27.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, заявы, рэпрэсіі, дыфамацыя Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
27 лістапада 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога выстаўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не мусіць, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асобаў. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, разам з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.
Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асобаў за распаўсюд такой інфармацыі.
Нам вядома аб асуджэнні:
Таццяны Кашчэевай і Уладзіміра Кашчэева ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 КК, паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве да пазбаўлення волі;
Ігара Бацяна ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 КК, паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве да 12 гадоў пазбаўлення волі;
Іллі Нарышкіна ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 і 361-3 КК, паводле абвінавачвання ў замаху на здраду дзяржаве і падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы за намер далучыцца да абаронцаў Украіны ад расійскай агрэсіі да 15 гадоў пазбаўлення волі;
Наталлі Зайцавай паводле арт. 130 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да 1 года пазбаўлення волі;
Яна Карліёнава паводле артыкула 130 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да 1 года пазбаўлення волі;
Алены Барысюк паводле арт. 130, 368 і 369 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт, абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі за каментары ў сетцы Інтэрнэт, да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі;
Анатоля Шуляка паводле арт. 130, 368 і 367 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт, абразе і паклёпе на А. Лукашэнку за каментары ў сетцы Інтэрнэт, да трох гадоў пазбаўлення волі;
Анастасіі Жыльскай паводле арт. 130, 361 і 367 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт, закліках да санкцый і паклёпе на А. Лукашэнку, за каментары ў сетцы Інтэрнэт, да пазбаўлення волі;
Наталлі Мікуліч паводле арт. 130, 369-1, 188 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, паклёпе, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, яна накіраваная на прымусовае псіхіятрычнае стацыянарнае лячэнне;
Ірыны Мазоль паводле арт. 130 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, да 1 года пазбаўлення волі;
Дзмітрыя Голуба паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі, распальвання іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавым грубым парушэнні грамадскага парадку паводле арт. 368, 130, 342 КК, да чатырох гадоў пазбаўлення волі;
Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальнага абвінавачвання, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання"
Так, нам вядома пра ўтрыманне пад вартай:
Таццяны Аляксейчык паводле арт. 130 і 342 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, за рэпосты ў сацыяльных сетках і ўдзел у мірных пратэстных акцыях;
Аляксандра Яцкевіча паводле арт. 130, 342 і 369 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразу прадстаўніка ўлады за рэпосты ў сацыяльных сетках і ўдзел у мірных пратэсных акцыях;
Аляксея Сіленкі паводле арт. 130, 361 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні варожасці, закліках да санкцый;
Таццяны Бадрэнкі паводле арт. 130 і 367 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт, паклёпе на А. Лукашэнку;
Алены Марозавай паводле арт. 130, 361 і 342 КК, паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ў сетцы Інтэрнэт, закліках да санкцый і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак;
Васіля Верамейчыка паводле арт. 366 КК, паводле абвінавачвання ў пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (няцяжкае злачынства на момант першапачатковага падазрэння ў псаванні аўтамабіля).
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Таццяны Кашчэевай, Уладзіміра Кашчэева, Ігара Бацяна, Іллі Нарышкіна, Наталлі Зайцавай, Яна Карліёнава, Алены Барысюк, Анатоля Шуляка, Анастасіі Жыльскай, Наталлі Мікуліч, Ірыны Мазоль, Дзмітрыя Голуба, Таццяны Аляксейчык, Аляксандра Яцкевіча, Аляксея Сіленкі, Таццяны Бадрэнкі, Алены Марозавай, Васіля Верамейчыка з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на абранне захадаў, кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
- вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend.
Крыніца: Заява аб прызнанні 18 чалавек палітычнымі зняволенымі