14.10.2024 Тэгі: палітвязні, гендарныя правы, гісторыі вязняў, зборныя матэрыялы Паліна Шарэнда-Панасюк глядзіць у калоніі відэа з сынам, вясна, 2024 год У зняволенні на дадзены момант утрымліваюцца 167 палітзняволеных жанчын, многіх з іх на волі чакаюць малыя дзеці. Хтосьці ў разлуцы ўжо чатыры гады, а некаторыя – зусім нядаўна. Маці, якія знаходзяцца за кратамі, вымушаныя спраўляцца не толькі з выклікамі зняволення, але і з перажываннямі праз немагчымасць клапаціцца пра сваіх дзяцей. Таксама рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае дзяцей як спосаб ціску на палітзняволеных жанчын, як гэта было ў выпадку Паліны-Шарэнды Панасюк ці Дар'і Лосік. У Дзень маці "Вясна" ўзгадвае некаторыя гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей.

Антаніна Канавалава, дачка і сын

Валанцёрку штабу Святланы Ціханоўскай Антаніну Канавалаву затрымалі 6 верасня 2020 года ў Мінску. Яе абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канал "Армія з народам", падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і падрыхтоўцы да іх іншых асобаў. Праз месяц быў арыштаваны муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, якому ў віну паставілі тыя ж дзеянні. У Сяргея і Антаніны пасля затрымання на волі засталіся двое дзяцей – чатырох і шасці гадоў. Іх за мяжу вывезла бабуля пасля затрымання бацькоў.

Антаніну і Сяргея асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі. Палітзняволеная адбывае тэрмін ў гомельскай жаночай калоніі, дзе ў яе пачаліся праблемы са зрокам. Яна атрымала інваліднасць трэцяй групы па зроку. 

Ужо больш за чатыры гады дзеці палітзняволеных Ваня і Насця не бачыліся з бацькамі.

Ганна Канавалава з унукамі
Ганна Канавалава (мама Антаніны) з унукамі

Таццяна Данілюк і трое сыноў 

Таццяну Данілюк з Кобрына затрымалі зусім нядаўна — чацвёртага верасня 2024 года за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Разам з ёй затрымалі яе мужа. Негледзячы на тое, што ў сям'і трое маленькіх дзяцей, жанчыну з мужам змясцілі пад варту. Яны чакаюць суд.

Валянціна Дамастой і трое дзяцей 

Вікторыя Дамастой першы раз была затрымана КДБ у канцы студзеня 2024 (падчас масавых затрыманняў родных і блізкіх палітвязняў) за тое, што нібыта пераводзіла грошы на рахункі палітвязняў. Тады супраць яе завялі крымінальную справу паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), але пад варту не ўзялі.

Падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля даследавання тэхнікі нібыта былі выяўленыя каментары ў сацсетках, па іх правялі экспертызу. Пасля атрымання вынікаў экспертызы Вікторыя была паўторна затрымана і змешчана пад варта.

Канчаткова Вікторыі прад'явілі абвінавачванне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (Паклёп на Лукашэнку), арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 342 (Актыўны ўдзел ці заклікі да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак), арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У Вікторыі на волі чакаюць трое непоўнагадовых дзяцей. Сама яна ўтрымліваецца ў турме № 1.

Наталля Давыдуліна і пяць дзяцей 

Наталлі Давыдулінай 47 гадоў, яна са Жлобіна. Яе таксама затрымалі падчасу "рэйду на салідарнасць". Жанчыну абвінавачваюць паводле ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яе судзілі ў Гомельскім абласным судзе.

З сацсетак Наталлі вядома, што ў іх з мужам вялікая сям'я — пяцёра дзяцей, з якіх адна дачка цяпер яшчэ ў малодшай школе. Адзін з сыноў Наталлі, Дзяніс Давыдулін — былы палітвязень. 

Паліна Шарэнда-Панасюк і двое сыноў 

Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй
Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй

Грамадскую актывістку з Брэста Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі трэцяга студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі. Дома засталіся двое сыноў: чатырохгадовы Стах і 11-гадовы Славамір. Яе муж Андрэй Шарэнда пазней мусіў з'ехаць з дзецьмі ад пераследу.

Зза тое, што Паліна нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дадому, ёй выставілі абвінавачванне паводле арт. 364 КК (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў. Пазней яшчэ па двух артыкулах – "абраза Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). У выніку ёй прызначылі два гады зняволення.

Але ціск, які аказваўся на яе ў СІЗА, не спыніўся ў калоніі: яе змяшчалі ў ШІЗА, ПКТ, а потым узбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Ёй дадалі яшчэ год зняволення. Паліна стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай паводле гэтага артыкула. Яе перавялі ў калонію № 24 строгага рэжыму. Першыя чатыры месяцы ў калоніі Паліну восем разоў змяшчалі ў ШІЗА, дзе яна правяла амаль тры месяцы, а потым перавялі ў ПКТ. На Паліну завялі яшчэ адну справу паводле ч. 2 арт. 411 КК. На судзе палітзняволеная заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі. У кастрычніку 2023 года жанчыне яшчэ дадалі год калоніі. 21 траўня 2024 года жанчына мусіла выйсці на волю, але гэтага не здарылася. Незадоўга да гэта з ёй знялі "пакаяльны" прапагандысцкі сюжэт. У свой тэрмін на волю яна так і не выйшла — паводле арт. 411 КК

У сакавіку 2024 года калі прапагандысты знялі сюжэт пра палітзняволеную, у кадр трапіла жоўтая бірка Паліны — на ёй было пазначана, што тэрмін зняволення мусіў скончыцца 21 траўня. Але ў гэтую дату Паліна не выйшла, ёй зноўку прад'явілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі".

Сёння, 14 кастрычніка, над ёй пачаўся трэці суд паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Жанна Волкава і двое дзяцей

Жанчыну затрымалі наўпрост ў школе 11 верасня 2023 года, куды яны прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці. 

Жанне выставілі абвінавачванне па шэрагу пратэсных артыкулаў і змяцілі пад варту. У кастрычніку 2023 года яе абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 342  (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Палітзняволенай прызначылі тры гады калоніі. Свой тэрмін яна адбывае ў калоніі № 4. На волі яе чакаюць двое дзяцей.

Ірэна Клявец і чацвёра дзяцей 

Спецыялістку Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры затрымалі летам 2022 года па "справе ЧКБ". Негледзячы на тое, што ў жанчыны чацвёра непаўналетніх дзяцей, яе ўзялі пад варту.

Яе абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), ч. 3 арт. 352 (неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. У выніку Ірэну асудзілі да шасці гадоў калоніі і этапавалі адбываць тэрмін у калонію № 4.

Ларыса Шчыракова і сын

larisa_shchiryakova_i_svyatoslav.jpg
Ларыса Шчыракова і сын Святаслаў

Былую журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года. Сына Святласлава ў той жа дзень забралі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Навасібірску, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.

Супраць Ларысы завялі крымінальную справу паводлеарт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Палітзняволеную асудзілі да трох з паловай гады калоніі. Яна не стала падаваць апеляцыйную скаргу. У хуткім часе пасля абвяшчэння прысуду яе этапавалі ў калонію.

Ганна Аблаб і двое непаўнагадовых дзяцей 

ablab_sud_2.png
Ганна Аблаб на судзе

Ганну затрымалі 22 верасня 2021 года. Супрацоўніца "Беларускай чыгункі" стала фігуранткай справы "Рабочага Руху"і адзінай абвінавачанай жанчынай па справе. Яе асудзілі да 11 гадоў калоніі за "здраду дзяржаве" і "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні".

Жанчына мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя.

Марыя Успенская і сын 

Марыя Успенская
Марыя Успенская

Марыю затрымалі 28 верасня 2021 года па падазрэнні ў саўдзеле са сваім мужам Андрэем Зельцэрам у забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Пасля здарэння ў яе пачаліся праблемы з псіхікай.

Жанчыну судзілі як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)". 16 чэрвеня 2022 г. агучылі пастанову па крымінальнай справе — прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом. Цяпер яна ўтрымліваецца ў РНПЦ псіхічнага здароўя.

Марыю на волі чакае сын, які яшчэ ходзіць у школу.

Больш гісторый палітзняволеных

Крыніца: Дзень маці за кратамі: 10 гісторый палітзняволеных жанчын