У нядзелю, 1 красавіка праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў г. Брэсце зноў зладзілі мірную акцыю, у якой прыняла ўдзел больш 100 чалавек. Сход адбыўся на плошчы Леніна, падчас якога некаторыя берасцейцы трымалі чорныя і жоўтыя паветраныя шары з надпісам "Жыць".
Як паведамляе “Радыё Свабода” мясцовы праваабаронца Раман Кісляк, падчас акцыі да ўдзельнікаў падыходзілі людзі ў цывільным і раілі не ўдзельнічаць у "несанкцыянаваным мерапрыемстве", але па папярэдняй інфармацыі затрыманняў удзельнікаў сходу не адбылося.
Напярэдадні, у суботу, 31 сакавіка праціўнікі будаўніцтва правялі яшчэ адну мірную акцыю з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да небяспечнай вытворчасці. За гадзіну мінакам было раздадзена 150 улётак пра шкоду свінцу і 50 чорных паветраных шароў, на якіх белымі літарамі было напісана слова "Жыць". Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.
Змаганне супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Брэсці працягваецца з пачатку гэтага году, калі людзі даведаліся пра пачатак яго будаўніцтва.
Пачынаючы ад 25 лютага падобныя акцыі ў форме маўклівых пратэстаў пад вядомай ужо назвай “кармленне галубоў” на галоўнай плошчы горада праходзяць амаль кожную нядзелю.
Берасцейцы сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу, якія перадалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода звярталіся з суд, але 27 сакавіка стала вядома, што Маскоўскі суд г. Брэста адмовіў у задавальненні пазовы грамадзян наконт спынення будаўніцтва акумулятарнага заводу "АйПаўэр".
"Ініцыятыўная група будзе абскарджваць гэтае рашэнне, і справа будзе разглядацца ў Берасцейскім абласным судзе. Таксама, мы рыхтуемся да судоў з іншымі скаргамі, яны будуць крыху з іншай нагоды, але таксама супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Тое, што грамадзяне атрымалі нэгатыўнае рашэнне суду, яшчэ не азначае, што барацьба супраць акумулятарнага заводу спынілася. Яшчэ некалькі працэсаў у судах Берасця будзе адбывацца наконт гэтага", — каментые рашэнне суда берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.
Крыніца: Змаганне супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Брэсце працягваецца