02.10.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні, відэа, пенітэнцыярная сістэма "Справа Зельцэра" — адна з самых гучных і масавых палітычных справаў Беларусі. 28 верасня 2021 года ў перастрэлцы ў мінскай кватэры загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Гэтая беспрэцэдэнтная падзея выклікала ў беларусаў буру эмоцый. За каментары з асуджэннем дзеянняў кдбшнікаў паводле крымінальных справаў асудзілі не менш за 124 чалавекі. Абсалютная большасць з іх была пазбаўлена волі. Амаль усе адбылі свае тэрміны цалкам у нечалавечых умовах і выйшлі на волю па заканчэнні тэрміну. Сярод іх — 38-гадовы творчы дзеяч Арцём Задруцкі. Публікуем яго маналог у гадавіну "справы Зельцэра".
"Усе кажуць пра тое, што катаванні і здзекі ў турмах спыніліся, нам трэба перагарнуць старонку і неяк ісці і шукаць нейкія новыя спосабы ўзаемадзеяння з тымі людзьмі, якія нас катавалі. Я лічу, што гэта не так, і яны [катаванні] не спыняюцца да гэтага часу і адбываюцца кожны дзень. Я сутыкнуўся сам з гэтым у турме, пачынаючы ад перапоўненых камер, сканчваючы рэальным збіццём і прымяненнем электрашокераў, дубінак і ўсяго астатняга".