25.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, праваабаронцы, салідарнасць Асобы: Алесь Бяляцкі Прадстаўніцы дыпламатычнага корпуса краін Еўразвязу выказваюць салідарнасць са зняволеным кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім. У дзень ягонага нараджэння яны дзеляцца сваімі думкамі пра асобу праваабаронцы, які з’яўляецца сімвалам нязломнасці як для для беларусаў, так і для дэмакратычнага грамадства ва ўсім свеце.

“Вельмі хочацца ўбачыць і абняць яго на рэальнай свабодзе”

Аста Андрыяўскене, амбасадарка па асаблівых даручэннях амбасады Літвы ў Беларусі:

“З Алесем Бяляцкім я сустрэлася ў адзін з першых маіх працоўных дзён у Менску, калі я, як дыпламат, прыйшла назіраць у суд, і адразу ўбачыла і пазнала яго, а ён таксама назіраў за ўсім як праваабаронца. Было вельмі прыемна, што ён мяне таксама пазнаў (мы былі сябрамі ў сацыяльных сетках), пагаварылі пра Літву і Беларусь, мы тады планавалі візіт нашага міністра ў Менск, запрасіла і яго на сустрэчу з міністрам у амбасаду, ён, вядома, прыйшоў.

andryauskene-asta.jpg
Аста Андрыяўскене, амбасадарка па асаблівых даручэннях амбасады Літвы ў Беларусі

Потым сустракаліся на розных мерапрыемствах у Менску, разам з іншымі дыпламатамі хадзілі ў офіс “Вясны” выказаць салідарнасць, калі пачаліся першыя ператрусы ў арганізацыі.

Алесь Бяляцкі – не толькі вядомы праваабаронца, пісьменнік, Нобелеўскі лаўрэат, але, як мне падаецца – і гэта галоўнае – ён маральны аўтарытэт для многіх беларусаў (і не толькі). Нягледзячы на ўсе спробы яго зламаць, Алесь заўсёды застаўся верны сваім ідэалам, нікога не пераконваў, але сваім прыкладам і часам проста сваёй прысутнасцю паказваў, што добра, а што кепска. За гэта яго беларусы і любяць: за сумленнасць, за праўду, за ўнутраную свабоду, за веру ў перамогу дабра над злом.

Нобелеўская прэмія міру яму падыходзіць як нікому іншаму, ён заўсёды выступаў за мір, за свабоду і за справядлівасць. Вельмі не хапае яго інтэлігентнага, спакойнага погляду на сітуацыю, яго парадаў, яго глыбокага пачуцця гумару нават у самых складаных сітуацыях.

А яшчэ дадам, што ў ягонай прысутнасці заўсёды хацелася размаўляць па-беларуску. Не, ён вядома не прымушаў, але неяк сваім прыкладам натхняў вучыць беларускую мову нават і нас, дыпламатаў. Вельмі хочацца як мага хутчэй убачыць яго на волі. Мне вельмі запомніліся яго словы, што ён свабодны і ў турэмнай камеры, таму што самае галоўнае быць свабодным у душы, але ўсё ж такі вельмі хочацца ўбачыць і абняць яго на рэальнай свабодзе. Гэта галоўнае пажаданне – убачыць і яго, і ўсіх праваабаронцаў “Вясны” на волі як мага хутчэй”.

“Імпануюць ягоная мужнасць, прынцыповая пазіцыя і цярпенне да людзей

Крысціна Ёхансан, амбасадарка па Ўсходнім партнёрстве, прадстаўніца урада Швецыі па дэмакратычных сілах Беларусі:

“Мне пашчасціла сустракацца з Алесем Бяляцкім неаднаразова. На гэтым фотаздымку я ў снежні 2020 года ў амбасадзе Швецыі ў Менску ўручаю праваабаронцу прэмію АБСЕ “Абаронца дэмакратыі”. Гэта была апошняя наша з ім размова перад затрыманнем.

johannssen-2.jpg
Крысціна Ёхансан, амбасадарка па Ўсходнім партнёрстве, прадстаўніца урада Швецыі па дэмакратычных сілах Беларусі

Я яго памятаю аптымістам і веру, што ўсё абавязкова будзе добра, таму што так павінна быць. Мяне ў ім імпануюць многае, а калі коратка – гэта ягоная мужнасць, прынцыповая пазіцыя, а таксама цярпенне да людзей.

Ягонае значэнне для праваабарончага руху ва ўсім свеце нельга пераацаніць і таму ён узнагароджаны ў тым ліку і Нобелеўскай прэміяй міру.

 Хачу пажадаць яму і ўсім яго калегам перш за ўсё здароўя і сіл. І Алесю, вядома, каб ён змог вельмі хутка выйсці на волю”.

“За моцным чалавекам павінны стаяць моцныя людзі”

Ганна Казлоўска-Слупек,  першая дарадца амбасады Рэспублікі Польша ў Літве:

“Асоба Алеся Бяляцкага мае вялікае значэнне для Польшы як нязломны сімвал абаронцы правоў чалавека, якім для нас з’яўляўся прафсаюзны рух “Салідарнасць”.

З-за таго, што па сваіх гуманістычных і праваабарончых каштоўнасцях ён блізкі чалавек для палякаў, 13 снежня 2011 годзе міністр замежных спраў Польшы Радаслаў Сікорскі уганараваў яго як першага лаўрэата прэміі “Pro Dignitate Humana” (“За чалавечую годнасць”),  а ў 2021 годзе МЗС Польшы ўзнагародзіў гэтай прэміяй і арганізацыю “Вясна”, якая пасля ягонага арышту працягвала настойліва змагацца за правы чалавека.

kozlowska-anna.jpg
Ганна Казлоўска-Слупек,  першая дарадца амбасады Рэспублікі Польша ў Літве

Я мела гонар прымаць удзел у гэтых двух значных падзеях, але так атрымалася з-за сітуацыі ў Беларусі напрацягу ўсіх гэтых гадоў, што мне асабіста не давялося сустрэцца з Алесем па прычыне ягонага зняволення.

Аднак яшчэ ў 2011 годзе я пазнаёмілася з ягонаю жонкай – спадарыняй Наталляй Пінчук, пра якую я я ўзгадваю таму, што за моцным чалавекам павінны стаяць моцныя людзі. А яна менавіта такой і ёсць. У хуткім часе пасля затрымання свайго мужа Наталля прыязджала ў Польшу, каб атрымаць узнагароду з рук Радаслава Сікорскага. Яна ўразіла ўсіх сваёй нязломнасцю, спакойна і годна аднеслася да выклікаў. Канечне, прысутнічала і боль за зняволенне Алеся. Але усё ж яна з годнасцю і гонарам прадстаўляла свайго мужа і ягоную барацьбу.

У 2021 годзе мне давалося мець зносіны з актывістамі “Вясны”, якія з гонарам прынялі ўзнагароду ад імя Алеся.

Гэтыя гісторыі – доказы значэння дзейнасці Алеся Бяляцкага, за якім стаяць моцныя людзі і ў Польшы, і ў Беларусі. Вось таму лідары і маюць такую моц, што побач з імі моцныя людзі”.

Амбасадары краін Еўразвязу з Алесем Бяляцкім ля офіса
Амбасадары краін Еўразвязу з Алесем Бяляцкім ля офіса "Вясны". 2021 год.

Крыніца: "Ён свабодны і ў турэмнай камеры, таму што самае галоўнае быць свабодным у душы"