26.11.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Алег Каўрыгін У Мінскім гарадскім судзе з 23 верасня па 25 лістапада адбываўся разгляд крымінальнай справы супраць 55-гадовага заснавальніка клінікі "Новы Зрок" Алега Каўрыгіна і яго чатырох былых калегаў. У выніку Алега завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 10000 базавых велічынь (400 тысяч беларускіх рублёў). Былым супрацоўнікам клінікі прызначана пазбаўленне волі з адтэрміноўкай выканання, а таксама штрафы. Справу разглядала Анастасія Папко.

Па пазову намесніка Генеральнага пракурора з Алега Каўрыгіна таксама пастанавілі спагнаць больш за тры мільёна рублёў як кампенсацыю ў "лік нявыплачанага падатку". Апроч гэтага, Каўрыгіна пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў. 

Алега Каўрыгіна абвінавацілі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці, учыненыя групай асоб альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы;
  • ч. 3 арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-1 — арганізацыя ад ухілення ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-3 — арганізацыя падатковавага махлярства;
  • ч. 2 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 3 арт. 361 — заклікі да санкцый;
  • ч. 1 і 2 арт. 361-4 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 369-1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 427 КК — арганізацыя службовага падлога.

Разам з ім па эканамічных артыкулах асудзілі яшчэ чатырох чалавек:

  • Марыну Баярчук — ч. 2 арт. 243-1 (ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў), ч. 2 арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў);
  • Таццяну Ярмольчык, Алену Варашкевіч і Аляксандра Салаўёва — ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-1 (арганізацыя ад ухілення ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнню падаткаў, збораў), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-3 КК (арганізацыя падатковавага махлярства).

Генеральная пракуратура паведаміла, што галоўнай бухгалтарцы, намесніку дырэктара і галоўнай медсястры цэнтра прызначаны пакаранні ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад трох гадоў і трох месяцаў да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі з адтэрміноўкай адбывання тэрмінам на тры гады. Таксама ім прызначанае дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памерах ад 600 да 1000 базавых велічыняў. Галоўную бухгалтарку пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.

Праваабаронцам невядомы прысуд у адносінах да астатніх фігурантаў справы. Паводле прадпрымальніка, супрацоўнікі "Новага зроку" не знаходзіліся пад вартай. Каўрыгін кажа, што ўсе яны былі вымушаныя працаваць са следствам "у поўным аб'ёме".

Крыніца: Заснавальніка клінікі "Новы Зрок" завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі і вялікага штрафу