07.10.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні, гісторыі вязняў Палітзняволеную зубную лекарку з Мінску Наталлю Кукішаву затрымалі супрацоўнікі КДБ восенню 2021 года па "справе Зельцэра". Але ў выніку асудзілі на два гады калоніі за каментары пра Лукашэнку. Цалкам адбыўшы пакаранне жанчына выйшла на волю, дзе сутыкнулася з пагрозамі ад участковага ў бок сям’і. У выніку мінчанка прадала дом і разам з сям’ёю з’ехала з Беларусі.

Наталля шчыра распавяла "Вясне", як у беларускіх турмах здзекуюцца з жанчын і ў якіх нечалавечых і прыніжальных умовах ім даводзіцца сядзець. Як палітзняволеную пенсіянерку Эму Сцепулёнак прымушалі ставаць на кукішкі, як ва ўсёй камеры пачалася менструацыя, а надзіральнікі не выдалі ніводнай пракладкі. Як у камеры па радыё штодзень уключалі "стэндапы" Лукашэнкі, а турэмны псіхолаг замест дапамогі распавядаў пра метадычкі рэвалюцый. А таксама Наталля падзялілася, як захоўвала псіхалагічнае здароўе ў калоніі і што сніла на волі.

natallja-kukiszava_2.jpg
Наталля Кукішава. Тут і далей фота з архіву гераіні

"Трэба было меней пісаць у інтэрнэце"

"Калі я пабачыла па тэлебачанні навіну пра смерць Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ, то спачатку не паверыла. Гэта было вечарам на працы. Падумала, што гэта нейкая чарговая пастаноўка. Ужо дома ў адным з тэлеграм-каналаў мне трапіўся артыкул са спачуваннямі ад Івана Церцеля (старшыня КДБ Беларусі) да сям’і памерлага кдбшнкіа. У канцы было напісана “Работайте, братья”. Я абурылася, як гэта “работайте”, калі забітыя два чалавекі. Я напісала: “Работайте, братья”. Это как?”. А таксама дадала, што ролік, падобна, запісаны для мянтоў, якія сумняюцца. І што ў кагосьці “падгніваюць арэшкі".

Наталля кажа, што яе каментар тычыўся не зместа відэа, а абставінаў яго публікацыі.

"Яно з’явілася а 18 гадзіне на першым беларускім канале, які глядзяць у тым ліку і дзеці. Пазней, калі мяне пасадзілі, мы смяяліся ўсёй камерай з каментароў, за якія нас затрымалі".

Ноччу таго ж дня жанчыне патэлефанавалі і папрасілі пад’ехаць у кватэру па месцы рэгістрацыі. Нібы дзверы ўзламвалі невядомыя. Па прыездзе Наталлю затрымалі супрацоўнікі КДБ.

"Сілавік спытаў, ці я пішу ў інтэрнэце. Паказаў мой раздрукаваны каментар і сказаў, што трэба было меней пісаць у інтэрнэце". 

"Пі*дун пляшывы". Каментар не быў адрасаваны ніводнаму з загінулых

"Спачатку мяне вазілі на апытанне і ў міліцыю. Але праз моцны стрэс тая паездка цалкам выпала з памяці. Па вызваленні, калі я станавілася на ўлік, міліцыянт сказаў, што памятае, як мяне затрымлівалі. Я запомніла толькі, як аглядалі мой заплечнік. Гэта такая посттраўматыка, што я нават зараз не памятаю нічога з таго эпізоду". 

У КДБ з Наталляй запісалі “пакаяльнае” відэа і казалі пісаць “выбачэнні на імя Церцеля”. Яна тлумачыла супрацоўнікам КДБ, што яе каментар не быў адрасаваны ніводнаму з загінулых. І што яна не разумее, за што яе затрымалі. Кдбшнікі ціснулі на жанчыну, каб яна прызнала, што нібы ездзіла на мітынгі ў Мінск. А таксама ставілі ў віну, што на працы яна выказвала сваю палітычную пазіцыю. Акрамя Наталлі, на допыты выклікалі яе сына і мужа.

"Пазней вынікі лінгвістычнай экспертызы майго каментара пра Зельцара паказалі, што па ім немагчыма вызначыць, што я мела на ўвазе. Але мяне асудзілі за два іншыя каментары пра Лукашэнку ў тг-каналах "Беларусь головного мозга" і "Чай з малінавым варэннем": "тварь" і "пі*дун пляшывы".

Наталля доўга спрачалася са следчым на адным з спатканняў праз тое, што першапачаткова ёй паставілі ў віну “распальванне іншай сацыяльнай варожасці” (арт. 130 КК).

"Калі, напрыклад, на вуліцы збіваюць чалавека, я падыходжу заступіцца. І мне не важна, кім працуе той, хто збівае, настаўнікам ці міліцыянтам. А тут аказваецца [у "справе Зельцэра"], калі ён мент, то значыць яго нельга было асуджаць. На маю думку, наадварот, сітуацыю абцяжарвае тое, што ён у форме", – дзеліцца разважаннямі суразмоўца.

Але ў выніку "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" ў канчатковым абвінавачванні не прад’явілі, а пакінулі толькі "абразу Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК). Наталля баялася, што па вызваленні яе могуць паўторна асудзіць па адмененым артыкуле.

Ва ўсёй камеры пачалася менструацыя. Надзіральнікі не выдалі ніводнай пракладкі

Адразу пасля затрымання пэўны час Наталлю ўтрымлівалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Яна апісвае, у якіх жорсткіх і нечалавечых умовах там знаходзілася. У 2-х меснай камеры жанчына сядзела з 16 іншымі затрыманымі. У камеры не зачыняўся туалет і не выдавалі туалетную паперу. Было вельмі халодна, бо не працавала ацяпленне. Спаць даводзілася на падлозе, некаторым – седзячы. Замест падушкі жанчыны выкарыстоўвалі бохан хлеба.

Зняволеных жанчын пастаянным прыніжэннем даводзілі да гістэрыкі. Падчас менструацыі прыходзілася з крыкам выпрошваць пракладкі, кажа Наталля.

“Аднойчы праз стрэс ва ўсіх жанчын у камеры ў адзін дзень пачалася менструацыя. Але супрацоўнікі ізалятара не выдалі нам ніводнай пракладкі”.

"Калі захварэеце, ніхто вас лячыць не будзе"

Калі да камеры падышла жанчына-медык, затрыманыя пачалі ёй скардзіцца, што ўся камера захварэла на прастуду. Ім выдалі толькі некалькі таблетак ад прастуды і пачалі вельмі актыўна мыць хлоркай падлогу у калідоры.

"Напэўна, яны баяліся ад нас заразіцца", – мяркуе жанчына.

Наталля кажа, што такая ж самая сітуацыя была і ў жодзінскай турме. Там з ёй у адной камеры сядзела палітзняволеная пенсіянерка Эма Сцепулёнак.

"Эма Антонаўна ляжала тры дні запар і нават не магла падняцца, бо моцна кружылася галава. Я на яе глядзела і думала, што яна не выжыве. Ніхто нічога не лекаваў.

Падчас адной з праверак стала блага сукамерніцы Алёне. Яна страціла прытомнасць і ўпала на падлогу. Правяраючыя не датыкаліся да яе, сказалі, каб мы самі падымалі. Прыйшоў лекар, даў таблетку і сказаў праз тры гадзіны падымацца. Ніякага абследвання ніхто не рабіў".

Разам з суразмоўцай сядзела жанчына, якая застудзіла мачавы пухір і не магла схадзіць у туалет. Але яна так і не дамаглася лекавання.

"У камеры Жодзіна была зламаная аконная рама, і пастаянна дзьмуў вецер. Мне скразняком надзьмула вуха. Ніхто, канешне ж, нічога не лекаваў. Нас адразу папярэдзілі: "Калі вы захварэеце, то мусіце разумець, што ніхто вас тут лекаваць не будзе".

"Падчас начной праверкі дзяўчына спрасонку ўпала з другога яруса"

Цягам ночы – а 24 і 3 гадзіне – камеру, дзе сядзела Наталля, будзілі на праверку.

"А 22 гадзіне адбой, а 24 ужо будзяць на праверку. Спаць не давалі ні ў дзень ні ў ноч. Пакуль усе 14 чалавек падымуцца і здадуць рапарт, пакуль заснеш, ужо зноў а трэцяй ночы будзяць на праверку. А шостай пад’ём".

Падчас такіх праверак патрабуюць імгненна злязаць з ложка. Зняволеныя не паспяваюць прачнуцца і рапартуюць скрозь сон. Адна дзяўчына спрасонку звалілася з другога яруса і атрымала вялікі сіняк на спіне.

"На наступны дзень да камеры падыйшоў ахоўнік і сказаў: "Калі вы нават руку зламаеце, ніхто яе лекаваць не будзе".

Адна дзяўчына праз стрэс і стомленасць падчас рапарту замест свайго імені сказала “Кузьма Чорны”. Яна пасля нават не памятала, што яе будзілі”.

За пыл на падлозе адпраўлялі ў карцар. Віцебскае СІЗА

Яшчэ калі Наталлю этапавалі з жодзінскай турмы ў віцебскае СІЗА, яна чакала ў так званым “стакане” – размеркавальнай камеры. На дзвярах асадкай быў напісаны невядомым спіс калоній і СІЗА з жорсткімі ўмовамі. Апошнім у спісе было віцебскае СІЗА, кажа Наталля.

"Ужо тады я разумела, што ў віцебскім СІЗА будзе жорстка. Там, канешне, рамонцік: паўсюль кафля, нармальныя ўнітазы. Але там абсалютна іншае стаўленне да палітвязняў. Напрыклад, падчас прыборкі да нас прыходзіў правяраючы, надзяваў чорную гумовую пальчатку і праводзіў пальцам па вуглах. Калі на пальчатцы заставаўся пыл, на цябе пісалі рапарт. На заўтра ты зноў дзяжурыш, і калі зноў знаходзяць пыл, цябе адпраўляюць у карцар. У жодзінскай турме было значна прасцей".

Жанчыны выпрошвалі ў надзіральнікаў туалетную паперу і пракладкі

У жодзінскай турме зняволеных ставілі ў прыніжальнае становішча. Ім даводзілася літаральна выпрошваць элементарныя сродкі асабістай гігіены: туалетную паперу і пракладкі. На дзень прыносілі толькі два чайнікі гарачай вады, кажа Наталля. Яе часткова выкарыстоўвалі для гарачых напояў і мыцця.

Сітуацыя абцяжарвалася яшчэ і тым, што сярод прадольных працавалі толькі мужчыны. Супрацоўніцы-жанчыны прыходзілі толькі на асабісты агляд, распавядае суразмоўца.

"Адразу па засяленні нам адзін раз выдалі пакет з зубной шчоткай, пастай, рулонам туалетнай паперы і пачкай пракладак. Сказалі, што гэта вам на месяц, як хочаце, так і карыстайцеся. Што такое рулон туалетнай паперы на месяц? Яго не тое, што на месяц, а на два тыдні не хопіць. Мы пачыналі выпрошваць паперу яшчэ днём. Вечарам маглі прынесці троху са склада. За вечар камера ўсё выкарыстоўвае, і на раніцу зноў пачынаецца выпрошванне.  

Прыносілі 2 літра кіпня на 14 чалавек. Гэтага зусім не хапала. Зранку мы рабілі сабе гарачыя напоі, а вечарам мыліся. Калі пачалі выдаваць туалетную паперу, то падчас праверак супрацоўнікі СІЗА яе разматвалі па ўсёй камеры".

Як распавядае Наталля, падчас рэгулярных праверках у камерах надзіральнікі больш здзекваліся са зняволеных, чым сапраўды шукалі забароненыя рэчы. Ва ўмовах дрэннай гігіены блыталі асабістыя рэчы зняволеных, якія пасля складана было адшукаць. 

"Яны нам выварочвалі рукавы ў адзенні, здымалі з падушак навалачкі і разам з адзеннем скідвалі ўсё ў адну кучу. Там і так з гігіенай даволі дрэнна, а пасля такіх праверак станавілася яшчэ горш.

У нас на кожную было па адным кубку, з якога мы і мыліся і пілі. Кубкі ніяк не пазначаныя. Падчас праверак таксама было немагчыма знайсці свой. Пасля ты бярэш гэты кубак і не ведаеш, хто з яго мыўся і як. А дзевачкі ўсе розныя, адна памые лепей, другая – горш. Гэтыя моманты для мяне былі вельмі складанымі".

"Адною рукою прыціскае галаву да сцяны, а другою цябе мацае"

Наталля апісвае, як адбываліся рэгулярныя дагляды. Затрыманых выводзілі з камеры на калідор, ставілі на расцяжку, а некаторых збівалі за недастаткова шырока расстаўленыя ногі.

"У калідоры нас ставілі тварам да сцяны. Надзіральніцы клалі дубінку на плечы і пачыналі па нас хлопаць. Адной рукой з дубінкай надзіральніца прыціскае тваю галаву да сцяны, а другою цябе мацае.

Каб мы шырэй расстаўлялі ногі, надзіральніцы білі нам ботамі па стопах. Жанчынам сталага веку і нізкага росту было вельмі цяжка стаяць у такой позе. Побач са мною стаяла зняволеная, у якой быў артрыт. Яна не магла так шырока расставіць ногі. За гэта яе з усяго размаху моцна ўдарылі па назе. Жанчына ледзь не ўпала".

Аднойчы на праверцы жанчынам загадалі сесці на кукішкі. Палітзняволеная пенсіянерка Эма Сцепулёнак не ўтрымалася і ўпала. Толькі пасля таго, як жанчына расплакалася, зняволеных перасталі саджаць на корткі.

Суразмоўца кажа, што чула, як мужчын з суседніх камер прымушалі бегаць па калідоры і хадзіць на кукішках. 

Па радыё штодзень на паўторы ўключалі "стэндапы" Лукашэнкі

У камеры жодзінскай турмы палітзняволеным кожны дзень уключалі запіс прамоваў Лукашэнкі і выступленняў з Усебелабускага народнага сходу. Перыядычна супрацоўнік турмы зачытваў па радыё артыкулы прапагандысцкай газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Трансляцыі былі запланаваныя ў якасці спецыяльных ідэалагічных мерапрыемстваў. Яны цягнуліся некалькі месяцаў штодзень з 10 да 12:30 гадзінаў, распавядае Наталля.

"Напачатку ўвогуле ўключалі кожны дзень. Адно і тое ж. І чым больш мы перакрыквалі радыё, тым грамчэй нам яго ўключалі. Даходзіла да таго, што ад гучнага радыё мы не чулі адна адну. Тады мы пераставалі размаўляць, бо гэта было бессэнсоўна.

Лукашэнку (яго выступы – заўв. рэд.) увогуле часта ўключалі. Не ведаю, што гэта за такі метад катаванняў. Але яны напэўна ведаюць, чым катаваць. Нейкі цырк".

Спачатку штодзённыя праслухоўванні прапаганды ўспрымаліся досыць лёгка, кажа Наталля. Жанчыны ў камеры весела абмяркоўвалі прамовы і смяяліся з некаторых цытатаў. Але хутка гучныя штодзённыя трансляцыі пачалі моцна раздражняць.

"Я старалася не думаць пра змест лукашэнкаўскіх стэндапаў. Мы з дзяўчатамі падчас іх нават не размаўлялі, каб радыё не ўключалі гучней.

Надзіральнікі яўна ўсведамлялі, што адбываецца і што яны робяць. Калі б не разумелі, што Лукашэнку не ўключалі б. Але перавыхаваць нас такім чынам немагчыма. Як кажуць, калі ў цябе ёсць любімая песня, пастаў яе на гадзіннік, і ў цябе больш не будзе любімай песні".

Зняволеныя, якія раней ставіліся нейтральна да выказванняў палітыка, знаходзячыся ў інфармацыйнай ізаляцыі пачыналі яго ненавідзець, распавядае суразмоўца.

"Першыя 45 дзён зняволення (у жодзінскай турме – заўв. рэд.) мы былі ў поўнай ізаляцыі і ўвогуле не разумелі, што адбываецца. Тады вельмі хваляваліся за блізкіх і сваякоў на волі. У некаторых дзевачак там заставаліся маленькія дзеці. А табе ў такім стане кожны дзень уключаюць Лукашэнку. Нават калі раней табе было на яго пляваць, то пасля такога – ну не".

У віцебскім СІЗА таксама штодзённа гучала радыё. Па ім транслявалі Першы нацыянальны канал. Наталля мяркуе, што яго наўмысна ўключалі вельмі гучна, каб вязні не чулі, што адбываецца на калідоры. Адключалі радыё толькі днём падчас праверак.

У туалеце адключылі ваду і на ўсю камеру стаяў смурод

У Наталлі ў камеры наўмысна адключалі ваду на суткі, каб зняволеныя не маглі змыць у туалеце.

"У туалет усё роўна ўсе хадзілі. Унітаз не закрываўся, выцяжкі ніякай не было. Усё гэта было проста прыкрыта блакітным тазам. Мы прызвычаіліся і асабліва смурод не адчувалі, хаця разумелі, што ў камеры смярдзіць. У той дзень вечарам да нас зайшла праверка. Начальнік праверкі як толькі патрапіў у камеру, ажно выпрыгнуў адтуль, такі там быў смурод. Мы потым доўга смяяліся з ягонай рэакцыі. Праз дзве хвіліны пасля праверкі нам далі ваду".

Турэмны псіхолаг замест дапамогі распавядаў пра метадычкі аксамітных рэвалюцый

Па прыбыцці ў калонію Наталлю павялі да псіхолага. Увесь непрацяглы час сеансу псіхалагіня імкнулася не глядзець у вочы зняволенай. А замест аказання псіхалагічнай падтрымкі казала, што пратэсты 2020 года арганізаваныя паводле “метадычак аксамітных рэвалюцый”. Таксама ў Наталлі пыталі, дзе яна плануе працаваць па вызваленні. Уся сустрэча цягнулася не больш за пяць хвілінаў.

Наталля не хацела звяртацца па дапамогу да тамтэйшага псіхолага, бо не давярала яму і баялася, што той не стрымае прафесійную таямніцу і распавядзе пра яе аператыўнікам.

"Я не хацела, каб пасля такога сеансу на мае балючыя месцы пачалі ціснуць у калоніі. Адна вядомая зняволеная была пазбаўленая лістоў, амаль не было званкоў ад родных. Яна не ведала, што з ейнай дачкой. Жанчына пачала рэгулярна хадзіць да псіхолага і распавядаць, што вельмі пакутуе ад такой ізаляцыі. У выніку ёй так і не аказалі ніякай дапамогі, але пазбавілі доўгатэрміновых спатканняў. Я не сцвярджаю, што гэтыя падзеі ўзаемазвязаныя,але пасля такога выпадку даверу да турэмнага псіхолага ў мяне больш не стала", – распавядае суразмоўца.

Таксама псіхолагі чыталі групавыя лекцыі аб недапушчэнні злачынстваў і аб шкодзе злаўжывання алкаголю.

"Тэма патрыятызму – таксама праца псіхолагаў, маўляў "радзіму трэба любіць". З дзяржсімволікай у турме таксама яны знаёмяць".

"Гімн ведаеце? Заспявайце мне пару радкоў"

У жаночай калоніі працуе намеснік начальніка адной з часцей калоніі з прозвішчам Янчанка. Ён здзекліва абыходзіцца са зняволенымі. Як распавядае Наталля, лепей не трапляць яму на вочы.  

"Напрыклад, ён сустракаў дзяўчат па вяртанні з фабрыкі. Мог сказаць адной з іх, што ў яе дрэнна прышыты гузік і пакараць за гэта. Іншым разам на праверцы ён падышоў да палітычнай дзяўчыны і спытаў: "А вы хоць гімн наш ведаеце?". Яна разгублена адказала, што ведае. "Ну тады заспявайце мне пару радкоў", – загадаў ёй Янчанка. Таксама ён любіў цытаваць на праверцы вершы і пытаць у знвяоленых, хто іх аўтар".

"Ты што, бл*ць, глуханямая?"

"Пры сустрэчы з Янчанкам трэба было абавязкова казаць: "Здравствуйте, гражданин начальник". Аднойчы ён не пачуў ад мяне патрэбнага яму вітання. Тады ён крыкнуў мне: "Ты што, бл*ць, глуханямая?". Гэты надзіральнік выклікаў мяне на размовы і пытаў, чаму я хадзіла на пратэсты і чаго мне не хапала працуючы лекаркай".

Жанчына расказвае, як перадузятае стаўленне да палітвязняў праяўлялася ў розных побытавых дробязях.

"Мне перад засяленнем у атрад не дазволілі апранаць чорныя шкарпэкті фірмы Mark Formelle, бо на іх ёсць белы лагатып "М". Я прыходжу ў атрад, а там усе ходзяць у такіх самых шкарпэтках. Тое ж самае з дуцікамі (зімовыя сапагі з сінтэтычнага матэрыялу). Мне іх не дазволілі ўзяць у атрад, бо на сапагах былі ўпрыгожанні. А ў атрадзе іншыя іх насілі. Мае дуцікі праляжалі ўвесь тэрмін на складзе. Па вызваленні мне са склада вярнулі ажно тры пары абутку, які перадавалі сваякі. Іх усе забаранілі праносіць у атрад".

За парушэнне правілаў калоніі зняволеных усім атрадам выводзілі на вуліцу разам з рэчамі.

"Звычайна перад вялікімі святамі ў атрадзе праводзілі шмон, то-бок, падрабязную праверку. Калі знаходзілі нейкія забароненыя рэчы, каралі ўвесь атрад. Трэба выносіць на вуліцу ўсе свае рэчы, якія захоўваюцца там у кардонных паштовых скрынях".

Наталля захоўвала мінімальную колькасць рэчаў, каб не было праблемаў падчас праверак. Калі б у скрыні не даставала чагосьці з вопісу, ёй маглі б выпісаць парушэнне.

"Аднойчы жанчына прынесла з кухні ў атрад без дазволу кавалак хлеба, каб пазней паесці. За гэта нас усіх вывелі на вуліцу, дзе мы пад праліўным дажджом чыталі правілы ўнутранага распарадку".

Калонія – самае чыстае месца ў Гомелі

Валошкавыя фуфайкі зняволеных заўсёды брудныя, кажа Наталля. Гэта праз тое, што ў калоніі жанчын пастаянна прымушаюць прыбіраць тэрыторыю.

"У атрадзе ты так проста не сядзіш. Цябе заўсёды накіроўваюць на прафілактычныя працы. Напрыклад, зімою я ніколі не апранала шлёпанцы, заўсёды была ў вулічным абутку. Бо нас пастаянна ганялі на прыборку тэрыторыі: чысціць снег або прыбіраць лужыны. Калонія, напэўна, была самым чыстым месцам у Гомелі, так часта мы там прыбіралі.

Як мы прыбіралі лужыны ў калоніі. Спачатку ты шуфлямі і венікамі зганяеш ваду ў каналізацыйны люк, які па ўзроўні знаходзіцца вышэй за лужыну. Гэта робіцца, нават калі ідзе дождж. Калі чакаецца буйная праверка, то трэба было дадаткова вымачваць лужы анучамі".

У турме забаронена эмпатыя

Правілы распарадку ў калоніі накіраваныя на тое, каб зняволеныя не маглі праяўляць эмпатыю і салідарнасць, кажа суразмоўца. Напрыклад, вязням забаронена дзяліцца любымі рэчамі.

"Калі дзяўчына сядзіць без перадач і я захачу падтрымаць яе сваімі рэчамі або ежай, то за гэта адразу пакаранне".

Зняволеныя, якія адбываюць пакаранне працяглы тэрмін, казалі Наталлі, што ў калоніі так жорстка стала менавіта пасля 2020 года.

"Напрыклад, раней надзіральнікі заплюшчвалі вочы, калі вязні разам пілі гарбату. Цяпер гэта забаронена. Таксама меней было даносаў.

Адна зняволеная, якая даўно сядзіць за забойства мужа, распавяла, што пасля 2020 года ў калоніі палепшылася ежа. Гэта таму, што стала шмат палітычных, якія па вызваленні распавядаюць СМІ пра жудасныя ўмовы ўтрымання", – распавядае суразмоўца.

"Калонія накіраваная на прыніжэнне чалавека"

Наталля кажа, што ў звычайным жыцці не магла ўявіць, наколькі абсурднымі могуць быць турэмныя правілы.

"Пакуль я там не пабыла, увогуле не ведала, што такое можа быць. Турэмны парадак – гэта такі дурдом, які ў нармальных людзей не ўкладваецца ў галаве. Я разумела, што ў турмах агулам не вельмі добра. Але ніколі раней не бачыла, каб да людзей так жахліва ставіліся.  Пастаянныя рапартаванні і прыборкі, забарона сядаць на ложак, пакаранне за "няправільна" засцелены ложак, немагчымасць раней за 21:30 пераапрануцца ў сваё адзенне, немагчымасць памыцца, калі трэба.

Калонія накіраваная не на выпраўленне, а на прыніжэнне чалавека. Каб развіць у цябе страх, і каб ты туды баяўся патрапіць наступны раз. Самі супрацоўнікі калоніі нам казалі: 2Вашае жыццё тут мусіць быць такім, каб вы сюды больш не захацелі".

Як перажыць зняволенне

Каб перажыць усе цяжкасці зняволення і вызваліцца ў нармальным псіхалагічным стане Наталля імкнулася ні з кім не ўступаць у спрэчкі і эмацыйна не рэагаваць на раздражняльнікі.

"Калонія вельмі дрэнна ўздзейнічае на чалавека. Некаторыя жанчыны, з якімі я сядзела ў СІЗА і якіх ведала як спакойных і прыемных у камунікацыі, у калоніі вельмі змяніліся ў горшы бок. Раптам пачыналі з усімі сварыцца. Даўнія сядзельцы правяралі новенькіх. Адмыслова задзявалі, правакавалі, лаяліся і чакалі тваёй рэакцыі.

Калі дазволіць сабе там рэфлексаваць, то назад у нармалёвы стан ужо не вернешся. Я сабе забараніла неяк рэагаваць на ўсё, што там адбывалася. Проста сабе загадала: "Усе канфлікты будзеш ацэньваць, калі выйдзеш".

"Мне пастаянна сніцца затрыманне"

Па вызваленні ўсё тое непражытае ў калоніі нікуды не знікла, дзеліцца Наталля. Жанчына часта прачынаецца сярод ночы. Ёй сняцца адныя і тыя ж сны пра затрыманне.

"Мне пастаянна сніцца затрыманне. Таксама сніцца, як садзяць у турму. У сне я адчуваю, што вось-вось сілавікі разбяруцца і мяне выпусцяць. І задаю сабе пытанне, чаму я не з’ехала раней, у мяне ж усё было ўжо падрыхтавана. Пасля я расплюшчваю вочы і разумею, дзе я.

Усе дзевачкі, з якімі размаўляю, кажуць, што ім сніцца затрыманне".

Участковы гразіўся забіць сабаку, а сына пасадзіць у турму

Па вызваленні Наталля стала на ўлік у адзяленне міліцыі. Да жанчыны дамоў стаў прыходзіць з праверкамі ўчастковы з прозвішчам Янук, які падчас візітаў пастаянна крычаў і вельмі груба сябе паводзіў. Ён намякаў, што можа забіць сабаку, а сына Наталлі гразіўся пасадзіць у турму.

"Ён з парога пачаў свой вар’яцкі маналог. Я яму нават не адказвала. Калі даходзіла да пагрозаў, ён пераходзіў на “ты”. Калі ў Беларусі адбывалася якая-небудзь гучная падзея, ён адразу прыязджаў да мяне з нейкімі неадэкватнымі пытаннямі. Напрыклад, у дзень, калі ўзарвалі расійскі ваенны самалёт у Мачулішчах, ён прыбег да мяне і пачаў пытаць, ці ёсць у мяне дома  дроны, ці мы збіраем у сваім доме нейкія тусоўкі.

Участковы патрабаваў, каб я заўсёды адчыняла яму дзверы, як толькі ён прыязджаў да мяне. Пагражаў майму сабаку: “Калі ты не адчыніш мне дзверы, мне будзе не складана кінуць шмат мяса з цвікамі твайму сабаку”. Міліцыянт даставаў электрашокер і махаў ім перад маім тварам. Маўляў, што вось што ён мае на выпадак майго супраціву".

"На волі я зноў замерла, бо мы збіраліся з’язджаць"

Суразмоўца баялася, што ўчастковы можа напісаць на яе ілжывую дакладную і яе зноў пасадзяць у турму. Да таго ж былі перасцярогі, што ёй зноў могуць прад’явіць абвінавачванні за "распальванне сацыяльнай варожасці".

"Я старалася не правакаваць таго ўчастковага. На волі я зноў замерла, бо мы сям’ёю збіраліся з’язджаць. Я баялася, што мой 130 артыкул могуць аднавіць і тады я не паспею нават выехаць з Беларусі. У той жа час у сына на працы затрымалі начальнкіа, а яго самога пачалі правяраць".

Знаёмая жанчыны казала, што калі пачнуцца прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе, то ўсіх палітычных пачнуць зноў пераследаваць. На той момант суразмоўца нічога не ведала пра эміграцыю, але ад знаёмых чула, што ўсе эмігруюць у ЗША. У выніку Наталля прадала свой дом і разам з мужам і сынам з’ехала ў Амерыку да сяброў. Там ёй дапамаглі з адаптацыяй і ўладкаваннем на новым месцы.

"Мы збеглі, бо ў Беларусі было страшна заставацца. Часам я гляджу назад і разумею, што калі мае сны ператворацца ў рэальнасць, я не вытрымаю".

Крыніца: "Мне пастаянна сніцца затрыманне". Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай