11.11.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6-11 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За "экстрэмізм" судзілі Ганаровага грамадзяніна Чашніцкага раёна
Віталь Вонсік — ляснічы Красналуцкага лясніцтва Лепельскага лясгаса. Па выніках 2015 года яго імя было занесена на Дошку гонару Чашніцкага раёна.
Яго судзіла дзявятага лістапада паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) суддзя суда Лепельскага раёна Наталля Сушко, паведаміў тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!". Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Уладальніка партала "s13" Сяргея Чабоцьку судзілі другі раз
6 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна прайшоў суд над уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу s13.ru Сяргеем Чабоцькам. Яго судзілі за "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" (ч. 1 арт. 24.23 КаАП). Рашэнне суда невядомае, паведаміў партал Hrodnalife. Справу разглядала суддзя Наталля Горбач.
25 кастрычніка мужчыну асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.
Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт парталу "s13" і яго сацсеткі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
У Смаргоні і Слоніме "зачыстка" — затрымана каля 50 чалавек
Як паведаміла сёмага лістапада "Гарадзенская праваабарона", у Смаргоні і раёне "зачыстка" закранула ня менш чатырох дзясяткаў чалавек. "Працуюць" таксама лідскія аператыўнікі. Нагоды для затрымання людзей самыя розныя: удзел у мірных акцыях яшчэ ў 2020 годзе, падпіскі на "экстрэмісцкія" сайты і тэлеграм-каналы, пастаўленыя подпісы ў 2020 годзе за кандыдатаў на выбарах, дапамога сем'ям палітвязняў, атрыманне дапамогі ад ініцыятыў. Затрымліваюць і тых, хто пастаянна жыве ў горадзе і тых, хто вяртаецца з-за мяжы.
Супраць некаторых распачалі крымінальныя справы паводле артыкулаў 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і 361 КК (Заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы).
У Слоніме было затрымана не менш дзесяці чалавек, у тым ліку вядомых людзей, некаторым ужо прысуджаны адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Некаторым пагражаюць крымінальнымі справамі.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Євген Карась✙", "Гродно и область: полезные новости", "Hrodna 11:27", "Šufliadka" з лагатыпам, "Haradzienski harmidar" з лагатыпам;
- Instagram старонка "talk_mara";
- YouTube-каналы "Беларуская мечта", "Быць Беларусам";
- Старонкі ў TikTok "АДРЮХА2", "Макс", "Вольны беларус", "Władisław Andreew", "страник", "andrei_gaponik", "javier.from.belar", "zekme.bу", "tokbelarus", "phoenix_inform", "user5395510724747", "mediazona_by", "breezejo", "barbara_ronde", "madmax8117", ".278708", "extremist2180_2.0", "bel.rada.visiоn", "romanchuk_s", "belarus_mara", "lessprit", "umounyja", "vetvi.vlasti", "racyjabelarus", "zmahar6", "sapraudny_bielarus", "ekstrim_bel_tv", "narco_cartel.rf", "byaroza_media", "osuzhdaem", "volfanchik".
У "экстрэмісцкі" спіс дадалі лагатып Telegram-каналу "Šufliadka" — літару "Š" з беларускага лацінскага алфавіту Мінінфарм назваў "польскай"
Міністэрства інфармацыі шостага лістапада абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншых, у яго дадалі Telegram-канал "Šufliadka" — адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 4 лістапада. Таксама "экстрэмісцкім" прызнаны лагатып каналу — "графічная выява белага колеру на чорным фоне ў выглядзе шуфлядкі, верхняя вечка якой намаляваная ў форме, падобнай з літарай "Š" з польскага алфавіту.
Адзначым, што ў польскім алфавіце няма літары "Š" — яна ёсць у шэрагу славянскіх моў, у тым ліку ў лацінскім варыянце беларускага алфавіту. Да нядаўняга часу, лацінскі варыянт транслітэрацыі з літарай "Š" сустракаўся ў грамадскіх месцах па ўсёй Беларусі.
У Лідзе спыніў працу вядомы ў горадзе рэстаран "Vashi Guli" — яго ўладальніка двойчы затрымлівалі за "экстрэмізм"
Пра закрыццё ўстановы шостага лістапада паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
Гэтым летам уладальніка ўстановы як мінімум двойчы затрымлівалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што закрыццё рэстарану звязанае з гэтым фактам.
У Лепелі супрацоўніка "Белтэлекама" судзілі за «экстрэмізм» на родным прадпрыемстве
Пра гэта паведаміў пятага лістапада тэлеграм-канал "Виетбск, я гуляю!".
Электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Юрыя Паршко абвінавачвалі па двух адміністрацыйных артыкулах — «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «несанкцыянаваным пікетаванні».Судовы працэс узначальваў суддзя Міхаіл Юрчанка.
Крыніца: Масавы хапун у рэгіёнах і абнаўленне "экстрэмісцкіх" спісаў: хроніка пераследу 6-11 лістапада