З прычыны новай хвалі адвольных арыштаў, прымянення вышэйшай меры пакарання і парушэння свабоды СМІ ў Беларусі эксперт ААН заклікаў улады краіны выконваць свае праваабарончыя абавязацельствы і выканаць рэкамендацыі, дадзеныя за апошнія два дзесяцігоддзі.
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці заявіў:
"На мінулым тыдні ўлады Беларусі зноў пайшлі на масавыя парушэнні права грамадзян на мірныя сходы: у сталіцы, Мінску, і па ўсёй краіне. Такім чынам прэзідэнт краіны прадэманстраваў як сімвалічнае, так і фактычнае нежаданне дамагчыся зрухаў у сферы правоў чалавека".
Дэманстранты сабраліся ў нядзелю, 25 сакавіка, каб адзначыць стагоддзе незалежнасці Беларусі - Дзень Волі. Аднак больш за 100 мірным пратэстоўцам, палітычным актывістам і журналістам не дазвалялі пакінуць свае кватэры, альбо іх затрымалі падчас мітынгу.
Шмат каму прад'явілі абвінавачванні ў парушэнні працэдуры арганізацыі масавых мерапрыемстваў на падставе закона, які падвяргаецца значнай крытыцы з прычыны таго, што, адпаведна гэтаму закону, любы грамадскі сход без дазволу ўладаў з'яўляецца злачынствам.
Вядучыя апазіцыянеры і былыя кандыдаты ў прэзідэнты былі сярод асобаў, якія падвергліся прэвентыўным хатнім арыштам за некалькі дзён да 25 сакавіка. Сярод іх быў былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і вядомы пісьменнік Уладзімір Някляеў.
"Паведамленні пра тое, што актывісты былі адвольна змешчаныя пад варту ў такіх гарадах, як Бабруйск, Брэст, Слуцк і Магілёў, павінны нагадаць нам пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі цэнтралізавана спланаваныя і арганізаваныя ўладамі", - кажа Харасці.
"Гэтая бясконцая хваля рэпрэсій паралізуе грамадства", - падкрэсліў Спецыяльны дакладчык. - "У сакавіку мінулага года сотні людзей былі адвольна змешчаныя пад варту і абвінавачваліся за ўдзел у несанкцыянаваных пратэстах супраць прэзыдэнцкага ўказу, які ўвёў падатак для асоб, якія не працуюць больш за шэсць месяцаў. Падобным чынам у кастрычніку мінулага года хваля карных мераў накрыла як меркаваных, так і фактычных удзельнікаў так званага Марша нязгодных".
У нядзелю ў межах рэпрэсій валанцёры з паважанай праваабарончай арганізацыі "Вясна" зноў сталі ахвярамі мэтанакіраваных нападаў.
"Падаўленне свабоды слова таксама працягваецца ў ранейшых маштабах па ўсёй краіне, паколькі дзяржава цалкам кантралюе СМІ. Міністэрства інфармацыі ў студзені 2018 г. аб'явіла аб блакаванні вэб-сайта Charter97.org, вядомы як цэнтральнае месца для выражэння крытыкі ў адрас ўрада. Было заяўлена , што сайт парушыў закон аб сродках масавай інфармацыі, але не было прад'яўлена ніякіх доказаў такога парушэнні", - дадаў эксперт.
"Улады Беларусі па-ранейшаму трымаюць сваіх апанентаў у турмах, нягледзячы на запэўніванні ў тым, што яны вызвалілі ўсіх палітычных вязняў. Мяне асабліва турбуе сітуацыя з Міхаілам Жамчужным, якога, па паведамленнях, нядаўна збіў іншы вязень. Я заклікаю ўлады звярнуць увагу на гэтае пытанне і адпусціць Жамчужнага і іншых палітычных апанентаў на свабоду", - заявіў Харасьці.
Спецыяльны дакладчык таксама заклікаў улады спыніць прымяненне смяротнай кары. Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца гэтая мера пакарання. На сённяшні дзень смяротнага пакарання ў Беларусі чакаюць сем чалавек. Двое з іх былі прыгавораныя ў студзені.
"Судовая машына забойстваў працягвае дэманстратыўна ігнараваць міжнародную крытыку і рэкамендацыі па замене смяротнага пакарання пажыццёвым тэрмінам. Заклікі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне так і не былі пачутыя", - са шкадаваннем паведаміў эксперт.
"Мінулы год быў адзначаны сур'ёзным пагаршэннем сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У ходзе першага квартала бягучага года я не ўбачыў ні змен, ні спробаў ці нават планаў спыніць пазбаўленне беларусаў іх асноўных правоў і свабод".
Спадар Харасці не раз заклікаў улады выконваць правы і асноўныя свабоды беларускіх грамадзян.
Спадар Міклаш Харасці (Венгрыя) быў прызначаны Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Радай ААН па правах чалавека ў 2012 годзе. У 1970-х гадах Харасці быў заснавальнікам руху за правы чалавека і свабодную прэсу, а ў 1990-х гадах ён стаў членам Нацыянальнага Сходу Венгрыі. З 2004 па 2010 гады ён працаваў у якасці прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. З 2010 года ён з'яўляецца прафесарам у некалькіх універсітэтах і выкладае дэмакратызацыю СМІ.
Незалежныя эксперты з'яўляюцца часткай так званых Спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры (найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме абароны правоў чалавека ААН) - гэта агульная назва незалежных механізмаў Савета для ўстанаўлення фактаў і маніторынгу, якія вывучаюць пэўную сітуацыю ў канкрэтных краінах, альбо тэматычныя пытанні ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць заробак. Яны не залежаць ад урадаў і арганізацый і выступаюць у сваёй асабістай якасці.
Крыніца: Спецдакладчык ААН па Беларусі заклікае спыніць парушэнні правоў і асуджае рэпрэсіі з боку дзяржавы