04.10.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, спецвытворчасць 25-гадовую актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь завочна асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Суд над над дзяўчынай адбыўся 2 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе. Працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Сяргей Мазураў.
Бажэну прызналі вінаватай у «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» (арт. 203-1 КК), «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «абразе суддзі» (арт. 391 КК).
На падставе ч. 1 арт. 179 КК Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі закона Рэспублікі Беларусь ад 05.01.2015) ёй прызначаны штраф у памеры 300 базавых велічынь, што складае 12 000 рублёў. На падставе арт. 188 КК Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі закона Рэспублікі Беларусь ад 09.01.2019) – у выглядзе штрафу ў памеры 350 базавых велічынь, што складае 14 000 рублёў. Ад гэтых пакаранняў яе вызвалілі, бо скончыліся тэрміны даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за гэтыя дзеянні.
На падставе ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.05.2021) Бажэне прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Апроч гэтага, суд пастанавіў спагнаць з дзяўчыны на карысць Коўганава Дзяніса Іванавіча 1 000 рублёў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды і дзяржпошліну ў даход дзяржавы ў памеры 87 рублёў. Вядома, што Дзяніс Коўганаў — падпалкоўнік міліцыі, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Рэчыцкага райвыканкама.
Бажэна Жолудзь — рэчыцкая актывістка, дзяўчына загінулага кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021-ым годзе. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года яна была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Крыніца: Рэчыцкую актывістку завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі