10.10.2024 Тэгі: суды, пераслед, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Рагачове за "лайкі" звольнілі з працы і судзяць дырэктара школы

У Рагачове звольнілі з працы дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна. Ён вядомы ў Рагачове не толькі як шматгадовы кіраўнік адукацыйнай установы, але і як краязнаўца. Мясцовая дзяржаўная газета шматкроць друкавала ягоныя краязнаўчыя матэрыялы пра гісторыю Рагачоўшчыны, піша "Гомельская Вясна".

На 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёна было запланаванае пасяджэнне, на якім Аляксандра Самуілавіча планавалі судзіць паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс вяла суддзя Аксана Гусева.

Крыніца ў Рагачове паведаміла, што Лейкіна пераследуюць за тое, што ён ставіў "лайкі" пад нейкімі пастамі ў сацыяльных сетках і такім чынам нібыта распаўсюджваў інфармацыю, якая змяшчалася ў тых пастах.

Ксёндз Юры Бараўнёў з Крулеўшчыны арыштаваны на 10 сутак

Пра затрыманне пробашча парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёна, ксяндза-каноніка Юрыя Бараўнёва стала вядома 7 кастрычніка. Пазней "Хрысціянская візія" паведаміла, што Каталіцкаму святару прызначылі 10 сутак па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Віцебская вобласць з'яўляецца "лідарам" па затрыманнях каталіцкіх святароў. Усяго з 2020 года праз адміністрацыйныя арышты прайшоў 31 ксёндз — з іх 13 з Віцебскай дыяцэзіі.

У Глыбокім затрымалі як мінімум пяць чалавек

Сцвярджаецца, што ўсе яны ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паводле інфармацыі "Медыязоны", адзін з затрыманых падпісаны ў сацсетках як Віталь Жыла.

Акрамя гэтага, затрымалі мужа і жонку з Глыбокага, якіх прымусілі на "пакаяльным відэа»"прызнацца ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Як паведамлялася раней, па звестках "Віцебскай Вясны" затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Кіраўніка Віцебскага рыэлтарскага агенцтва судзілі за "экстрэмізм"

У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 9 кастрычніка адбыўся суд над кіраўніком рыэлтарскага агенцтва Барыса Аўлукава. Яго абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік суда невядомы, паведамляе тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю". Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў.

Аўлукаў шмат гадоў займаецца рыэлтарскай дзейнасцю і з'яўляецца дырэктарам віцебскага агенцтва "Персанальны рыэлтар Нерухомасць".

Крыніца: Хапун у Глыбокім, суды за "экстрэмізм": хроніка пераследу 10 кастрычніка