14.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-14 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Лідзе затрымалі музыку DjBIGACTION

Пра гэта стала вядома 13 лістапада. Імя музыкі — Павел Акушэвіч.

Ён праводзіў музычныя вечарыны ў лідскіх барах і рэстаранах, піша @nebovkletku. Сілавікі адзначылі, што ён выступаў ва ўстанове «Hookah_Place_Lida», на якую яны ўжо звярнулі ўвагу.

Апячаталі кватэру былой палітзняволенай фігуранткі «справы студэнтаў» Анастасіі Булыбенка 

Пра гэта дзяўчына паведаміла ў сваім Instagram 14 кастрычніка.

«На днях я даведалася, што маю кватэру ў Магілёве апячаталі. Хутчэй за ўсё гэта азначае, што я з'яўляюся часткай спецвытворчасці.

Гэтая кватэра — адзінае і апошняе, што засталося ў мяне ад бацькі, які знік без вестак у 2009 годзе.

У мяне няма ніякай інфармацыі аб тым, як і калі гэта адбылося. Людзі, якія там жылі, не змаглі назваць нават дату, калі гэта адбылося — верагодна, яны вельмі спалоханыя».

Анастасія Булыбенка — былая студэнтка БНТУ, якую адлічылі падчас восеньскіх акцый пратэсту. Дзяўчыну затрымалі 12 лістапада 2020 года і пазней асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па «cправе студэнтаў». Яна цалкам адбыла свой тэрмін, а пасля вызвалення з'ехала з Беларусі.

У Рэчыцы распачынаецца чарговы суд над Палінай Шарэндай-Панасюк 

14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна распачынаецца суд над палітзняволенай паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення.

Нагадаем, Паліна была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК. На волі жанчыну чакае двое сыноў — Славамір і Стах.

У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Нядаўна муж напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны.

Паводле Андрэя Шарэнды, Паліну на час суда перавялі ў рэчыцкі ІЧУ:

"...Там не выдаюць матрасаў і пасцельнай бялізны, загадваюць класьціся спаць на металічных пласцінах, а ў Паліны баліць спіна і таму яна мусіць начаваць на падлозе…

…Вядома агульнае — што ў яе ўвесь час баліць страўнік і спіна, але больш нічога ня ведаем".

Беларуса затрымалі пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы

У размове з правакатарам хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і разлічваў на змену ўлады. Але пасля зразумеў, што «не трэба змены ўлады, таму што выдатная ўлада».

На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што «едзе на Акрэсціна набірацца мужнасці і патрыятызму».

У Рагачове масавыя праверкі тэлефонаў у настаўнікаў і вучняў

Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» жыхары Рагачова паведамілі, што ў школах горада апошнімі днямі ідзе масавая «адпрацоўка» настаўнікаў і вучняў міліцыянтамі. У людзей правяраюць тэлефоны, шукаючы там «экстрэмісцкія» падпіскі і перапіскі з імі.

Мяркуецца, што масавыя міліцэйскія праверкі ў школах звязаныя з тым, што ў медыя з’явілася інфармацыя пра звальненне дырэктара школы № 4 Рагачова Аляксандра Лейкіна і суд над ім па адміністрацыйнай справе за «распаўсюд экстрэмізму».

Крыніца: Ціск на палітвязняў, праверкі тэлефонаў: хроніка палітычнага пераследу 12-14 кастрычніка