званыя раёнкі. Тут ужо ніякая публікацыя пра збор подпісаў не абыходзіцца без відавочнай агітацыі за "ўсенароднаабранага". Але ж усе мы ведаем, што "в стране не до законов"…"