28.11.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня распачнецца разгляд чарговай крымінальнай справы супраць палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Ігара абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за "парушэнні", за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. Журналісту могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Ігар Карней у судзе.

Ігар доўгі час працаваў журналістам на “Свабодзе”, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Неўзабаве пасля затрымання сям'я Ігара выехала за мяжу.

Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Спачатку яго арыштавалі паводле адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Але пасля заканчэнні тэрміну перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. Дзяржаўныя СМІ пісалі, што Карней, нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з экстрэмісцкай арганізацыяй БАЖ, якая была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага Суда яшчэ ў 2021 годзе, але насуперак закону працягвала сваю працу. Ужо ў лютым 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў БАЖ "экстрэмісцкім фармаваннем".

Паводле абвінавачання Ігар Карней актыўна пісаў "негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў ілжывую карціну аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь". З 1 чэрвеня па 14 ліпеня 2023 года ён размясціў на рэсурсах БАЖ не менш за 54 інфармацыйныя матэрыялы. Неўзабаве пасля гэтага быў затрыманы.

У Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 20 тысяч рублёў. У сярэдзіне лета Ігара накіравалі адбываць тэрмін у шклоўскую калонію № 17, дзе менш чым праз паўгода супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Цяпер Ігару пагражаеяшчэ адзін год зняволення.

Крыніца: Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць