04.12.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-4 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Беларуса затрымалі за татуіроўку пра "рускі ваенны карабель"
Пра гэта чацвёртага снежня адсправаздачыліся праўладныя тэлеграм-каналы.
Буйны Telegram-канал "Быть или" прызнаны "экстрэмісцкім"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 29 лістапада. На гэты Telegram-канал падпісаныя больш за 270 тысяч чалавек.
Таксама "экстрэмісцкі" спіс папоўнілі суполка ва "Аднакласніках" "И снова добрый вечер", старонкі карыстальніка "Алексей Чемоданов" у Facebook, "Аднакласніках" і "Укантакце", а таксама Telegram-канал "OSINT Бджоли +".
У Оршы праўладнага блогера 3 снежня судзілі за "пікетаванне" і "прапаганду нацызму"
35-гадовы Дзмітрый Беляшоў — дызайнер сайтаў, SEO-спецыяліст, а таксама блогер. Мужчына актыўна вядзе сваю TikTok-старонку і мае больш за 5000 падпісантаў. Як паведаміў "Витебск, я гуляю!", 1 лістапада "Люстэрка" выкарыстоўвала яго відэа ў сваім тэксце пра яму ў Оршы.
Сёння справу Беляшова разглядалі ў судзе Оршы і Аршанскага раёну. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 арт. 19.10 КаАП (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі) і ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
Дзмітрый на сваіх старонках выказваў сімпатыі рэжыму Лукашэнкі і высмейваў прыхільнікаў перамен. У роліках ён неаднаразова быў на розных прадзяржаўных імпрэзах. Пра сябе ён казаў: "Я — памагаты "крывавага рэжыму" Лукашэнкі! І ведаеце, ганаруся гэтым".
Супольнасць чыгуначнікаў: У Беларусі затрыманы японец, які нібыта здымаў аб'екты інфраструктуры БЧ
Паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, раніцай 1 снежня на станцыі "Калінкавічы Заходнія" машыніст заўважыў чалавека, які здымае пуцеправод. Работнікі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі РАУС затрымалі мужчыну — грамадзяніна Японіі.
Далей затрыманы быў перададзены супрацоўнікам КДБ для далейшага разбору. На момант публікацыі імя і прозвішча дадзенага грамадзяніна, як і далейшы яго лёс, высветліць не атрымалася.
Нагадаем, у красавіку ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» затрымалі іншага грамадзяніна Японіі — выкладчыка Масатосі Наканісі.
Крыніца: Чарговае затрыманне японца і абнаўленне "экстрэмісцкага спісу": хроніка пераследу 3-4 снежня