27.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, рэпрэсіі Тыдзень таму па запыце КДБ В'етнам выдаў Беларусі 34-гадовага былога добраахвотніка Васіля Верамейчыка. Вядома, што ён знаходзіўся ў крымінальным вышуку па крымінальнай справе па факце дзейнасці Палка Каліноўскага, прызнанага ў Беларусі "тэрарыстычнай арганізацыяй". У верасні гэтага года Полк стаў пятай беларускай структурай, якой Вярхоўны суд прызначыў такі статус. За "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі" ў Беларусі асудзілі ўжо трох чалавек. "Вясна" распавядае, якія грамадзянскія структуры ў Беларусі прызнаныя "тэрарыстычнымі арганізацыямі", каго асудзілі за ўдзел у іх, а юрысты каментуюць гэтыя рэпрэсійныя практыкі.

Ілюстрацыйнае фота TUT.BY
Ілюстрацыйнае фота TUT.BY

Артыкул 290-5. Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі

1. Арганізацыя дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў са штрафам.

2. Удзел у дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў са штрафам.

Заўвага. Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.

Пяць беларускіх структур прызнаныя "тэрарыстычнымі"

У Беларусі з 2021 года "тэрарыстычнымі арганізацыямі" рашэннем Вярхоўнага суда былі прызнаныя пяць грамадзянскіх структур беларусаў усе яны пратэснага характару: "Отряды гражданской самообороны" (ОГСБ), "Супраціў", NEXTA, BYPOL, а нядаўна – Полк імя Кастуся Каліноўскага.

25 верасня Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага "тэрарыстычнай арганізацыяй", абгрунтаваўшы гэта так:

"Мэтамі стварэння і дзейнасці арганізацыі з'яўляецца вярбоўка грамадзян Рэспублікі Беларусь і этнічных беларусаў, якія пражываюць за мяжой, негатыўна адносяцца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны супраць узброеных і воінскіх фармаванняў Сіл Расійскай Федэрацыі; падрыхтоўка сіл і сродкаў для ажыццяўлення захопу ўлады ў Рэспубліцы Беларусь узброеным шляхам, якія дапускаюць здзяйсненне ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку актаў тэрарызму, дыверсій, захопу і ўтрымання людзей у якасці закладнікаў; захоп, утрыманне, знішчэнне, пашкоджанні, блакаванне будынкаў, збудаванняў, шляхоў і сродкаў паведамлення; заклікі дапосягательству на тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь, іншыя дзеянні, кваліфікуюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь як тэрарызм і тэрарыстычная дзейнасць".

Адпаведнае рашэнне было прынятае па заяве генпракурора Андрэя Шведа. Гэта пятая грамадзянская структура , якую прызналі "тэрарыстычнай арганізацыяй". Юрыдычная служба "Вясны" адзначае:

"Прызнанне арганізацый "тэрарыстычнымі" і ўключэнне іх у адмысловы пералік з’яўляецца адпрацаваным і зручным для ўладаў механізмам кантролю свабоды слова. Называючы тую ці іншую арганізацыю “тэрарэстычнай” улады літаральна падмяняюць паняцці. Зашырокія і размытыя фармулёўкі закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” спрыяюць таму, што ўлады ў палітычных мэтах могуць называць тэрарызмам тое, што насамрэч ім не з’яўляецца, але наступствы па законе наступаюць такія ж, як і для сапраўдных тэрарыстаў. Тым самым, улады непрапарцыйна жорстка караюць людзей, якія не зладзілі нічога нават падобнага да тэрарызму.

Небяспека зашырокіх фармулёвак, датычных да свабоды выказвання меркавання, адзначана міжнароднымі стандартамі, напрыклад Ёханэсбургскіх прынцыпам:

Прынцып 24. Неадпаведныя пакаранні За злачынствы, звязаныя з бяспекай, у якіх закрануты правы на свабоду выказвання меркавання і свабоду інфармацыі, пэўныя асобы, рэдакцыі СМІ, палітычныя і іншыя арганізацыі не могуць зазнаваць пакаранне, абмежаванні правоў ці санкцыі, якія неадпаведныя сур'ёзнасці здзейсненага злачынства

Неадпаведнасць міжнародным стандартам толькі на паперы, не кажучы пра практыку, праяўляецца таксама і ў тым, што панятак тэрарызму неразрыўна звязаны з паняткамі нацыянальнай бяспекі, вызначэнне якой таксама няпэўная і размытае ў Канцэпцыі аб нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Прынцып 1. Свабода меркавання, самавыяўлення і інфармацыі (d) Ніякія абмежаванні свабоды выказвання меркавання ці інфармацыі не могуць уводзіцца пад выглядам абароны нацыянальнай бяспекі, калі толькі ўрад не прадэманструе, што такое абмежаванне прадугледжана законам і неабходна ў дэмакратычным грамадстве дзеля абароны законных інтарэсаў нацыянальнай бяспекі".

Каго і за што ў Беларусі асудзілі за "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі"?

Так, паводле ч. 2 арт. 290-5 Крымінальнага кодэкса "арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі" ў сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі ў Беларусі асудзілі трох чалавек.

Да 9 гадоў калоніі асудзілі былога вайскоўца

2 чэрвеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 2 арт. 290-5 КК (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі) і ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) да дзевяці гадоў калоніі асудзілі 21-гадовага Дзмітрыя Гудзеева. Сутнасць абвінавачвання невядомая, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Мяркуючы па яго сацсетках, у мінулым траўні ён скончыў тэрміновую службу ў вайсковай частцы 3214 у Мінску. У траўні Дзмітрыя дадалі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ. 

8 гадоў калоніі – за ўдзел у "плане Перамога" і "экстрэмісцкім фармаванні"

Максім Драбніца

10 чэрвеня 2023 года ў Гомелі па гэтых жа артыкулах да васьмі гадоў калоніі асудзілі 22-гадовага жыхара СветлагорскаМаксіма Драбніцу. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён уступіў у "экстрэмісцкае фармаванне" план "Перамога" і нібыта планаваў падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне. Максіма абвінавацілі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 290-5 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі). Верагодна, падставай для пераследу паводле другога артыкула стала сувязь з BYPOL. У красавіку 2023 года Максіма дадалі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ.

10 гадоў калоніі – за ўдзел у BYPOL і яшчэ дзевяць абвінавачванняў

8 красавіка 2024 года ў Гомелі да 10 гадоў калоніі паводле дзесяці артыкалаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ч. 2 арт. 290-5 КК, асудзілі 28-гадовага жыхара ПетрыкаваІвана Сухамерава. Паводле версіі абвінавачвання, Іван Сухамераў размяшчаў негатыўныя публікацыі ў дачыненні да Лукашэнкі на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцый у дачыненні да Беларусі, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ.

Прычынай яго пераследу паводле ч. 2 арт. 290-5 КК, згодна з абвінавачваннем, стаў яго ўдзел у BYPOL, які быў прызнаны "тэрарыстычным" 30 жніўня 2022 года.

"Гэтыя артыкулы прымяняюцца выключна ў палітычных мэтах"

Як адзначаюць юрысты "Вясны", прызнанне грамадзянскіх структур тэрарыстычнымі з’яўляецца стратэгічным крокам, накіраваным супраць людзей, каб іх было за што пераследваць на падставе закону:

"Для гэтага выкарыстоўваюцца артыкулы Крымінальнага кодэксу: 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), 290-3 (навучанне або іная падрыхтоўка да тэрарыстычных дзеянняў), 290-4 (стварэнне і ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі) і 290-5 КК (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі або ўдзел у такой дзейнасці).

Мы можам назіраць, як гэтыя артыкулы прымяняюцца выключна ў палітычных мэтах пераследаваць тых, хто выказваецца супраць дэ-факта ўлады і аб’ядноўваецца пад альтэрнатыўнымі ідэямі, якія небяспечныя толькі для ўлады, бо выкрываюць яе хібы і злачынствы".

Крыніца: За "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі" ў Беларусі асудзілі трох чалавек