05.12.2024 Тэгі: грамадства, ціск, выбары-2025 У Беларусі застаюцца два дні для збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах*. На Магілёўшчыне, як і ў іншых рэгіёнах, не абыходзіцца без ціску на людзей.
Так, у снежні да рэгіёну дайшоў праект чыноўнікаў выканкамаў і дэпутатаў розных узроўняў "Прэзідэнцкая рэспубліка", у межах якога яны ездзяць па прадпрыемствах і вядуць агітацыю. Мяркуецца, што дыскусіі "мусяць прайсці ва ўсіх рэгіёнах і на ўсіх прадпрыемствах".
- Сустрэча дэпутатаў з працоўнымі калектывамі Глускага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў
Навучэнцаў Магілёўскага гандлёвага каледжа адправілі паўдзельнічаць на мінскі форум "Моладзь спажывецкай кааперацыі – за моцную і квітнеючую Беларусь". Падчас мерапрыемства маладыя людзі слухалі даклады на тэмы значнасці будучых прэзідэнцкіх выбараў і значэнні вынікаў, якіх удалося дасягнуць за папярэднія 30 гадоў "дзякуючы мудраму кіраўніцтву" Лукашэнкі.
Перад гэтым напрыканцы лістапада ў каледжы навучэнцаў прымусілі ўдзельнічаць у сустрэчы "Прэзідэнцкая рэспубліка: голас моладзі". Галоўнай дакладніцай выступіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, якая расказала пра галоўныя вехі біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі.
У Бялынічах пракуратура перад выбарамі палохае працаўнікоў прадпрыемстваў адказнасцю за апазіцыйныя настроі, паведамляе MAYDAY.
Намеснік начальніка аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Магілёўскай вобласці Канстанцін Лявіцкі правёў сустрэчу з працоўным калектывам Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Пракурор папярэдзіў аб неабходнасці выканання грамадзянамі заканадаўства ў перыяд правядзення прэзідэнцкай кампаніі. За ходам сустрэчы назіраў і пракурор Бялыніцкага раёна Ігар Алёхна.
Канстанцін Лявіцкі папярэдзіў, што ўдзел у масавых мерапрыемствах мусіць адбывацца "ў строгай адпаведнасці з вызначанымі правіламі, а за іх парушэнне прадугледжаная не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць". Чыноўнік пагражаў артыкулам 342 КК, "калі дзеянні дэманстрантаў пацягнуць парушэнне працы транспарту або прадпрыемстваў".
Таксама пракурор прыгразіў, што публічныя заклікі да санкцыяў ды іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, цягнуць за сабой крымінальную адказнасць. А за падпіскі на СМІ ды інфармацыйныя каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, можна атрымаць штраф з канфіскацыяй прадмета правапарушэння.
Алёхна лічыць, што ідзе інфармацыйная вайна:
"Ва ўмовах інфармацыйнай вайны важна праяўляць пільнасць і крытычнасць. Нават выпадковы рэпост або лайк можа мець сур'ёзныя наступствы. Згодна з артыкулам 369-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за распаўсюд загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне, аж да 4 гадоў пазбаўлення волі", — сказаў Канстанцін Лявіцкі.
А Ігар Марзалюк агітаваў за Лукашэнку асабісты склад Магілёўскага інстытута МУС. Курсантам і выкладчыкам ён традыцыйна распавёў пра лёсавызначальнасць будучых прэзідэнцкіх выбараў, на якіх трэба абавязкова захаваць існую ўладу, бо беларусам "пашанцавала з Лукашэнкам". Паралельна ён шальмаваў апазіцыю і паўтарыў уласныя наратывы ў стылі "Беларусь – лепшая краіна для жыцця", а хто гэтага не разумее, той проста не разбіраецца ў геапалітыцы.
Падобныя агітацыйныя сустрэчы ён таксама правёў са студэнтамі факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А. Куляшова і супрацоўнікамі Магілёўскай мытні.
Нагадаем, у Магілёве на фоне маючых адбыцца выбараў* у людзей таксама бяруць распіскі, што яны не будуць распаўсюджваць "экстрэмісцкія" матэрыялы. Людзей, супраць якіх у 2020-2023 гадах ужываліся адміністрацыйныя арышты паводле палітычных артыкулаў, на мінулым тыдні выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва на "прафілактычную гутарку". Магілёўцы мусілі распісацца пад дакументам, згодна з якім яны "абавязваюцца не парушаць заканадаўства аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў", а таксама, што яны "дасведчаныя аб адказнасці за парушэнне закона".
Крыніца: На Магілёўшчыне людзей агітуюць за Лукашэнку і палохаюць адказнасцю за "апазіцыйныя" настроі