05.12.2024 У пачатку лістапада стала вядома, што 11 кастрычніка ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15 памёр Дзмітрый Шлетгаўэр — сёмы палітвязень, які памёр у месцах пазбаўлення волі. У пасведчанні аб смерці палітвязня паказаная прычына — "механічная асфіксія". Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. Паводле крыніцы "Люстэрка", сям'я не верыць у самагубства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2024 года мужчына быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў "шпіянажы" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч.1 арт. 361-4 КК).
Коратка:
- Шырокамаштабныя адвольныя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму і іншадумцаў у Беларусі ўзмацніліся на фоне абвешчаных уладамі прэзідэнцкіх выбараў. Праз адсутнасць значных пратэсных праяваў улады распаўсюджваюць рэпрэсіі на падазроныя з іх пункту гледжання сферы грамадскага жыцця і групы, успрыманыя як нелаяльныя. Гэта фармуе атмасферу страху, прыгнятае імкненне да аднаўлення апазіцыйных палітычных інстытутаў і незалежнага грамадзянскага сектара. Узмацненне праявы дзяржаўнага тэрору ўяўляе сабой патэнцыйную пагрозу для ўсіх, хто не падтрымлівае рэжым.
- "Вясна" вітае працэс вызвалення палітвязняў, які працягваецца ў Беларусі, асабліва з ліку ўразлівых груп, раней заканчэння тэрміну пакарання і падтрымлівае ўсе намаганні па падтрыманні гэтага працэсу. Здабыццё свабоды кожным і кожнай – неацэннае і не супярэчыць выказанаму праваабаронцамі патрабаванню і стратэгічнай мэце – вызваленню ўсіх палітвязняў.
- Нягледзячы на вызваленне вялікай колькасці палітвязняў па заканчэнні тэрміна і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца стабільна высокай: на канец лістапада 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 296 палітвязняў, з іх 172 жанчыны. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 62 чалавекі. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3 638 чалавек, з іх 669 жанчын.
- Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова,Андрэй Чапюк і Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
- Вядома пра некалькіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і іншыя больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній; іх сітуацыя таксама мае рысы гвалтоўных знікненняў, забароненых міжнародным правам.
- У лістападзе падведзены вынікі крымінальнага пераследу ў Беларусі за кастрычнік: асуджаныя 172 чалавекі, з якіх 52 жанчыны і 120 мужчын. Яшчэ 12 чалавек былі асуджаныя ў межахпрацэдуры спецыяльнай вытворчасці.
- З верасня да сярэдзіны лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1 213 палітычных адміністрацыйных спраў, абсалютная большасць з якіх — за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Масавыя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах. За лістапад праваабаронцамі зафіксавана 671 фактаў рэпрэсій, з іх 377 судоў паводлеадміністрацыйных справаў. Траціна пераследуемых — жанчыны; больш за ўсё фактаў зафіксавана ў Брэсцкай і ў Гомельскай абласцях.
- Спісы асоб і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама экстрэмісцкіх матэрыялаў, рэгулярна папаўняюцца. Такім чынам ствараюцца перадумовы для новых нападаў на грамадзянскую супольнасць і яе прадстаўнікоў. Таксама гэта спосаб дадатковага, часта несудовага, адвольнага абмежавання правоў і свабод грамадзян.
- Па-ранейшаму праваабаронцамі «Вясны» рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама ў месцах пазбаўлення волі.
- Экспертная місія кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ "Вясна", апублікавала першую справаздачу з моманту пачатку выбарчай кампаніі аб сітуацыі перад прызначэннем выбараў, а таксама выпусціла аналітычную справаздачу аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій.
- Праваабарончы цэнтр "Вясна" запрашае 10 снежня на адкрыццё выставы "Пачуцці" ў Варшаве, дзе будзе прадстаўлена калекцыя малюнкаў, створаных палітычнымі зняволенымі Беларусі ва ўмовах турэмнага зняволення. Падчас мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя музычнага альбома "Пазначаныя жоўтым".
- 25 лістапада ў Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, традыцыйна пачаліся 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту, якія скончацца 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
На 30 лістапада ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1 296 палітычных зняволеных, з іх 172 жанчыны. Вядома пра 31 палітвязня з крытычным станам здароўя, не сумяшчальным з утрыманнем ва ўмовах пазбаўлення волі. За лістапад 62 чалавекі праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі.
На канец лістапада налічваецца 2 392 былых палітвязняў, з іх 499 жанчын. Стала вядома, што ў лістападзе цалкам адбылі свае тэрміны пазбаўлення волі як мінімум 24 палітвязні, а таксама мінімум 15 палітвязняў адбылі тэрмін у кастрычніку.
У лістападзе А. Лукашэнка падпісаў яшчэ два ўказы аб памілаванні 63 чалавек, асуджаных па палітычных матывах. Усяго з чэрвеня гэтага года ў выніку памілавання выйшлі на волю 178 чалавек.
Пры гэтым, агульныя паказчыкі палітычна матываванага пераследу працягваюць расці. Усяго вядома, што з 2020 года як мінімум 7 615 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам, і ў дачыненні да не менш за 6 249 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.
У лістападзе быў зафіксаваны мінімум 671 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
Палітвязні, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, працягваюць сутыкацца з ціскам з боку адміністрацый пенітэнцыярных установаў: змяшчэннем у ШІЗА і ПКТ, узмацненнем рэжыму адбыцця пакарання, новымі крымінальнымі абвінавачваннямі, адвольным абмежаваннем сувязяў са знешнім светам і інш.
У матэрыяле "Вясны" абагульнены звесткі аб пераследзе палітвязняў, які працягваецца пасля пазбаўлення волі.
Паводле наяўнай інфармацыі, у рэжыме інкамунікада (без якой-небудзь сувязі са знешнім светам, у існуючых умовах з'яўляецца разнавіднасцю катаванняў і змяшчае прыкметы гвалтоўнага знікнення) утрымліваюцца палітвязні Мікалай Статкевіч, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабрыка, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Новікаў і Уладзімір Кніга. Марыі Калеснікавай пасля больш за 600 дзён у рэжыме інкамунікада была дазволена сустрэча з бацькам.
Абвінавачванне паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса — на падставе сумы дысцыплінарных спагнанняў — прад'яўленыя палітвязням Аляксандру Арановічу, Сяргею Канавалаву, Паўлу Спірыну, Зміцеру Казлову і Ігару Карнею. Пасяджэнні па іх крымінальных справах прайшлі ў лістападзе, іх вынік пакуль невядомы: суды, як правіла, праходзяць на тэрыторыі калоній, фактычна ў закрытым рэжыме.
З прад'яўленнем новых палітычна матываваных абвінавачванняў сутыкнуўся палітвязень Цімур Хайрулін, які раней выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну — яго абвінавацілі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Цяпер суд прызначыў яму паўгода пазбаўлення волі, мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда.
Стала вядома, што ў дачыненні да палітвязня Сяргея Маўшука суд разгледзіць пытанне аб яго пераводзе на турэмны рэжым.
Пераслед праваабаронцаў
За сваю праваабарончую дзейнасць больш за чатыры гады ў няволі знаходзіцца Марфа Рабкова іАндрэй Чапюк, і больш за тры гады — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч; больш за два гады — праваабаронца Human Constanta Наста Лойка.
Па даных праваабаронцаў "Вясны", за перыяд з верасня 2020 па 2024 год было затрымана больш за 50 актывістаў незалежных прафсаюзаў і арганізатараў стачкамаў на прадпрыемствах. Многія з іх за сваю дзейнасць па абароне працоўных правоў трапілі пад крымінальны пераслед.
Праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову, у дачыненні да якой раней быў вынесены завочны прысуд, Міністэрства ўнутраных справаў дадало ў "Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Таксама, шэраг імёнаў праваабаронцаў з'явіўся ў базе даных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі. У 1981 годзе гэты дзень быў абвешчаны Міжнародным ПЭН-клубам у падтрымку пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Штогод Нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб прыцягнуць увагу да несправядлівага зняволення пісьменнікаў і пісьменніц у розных краінах. Паводле падлікаў Беларускага ПЭНа, цяпер у зняволенні як мінімум 38 людзей Слова. Агулам яны асуджаныя да 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі.
Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне
З 2020 года праваабаронцы "Вясны" задакументавалі больш за 1 850 пацярпелых ад катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання. У Відэа "Вясны" актывістка і студэнтка Ганна, былы палітвязень па "справе Зэльцэра" Арцём Задруцкі і асуджаны за самы вялікі Марш у гісторыі Беларусі Яраслаў, распавялі пра катаванні і жорсткае абыходжанне пры затрыманні і ў месцах няволі Беларусі.
Перажыўшыя акты жорсткага абыходжання і адвольнага пазбаўлення волі распавядаюць праваабаронцам абставіны справаў.
Былыя палітвязні апісалі, як адміністрацыя калоніі адвольна абмяжоўвала ім магчымасць папоўніць існуючы недахоп харчавання пакупкамі ў краме калоніі.
Праваабаронцы "Вясны" і "Прававой ініцыятывы" апублікавалі справаздачу "Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне", прысвечаную таму, як успрымаюць справядлівасць беларусы і беларускі, якія сутыкнуліся з дзяржаўным гвалтам падчас і пасля масавых пратэстаў 2020 года. Дакумент ўяўляе сабой унікальнае даследаванне справядлівасці з трох частак: прававы аналіз, псіхалагічныя аспекты і сацыялагічныя дадзенныя.
Дванаццаць найбуйнейшых праваабарончых арганізацый выступілі з адкрытым лістом аб падтрымцы перадачы Літвой у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыі, звязанай са злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі вышэйшым кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі. Яны заклікаюць дзяржавы-удзельніц МКС далучыцца да звароту Літвы з просьбай аб расследаванні такіх злачынстваў.
Дэградацыя адвакатуры. Пераслед адвакатаў
Адвакатура па-ранейшаму палітызуецца і ўцягваецца ў абслугоўванне інтарэсаў рэжыму: старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў у інтэрв'ю дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БЕЛТА, згадаў прававую працу адвакатаў у розных працоўных калектывах, установах адукацыі па адным з «самых актуальных пытанняў, якое цікавіць людзей» – выбары прэзідэнта, якія маюць адбыцца: «адвакаты не толькі тлумачаць асноўныя нормы заканадаўства, але і звяртаюць увагу на адказнасць кожнага за свой голас».
На перыяд выбараў у Мінску арганізавана дзяжурства прадстаўнікоў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў для правядзення бясплатных кансультацый у грамадскіх прыёмных Мінскай гарадской і раённых структур РГА «Белая Русь»; падкрэсліваецца, што «падчас прыёму грамадзян у грамадскіх прыёмных «Белай Русі» можна пакінуць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».
Падчас асветніцкіх мерапрыемстваў на прадпрыемствах і ў арганізацыях адвакаты паўсюдна тлумачылі «пытанні адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку і бяспекі».
За тры месяцы восені 2024 года кваліфікацыйнай камісіяй пры Міністэрстве юстыцыі прынята рашэнне аб магчымасці спынення ліцэнзіі ў дачыненні да чатырох адвакатаў — А.Марозава, Ю. Марозава, М. Севярын, Е. Розавай.
Такая сітуацыя з найважнейшым інстытутам прававой сістэмы дзяржавы заканамерна негатыўна адбіваецца на правах людзей, якія маюць патрэбу ў кваліфікаванай прававой дапамозе і эфектыўнай абароне сваіх правоў. Знішчаная незалежнасць адвакатуры цягне за сабой безабароннасць адвакатаў перад прафесійнымі рызыкамі, страту даверу, самацэнзуру, зніжэнне агульнага прафесійнага ўзроўню.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Па стане на 30 лістапада пазбаўленыя волі 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
У канцы лістапада стала вядома пра тое, што ў судзе Шклоўскага раёна 11 снежня пачнецца разгляд чарговай крымінальнай справы палітвязня журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за" парушэнні", за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. Палітвязню могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
У Беларусі па-ранейшаму ігнаруюцца міжнародныя абавязкі па павазе, абароне і забеспячэнні рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў: удзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці як вочна, так і завочна, з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў справядлівага суда.
У прыватнасці, у судзе Ленінскага раёна Брэста 6 лістапада вынесены прысуд Артуру Трушко,Вадзіму Кутасевічу і Аліне Новікавай па ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын. Звесткі пра прысуд апублікаваў у сваім прэс-рэлізе Брэсцкі абласны суд, заўважыла "Берасцейская вясна". Артуру Трушко і Вадзіму Кутасевічу суддзя прызначыў кожнаму па адным годзе і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аліне Новікавай – два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У судзе Лунінецкага раёна 28 і 31 кастрычніка разглядалі крымінальную справу супраць Артура Молчана і Артура Канапацкага паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек над дзяржсімвалам). Суддзя Святлана Братанава прызнала хлопцаў вінаватымі і прызначыла кожнаму па шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Працэс праходзіў у выязным судовым пасяджэнні ў прысутнасці студэнтаў Політэхнічнага і аграрнага каледжаў. Молчана і Канапацкага адразу ўзялі пад варту. Як паведаміла "Берасцейская Вясна", хлопцаў асудзілі за тое, што яны ў 2021 годзе знялі дзяржаўны сцяг з будынка крамы ў аг. Дзятлавічы і нібыта спалілі.
У судзе Рагачоўскага раёна 8 кастрычніка адбыўся суд над 46-гадовым мясцовым жыхаром Аляксандрам Акакіевым. Яго прызналі вінаватым у абразе А. Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Ірына Прадун прызначыла Аляксандру адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведаміла "Гомельская Вясна".
"Вясна" распавяла, колькі людзей асудзілі з 2020 года за абразу і паклёп на А.Лукашэнку, а таксама пра самыя абсурдныя прычыны пераследу па гэтых артыкулах.
Пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі выкарыстоўваецца выключна для палітычна матываванага пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама як інструмент дзяржаўнага тэрору, у прыватнасці – для стварэння фармальных перадумоваў для апраўдання арыштаў і працяглага пазбаўлення волі.
Унясенне розных суб'ектаў у "Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" закладвае аснову для пераследу грамадзян за стварэнне экстрэмісцкіх або ўдзел у іх дзейнасці. У лістападзе Пералік папоўніўся чатырма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 246 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС. У ліку новых "экстрэмісцкіх фармаванняў", сярод якіх "дваровая кааліцыя "Ордэн", з дзейнасцю якой звязаныя шырокамаштабныя затрыманні, якія адбыліся ў канцы верасня ў Беларусі, якія закранулі не менш за 200 чалавек.
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за лістапад унесена 120 чалавек, у тым ліку 37 жанчын. Сярод новых імёнаў – асуджаныя завочна праваабаронца Алена Маслюкова і грамадскія дзяячкі Вераніка Цапкала і Вольга Карач, адзначаныя ў пераліку як тыя, хто адбывае пакаранне. Усяго ў пераліку імёны 4 714 чалавек. Унесеныя ў Пералік на працяглы тэрмін (на тэрмін судзімасці і пяць гадоў пасля яе пагашэння) паражаюцца ў правах.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 107 судовага рашэння тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі. Распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў", пад якім беларускія спецслужбы і суды як правіла разумеюць няпэўна шырокае кола дзеянняў, не толькі тыя, якія прама забароненыя законам і пераследуюцца па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, цягнуць пазбаўленне волі ці буйны штраф. Некалькі захаваных у сацыяльных сетках забароненых спасылак становяцца падставай для няпэўна працяглага адміністрацыйнага арышту – паслядоўна за кожную з захаваных або "распаўсюджаных" спасылак.
Варта падкрэсліць, што паводле інфармацыі першага намесніка міністра інфармацыі Андрэя Кунцэвіча, спіс налічвае 6 565 матэрыялаў. Спіс вядзецца з верасня 2008 года. Юрыдычная служба "Вясны" распавяла, як інфармацыйная прадукцыя становіцца экстрэмісцкай па рашэнні суда.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2024