03.12.2024 Тэгі: культура, рэпрэсіі, спецвытворчасць “Вясна” зрабіла аналіз дзесяці самых топавых слоў, якія былі на слыху цягам 2024 года. Гэтая лексіка сёння вядомая многім беларусам, якім неабыякавае грамадскае жыццё і якія цікавяцца сітуацыяй з парушэннямі правоў чалавека ў нашай краіне. Пры складанні спісу выкарыстоўваліся апытанні іншых СМІ і дадзеныя пашуковай сістэмы Google. Знаёмцеся.
1. Палітвязень
Палітвязень, альбо палітзняволены – беларус, які знаходзіцца пад вартай, альбо адбывае пакаранне і ў справе якога прысутнічае відавочны палітычны складнік, напрыклад, апазіцыя дзеючай улады ў выглядзе дзеянняў негвалтоўнага характару, а таксама некаторыя спрэчныя выпадкі, звязаныя з займаемай грамадзянскай пазіцыяй, рэлігійнымі перакананнямі і непрыманнем дзеючага рэжыму. Па стане на 2 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1295 чалавек.
2. Экстрэмізм
Экстрэмізм у сапраўдным значэнні слова – від палітычнай дзейнасці, заснаваны на ідэалогіі антысемітызму, ультранацыяналізму і іншай ваяўнічай нецярпімасці. Але ў Беларусі – усё інакш: паняцце экстрэмізму ў заканадаўстве падкарэктавалі па загаду ўлады: сёння “экстрэмізмам” лічацца – удзел у незаконных акцыях, лайкі пад пастамі ў забароненых чатах і старонках, рэабілітацыя нацызму. Паняцце экстрэмізму ўключае ў сябе інфармацыйныя матэрыялы, фармаванні і сімволіку.
Пра колькасць “экстрэмістаў” можна даведацца тут:
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Сёння ў Спісе грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці налічваецца 4 470 чалавек.
3. Салідарнасць
Салідарнасць – гэта спосаб сацыяльнай арганізацыі, спроба згуртавання асобных грамадзян у нейкую агульную ідэю, у шырэйшым значэнні – згуртаванасць, еднасць грамадства. Дзя беларусаў сёння салідарнасць – гэта падтрымка незалежных ініцыятыў, дапамога тым, хто патрапіў у складанае становішча у звязку з сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Менавіта салідарнасць дапамагае сёння многім беларусам, якія патрапілі пад рэпрэсіі, альбо з'ехалі з краіны працягваць жыць і займацца грамадскай дзейнасцю. Вялікую справу ў гэтым накірунку робяць многія ініцыятывы і як прыклад – BYSOL.
4. Інкамунікада
Інкамунікада – стан чалавека, якога наўмысна пазбаўляюць сувязі са знешным светам, сваякамі і блізкімі. Найперш гэты тычыцца беларускіх палітзняволеных, якім адмаўляюць у перапісцы і спатканнях. Самае цяжкае – гэта забарона на карэспандэнцыю для асуджаных. Такія дзеянні парушаюць іх канстытуцыйнае права на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў, што прыраўноўваецца да бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае годнасць, у сувязі з тымі пакутамі і страхам, якія зазнаюць ахвяры такога зняволення.
"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека", — юрыст Вясны
Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.
5. Ананімнасць
Ананімнасць – дзеянне, здзейсненае без указання імя таго, хто яго здзяйсняе. Прыметнік "ананімны" выкарыстоўваецца для апісання сітуацый, калі імя дзеючай асобы невядома. Ідэя ананімнасці заключаецца ў немагчымасці ідэнтыфікаваць чалавека. Сёння гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў звязку з захаваннем ананімнасці ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Сілавыя структуры Беларусі выкарыстоўваюць любыя тэхнічныя спосабы, каб “выкрыць” ананімаў і прыцягнуць да адказнасці за падпіску на “экстрэмісцкія” рэсурсы, альбо за каментары і лайкі ў сацыяльных сетках. Парадаў і інструкцый на гэтую тэму вельмі шмат.
6. Завочныя суды
Завочны суд па палітычных матывах адбываецца ў межах спецвытворчасці. Спецыяльная вытворчасць – дзеянні па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
Інстытут "спецыяльнай вытворчасці" быў уведзены ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі ў якасці рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў. Па стане на 21 лістапада 2024 года ў Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Гэта актывісты, журналісты, пратэстоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы. З іх траіх чалавек асудзілі завочна двойчы.
Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна
7. Затрыманне
Затрыманне – гэта слова, якой найбольш часта выкарысоўваецца ў беларускай лексіцы. Увогуле, затрыманнем называюць кароткачасовае пазбаўленне волі асобы, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін затрымання не можа перавышаць 72 гадзін. Орган дазнання або следчыя абавязаны на працягу 24 гадзін паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадзін з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго. Толькі гэтыя правілы сілавыя структуры парушаюць вельмі часта.
8. Рэпрэсіі
Рэпрэсіі - карныя меры з боку дзяржаўных органаў, якія выкарыстоўваюцца для падаўлення грамадскай актыўнасці, забеспячэння функцыянавання дзяржапарату. Сёння гэта адзін з асноўных інструментаў, які беларускія ўлады выкарыстоўваюць у дачыненні да грамадян і іх застрашэння ў перыяд розных дзяржаўных працэсаў (афіцыйных святаў, альбо выбараў). Аб тым, якк выглядаюць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў можна паглядзець на нашым сайце.
9. Абраза
Абраза – наўмысная знявага гонару і годнасці асобы, выказаная ў непрыстойнай форме. Можа наносіцца вусна, у пісьмовай форме або дзеяннем, публічна, у прысутнасці пацярпелага. У кантэксце парушэння правоў чалавека найбольш часта разглядаецца артыкул 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады і арт. 368 КК— Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дыфамацыйныя артыкулы і іх выкарыстанне павінна быць выключана са спісу крымінальных пакаранняў.
10. Гвалт
Гвалт – наўмыснае ўжыванне фізічнай сілы ці ўлады, сапраўднае ці ў відзе пагрозы, накіраванае супраць сябе, супраць іншай асобы, групы асоб ці абшчыны, вынікам якога з'яўляюцца (або маецца высокая ступень верагоднасці гэтага) цялесныя пашкоджанні, смерць, псіхалагічная траўма, адхіленні ў развіцці ці рознага роду шкода. Так піша Вікіпедыя. Але беларусы гэтае паняцце выкарыстоўваюць зараз у іншых значэннях: гвалт з боку сілавікоў, неабгрунтаванае збіцце пры затрыманні, пагрозы сэксуальнага гвалту, псіхалагічны ціск і ціск на беларускамоўных грамадзян.
Дарэчы, у мінулым, 2023 годзе, розныя беларускія СМІ сярод слоў году называлі: вайна, рэпрэсіі, штучны інтэлект, пашпарт, лацінка, агрэсія, эміграцыя.
Крыніца: Палітвязень, экстрэмізм, інкамунікада: топ-10 слоў 2024 года ад праваабаронцаў