30.09.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма Суд Першамайскага раёна Мінска у верасні разглядзеў чарговую крымінальную справу супраць палітзняволенага Змітра Дашкевіча. Гэтым разам актывіста абвінавацілі паводле арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым і прызначыла яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі.
Нагадаем, cпачатку актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады "хатняй хіміі".
Актывіст мусіў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. Гол таму суддзя Таццяна Дзеравянка прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
У гэтым траўні супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле "народнага" артыкула 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту. Але пазней, наўпрост падчас таго, як над ім ужо праходзіў суд, яму дадалі яшчэ адзін артыкул — за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Напрыканцы верасня суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым і дадала да папарэдняга тэрміну яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Пра гэта "Нашай Ніве" стала вядома ад сяброў сям'і.
Крыніца: Палітвязню Змітру Дашкевічу дадалі яшчэ 1 год і 3 месяцы зняволення