25.09.2024 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, правы чалавека, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны, гісторыі вязняў Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў Нобелеўскім лаўрэатам, знаходзячыся ў зняволенні. Аднак яшчэ да гэтага ён і "Вясна" атрымалі шмат буйных узнагарод. Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам трох гарадоў — французскага Парыжа і італьянскіх Генуі і Сіракузы. Пяць разоў Алесь вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.
Кожны раз з гэтых нагодаў спадар Алесь прамаўляў з усіх пляцовак пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, нагадваў пра неабходную дапамогу і дзякаваў за падтрымку. У ягоны Дзень народзінаў мы ўзгадваем ягоныя словы ў сувязі з разнастайнымі прэміямі.
Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію «За годны лад жыцця – 2020»
У 2020 годзе старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі і арганізацыя сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобелеўская прэмія». Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі ўзнагароду за іх ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.
Падчас урачыстага ўзнагароджання праваабаронца заўважыў, што ўручэнне гэтай узнагароды адбываецца ў той час, калі ў Беларусі ідзе мірная рэвалюцыя:
"Вось ужо паўгода беларускае грамадства вядзе захапляльную барацьбу за правы чалавека, за дэмакратыю і справядлівасць, барацьбу за права "звацца народам", як казаў наш класік Янка Купала, барацьбу з апошнім дыктарам Еўропы і яго рэжымам, які ён будаваў больш 26 гадоў. І гэтая барацьба не праходзіць без ахвяр.
У гэты няпросты для нас час прэстыжная прэмія "За годны лад жыцця" з’яўляецца для нас, праваабаронцаў "Вясны", моцнай маральнай падтрымкай. Узнагарода сведчыць, што тое, што мы робім 24 гады дзеля ўстанаўлення справядлівасці ў нашай краіне – гэта правільна і неабходна. Мы расцэньваем уручэнне гэтай прэміі не толькі як прызнанне якасці працы, мы ўспрымаем яе як знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з беларускім народам. І гэта ясны сігнал беларускім уладам пра тое, што свет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэннямі правоў чалавека і не прыме таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі мы не хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, трэба падтрымліваць беларускі народ сёння і цяпер. Мае калегі з "Вясны" таксама падвяргаюцца пераследу за праваабарончую дзейнасць”.
“Вясна” атрымала польскую прэмію імя Сержыу Віера дзі Мелу
Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі на ўручэнні прэміі нагадаў, што ўся гісторыя “Вясны” была моцна звязана з гісторыяй Беларусі:
“Ці займаліся б мы працай па абароне правоў у Беларусі, калі б ведалі, што яна зацягнецца на 26 гадоў? Калі б ведалі, што 17 гадоў зь іх “Вясна” будзе існаваць без рэгістрацыі, што дзясяткі нашых калег будуць выкінутыя з працы, пройдуць праз суды, вобшукі, застануцца без сацыяльнага забеспячэння? Дзяржава рабіла ўсё, каб змаргіналізаваць праваабаронцаў, звесьці уплыў “Вясны” на хаду падзей у грамадзтве да нуля. Але мы ўпарта не пагаджаліся і працавалі далей. […]
І вось прыйшоў гэты час, 2020 год, калі загаварыў народ. Сотні тысяч людзей выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыцяў на выбарах, супраць гвалту і патрабаваць пакараць злачынцаў, вінаватых у катаваннях. Улада захісталася, але пакуль што ўтрымалася, дзякуючы яшчэ большаму ўзроўню рэпрэсіяў і абмежаваньняў. […] У гэты складаны час праца “Вясны” аказалася як ніколі патрэбнай. У апошнія месяцы да нас прыйшлі сотні валанцёраў”.
"Вясна" атрымала прэстыжную польскую прэмію "Арол" імя Яна Карскага
За шматгадовую працу па абароне правоў чалавека, годнасці і дэмакратыі Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў прэстыжную польскую прэмію “Арол” імя Яна Карскага. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 17 верасня 2020 году.
Старшыня Праваабарончага цэнту “Вясна” Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, выказаў вялікую падзяку польскаму народу за падтрымку і адзнаку працы беларускіх праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і соцен тысяч людзей у такі цяжкі перыяд.
“З аднога боку, мы не верым да канца ў тое, што зараз адбываецца, але з ішага боку, прымаем актыўны ўдзел. Бо для гэтага і стваралася “Вясна”, каб у такія моманты аказваць максімальную дапамогу ўсім, хто трапляе ў цяжкія сітуацыі пры нашым рэжыме.
Узровень рэпрэсій зараз надзвычайна высокі. Тое, з чым мы зараз сустракаемся, цяжка з чымсьці параўнаць. Зараз мы перажываем сапраўдную прававую і цывілізацыйную катастрофу. Бо ціск на беларускае грамадства зараз неймаверны. І мы мусім дакладна разумець, што ўся маральная і палітычная дапамога, у якой мае патрэбу беларускі народ, патрэбна менавіта сёння”.
Алесь Бяляцкі звярнуўся да амбасадараў іншых еўрапейскіх дзяржаў з заклікам прыкласці ўcе магчымыя намаганні, каб спыніць хвалю рэпрэсій, якая абрынулася на Беларусь.
"Вясне" ўручылі прэмію АБСЭ "Абаронца дэмакратыі"
Цырымонія ўручэння Праваабарончаму цэнтру «Вясна» прэміі АБСЭ «Абаронца дэмакратыі» прайшла ў Мінску 28 красавіка 2020 году.
“Мы і думаць не маглі, што праз 25 гадоў усё яшчэ будзем мусіць працягваць барацьбу за правы чалавека. Ніхто не чакаў таго маштабу рэпрэсіяў, якія абрынуліся на беларускую грамадзянскую супольнасць. У краіне фактычна існуе неабвешчанае ваеннае становішча. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў. Забароненая любая грамадзянская актыўнасць. Год таму ў Беларусі было трое палітвязняў, сёння — больш як 350. Чацьвёра калег з „Вясны“ за кратамі. Існуе пагроза, што многія з нас бліжэйшым часам апынуцца ў турме.
У Беларусі адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны дапамагчы беларускаму народу, прымусіць беларускі рэжым пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю", — сказаў Бяляцкі ў сваёй прамове і завяршыў свой выступ словамі: "Жыве Беларусь!," — цытуе ягоныя словы Радыё Свабода.
Дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ўручылі прэмію імя Сахарава
16 снежня 2020 году ў Брусэлі адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”, якая была прысуджаная дэмакратычнай апазіцыі Беларусі 22 кастрычніка. Прэмію ўручаў спікер Еўрапарламента Давід Сасолі. Дэмакратычная апазіцыя Беларусі прадстаўленая Каардынацыйным Саветам, у склад якога ўваходзіць і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.
«Уручэнне прэміі Еўрапарламента шырокай беларускай дэмакратычнай апазіцыі з’яўляецца прызнаннем заслуг усяго беларускага народу, які сёння адчайна змагаецца за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Тое, што ў спісе лаўрэатаў ёсць і маё імя, я расцэньваю жэстам падтрымкі нашай грамадзянскай супольнасці, беларускіх праваабаронцаў, маіх сяброў з Праваабарончага цэнтру “Вясна”», — казаў Алесь Бяляцкі.
З нагоды ўручэння прэміі праваабаронца сказаў:
“Барацьба працягваецца за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, а гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў застаецца беспакараным. І гэта не дапушчальна ў Беларусі, якая з’яўляецца еўрапейскай краінай.
Сёння дзень Беларусі ў Еўрапейскім парламенце, у сэрцы Еўропы. Мы спадзяемся і заклікаем Еўрапейскі саюз, каб і наступны - 2021 год - быў для ЕС годам Беларусі”.
Дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ўручылі прэмію імя Сахарава
У 2013 годзе прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы абвясціў Алеся Бяляцкага лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гавэла на восеньскай сесіі ў Страсбурзе.Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, якая прысутнічае на цырымоніі ў Страсбуры, у сваёй прамове сказала, што Бяляцкі ад самага пачатку свайго шляху змагаўся за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Яна нагадала пра іншых беларускіх палітзняволеных і падкрэсліла, што іх вызваленне павінна быць умовай кантактаў з уладамі Беларусі.
«Гавэл — гэта сымбалічная постаць для дэмакратаў Беларусі. Алесь ня раз казаў, што Гавэл — гэта прыклад для яго. Незадоўга да сваёй сьмерці Гавэл накіраваў Алесю ў турму ліст падтрымкі. Алесь піша, што для яго гэты ліст стаў праменем надзеі і салідарнасьці. Я таксама спадзяюся, што гэты прамень салідарнасьці дапаможа Алесю і яго паплечнікам выйсьці пераможцамі ў іх барацьбе за справядлівасьць...», — распавяла яна.
—
У 2022 годзе лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру сталі старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр Грамадзянскіх Свабод» і расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял». Пра гэта 7 кастрычніка 2022 года паведаміў Камітэт прэміі.
Алесь Бяляцкі стаў трэцім чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай. Вядома, што Алесь хутка дазнаўся пра прэмію. 10 снежня 2022 году, у Осла Нобелеўскую прэмію міру замест старшыні "Вясны" артымала ягоная жонка Наталля Пінчук. У гэты дзень упершыню ў гісторыі прэміі Нобелеўская прамова прагучала на беларускай мове: спадарыня Наталля таксама перадала некаторыя словы Бяляцкага:
“Алесь ня мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагмэнты яго ранейшых выказванняў, твораў, развагаў. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.
То перадаю слова Алесю.
Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азэрбайджану, Узбэкістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто ня можа спыніць прагу людзей да волі. Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца...
Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіцьцё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.
Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.
— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.
— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.
Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.
Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, ня страцілі каштоўнасць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.
≤…≥
Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе. Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.
А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Ня бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна.
Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы: Свабоду беларускаму народу! Свабоду Вясьне! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»
Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру
Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка.
У інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” Алесь Бяляцкі казаў:
“Усе міжнародныя прэміі я расцэньваю як ясныя і дастаткова зразумелыя сыгналы, якія накіроўвае міжнародная супольнасьць у Беларусь. Прычым сыгналы на розных узроўнях. І беларускаму народу — што міжнародная супольнасьць бачыць беларускі народ, падтрымлівае ягонае змаганьне за дэмакратыю, за правы чалавека. І беларускім уладам — пэўная такая нота грамадзкай увагі, што мы не задаволеныя тым, што вы робіце з правамі чалавека, што вы не даяце людзям спакойна жыць. І дзесьці там ужо знаходзіцца сам ляўрэат, адной зь пятых задач. Ну, і таму вось гэтая дыпляматычная, палітычная і грамадзкая роля такіх прэмій значна большая, чым сама асоба ляўрэата. Я разумею гэта так”.
Крыніца: Алесь Бяляцкі: "Няхай мір застанецца ў маёй душы". З нагоды 62-годдзя старшыні "Вясны"