24.09.2024 Тэгі: ААН, палітыка, правы чалавека, рэпрэсіі У межах 57-й сесіі Рады па правах чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялог у дачыненні да групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (у адпаведнасці з рэзалюцыяй РПЧ 55/27). "Вясна" распавядае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
- Скрыншот: 57th Regular Session of Human Rights Council
Незалежныя эксперты
Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была прадстаўлена Карынай Маскаленкай і Сюзан Базілі.
У сакавіку 2024 года Рада па правах чалавека прадставіла групе ўсёабдымны мандат па ўзмацненні падсправаздачнасці, які спалучае ў сабе расследаванне і ўстанаўленне фактаў, захаванне доказаў, узаемадзеянне з зацікаўленымі бакамі і рэкамендацыі па пошуку шляхоў прыцягнення да адказнасці за парушэнне правоў чалавека і звязаныя з імі злачынствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі з траўня 2020 года.
Група экспертаў мае намер правесці сваё ўласнае расследаванне, не залежнае асобна ад УВКПЧ ды іншых упаўнаважаных органаў Рады па правах чалавека.
Карына Маскаленка прадставіла Радзе па правах чалавека ААН вусную інфармацыю, якую Рада запрасіла ў сваёй рэзалюцыі 55/27 аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:
"Выдатна разумеючы, што мы праводзім расследаванне ў галіне правоў чалавека ў адпаведнасці з нашым мандатам, мы тым не менш маем намер распрацаваць метадалогію, накіраваную на тое, што сабраная і захаваная інфармацыя створыць максімальныя ўмовы для таго, каб стаць прымальнай у судовым разглядзе. Мы кіруемся прынцыпамі аб'ектыўнасці ды бесстароннасці. Менавіта ў гэтым кірунку мы і маем намер добраахвотна і добрасумленна супрацоўнічаць з урадам Беларусі, у тым ліку просячы доступ на яе тэрыторыю. Мы па-ранейшаму спадзяёмся на станоўчы адказ на наш запыт і зноў звяртаемся да ўрада Беларусі з заклікам паўнавартасна супрацоўнічаць з нашым расследаваннем", — адзначыла Маскаленка.
- Карына Маскаленка (у цэнтры). Скрыншот: 57th Regular Session of Human Rights Council
Затым экспертка перайшла да самых апошніх падзей, звязаных з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
"Парушэнне правоў чалавека, якое мае дачыненне да нашага мандата, адзначаецца ў Беларусі з траўня 2020 года. У іх ліку: адвольнае пазбаўленне права на жыццё і свабоду, катаванні, жорсткае абыходжанне, уключна з сексуальным і гендарным гвалтам, адмова ў праве на належную прававую працэдуру і справядлівае судовае разбіральніцтва, адвольная адмова ў праве на ўезд на тэрыторыю ўласнай краіны, парушэнне правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірнага сходу, асацыяцый і на роўную абарону перад законам. Паведамленні аб сексуальным і гендарным гвалце відавочна заніжаныя, але ёсць дакладная інфармацыя пра тое, што некаторым жанчынам і мужчынам, што ўтрымліваюцца пад вартай, пагражаюць згвалтаваннем і ўжываюць прымусовае агаленне ды вобшукі. Лукашэнка нядаўна памілаваў дзясяткі людзей, якія былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах 2020 года. Хоць мы і вітаем аб'яву аб вызваленні гэтых асоб, мы таксама адзначаем, што яны складаюць толькі невялікую частку з тых, хто быў арыштаваны.
Мы заклікаем урад Беларусі распачаць неадкладныя і канкрэтныя меры для хутчэйшага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых паводле палітычна-матываваных абвінавачванняў, спынення судовага пераследу ахвяр ды іх сем'яў, прадастаўлення ім кампенсацыі шкоды, права на ўстанаўленне ісціны, справядлівасці. Нягледзячы на абвешчанае ўрадам вызваленне гэтых зняволеных, у Беларусі не слабеюць рэпрэсіўныя меры і запалохванні, накіраваныя на ўціск іншадумства, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у 2025 годзе.
Мы працягваем назіраць злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы і крымінальным заканадаўствам для мэтаў уціску любога іншадумства. Супраць асобаў, якія ўспрымаюцца як палітычныя апаненты, па-ранейшаму ўжываюцца абвінавачванні ды арышты ў адпаведнасці з КК за ажыццяўленне сваіх законных правоў на свабоду слова і асацыяцый. Працягваюцца затрыманні паводле адміністрацыйных і крымінальных справаў, катаванні і недапушчальнае абыходжанне з затрыманымі таксама шырока выкарыстоўваецца сілавікамі ў дачыненні да асоб, якія арыштоўваюцца ў сувязі з іх удзелам у пратэстах 2020 года. Грамадзяне Беларусі, вымушаныя пакінуць краіну, працягваюць пераследавацца, у тым ліку праз завочныя судовыя працэсы, канфіскуюцца іх актывы, маёмасць, а таксама выкарыстоўваецца практыка запалохвання ў дачыненні да сваякоў, якія працягваюць заставацца на тэрыторыі Беларусі. Мы таксама занепакоеныя пераследам беларусаў у выгнанні — за арганізацыю або ўдзел у мірных дэманстрацыях або сядзячых забастоўках. У траўні 2024 года Следчы камітэт прад'явіў беларусам абвінавачванне ў размытых правапарушэннях, нібыта звязаных з экстрэмізмам, што не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. Адзінай іх "віной" было правядзенне 25 сакавіка 2024 года Дня незалежнасці Беларусі за мяжой. Сістэматычна парушаюцца правы на справядлівае судовае разбіральніцтва. Мы вызначылі схему інструменталізацыі судовай сістэмы для ўціску іншадумства.
Акрамя таго, незалежныя адвакаты працягваюць заставацца пад пагрозай. Крымінальны пераслед, вынясенне абвінаваўчых прысудаў, пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі, асабліва ў дачыненні да тых, хто прадстаўляе інтарэсы вядомых лідараў апазіцыі і антыўрадавых актывістаў, становяцца ўсё больш і больш шматлікімі. Рашэнне аб прыпыненні адвакацкай практыкі прымаюцца не незалежным органам, а міністрам юстыцыі. Гэта істотна і негатыўна ўплывае на правы палітвязняў на адвакацкую дапамогу і на магчымасць выбару адваката. Урад працягвае выкарыстоўваць усепранікальную атмасферу страху, душачы ўсе праявы іншадумства, уключна з кіберпрасторай. Новае абсталяванне, электронныя сачэнні хутчэй за ўсё былі распрацаваныя для ўзмацнення маніторынгу анлайн актыўнасці напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Урад Лукашэнкі нясе адказнасць за практычна поўнае знішчэнне грамадзянскай прасторы і асноўных свабод у Беларусі. Большая частка апазіцыі знаходзіцца альбо ў турме, альбо была вымушаная іміграваць пасля выбараў 2020 года. Дзяржава Беларусь спрабуе задушыць любое жаданне ўдзельнічаць у дзейнасці, якая можа быць успрынятая як крытыка ўрада. Гэта задушвае практыку палітычных дэбатаў, паколькі Беларусь набліжаецца да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года. Мы маем намер уважліва сачыць за іх ходам. Асноўная адказнасць за ўстанаўленне расследаванняў і парушэнняў правоў чалавека ляжыць на дзяржаве Беларусь. На сёння нам не вядома ні пра адзін выпадак, калі вінаватыя ў гэтым былі б прыцягнутыя да адказнасці за магчымае дачыненне да парушэння правоў чалавека з 2020 года. Замест гэтага беларускія ўлады працягваюць падтрымліваць заганнае кола беспакаранасці, якое пануе ў краіне, душачы ўсе формы іншадумства, крыміналізуючы тых, хто толькі рэалізуе свае асноўныя правы і свабоды, у прыватнасці на свабоду выказвання меркаванняў. Мы будзем працягваць сачыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і збіраць звесткі для мэтаў падсправаздачнасці, у тым ліку праз прынцып універсальнай экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Мы прадставім ўсёабдымную справаздачу аб нашых высновах у сакавіку 2025 года".
Пасля гэтых словаў Карына Маскаленка перайшла да часткі выступу на рускай мове (да гэтага яна гаварыла на англійскай):
"Паважаныя прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь. Як ужо адзначалася, даклад нашай групы павінен быць прадстаўлены ў сакавіку 2025 года. Нашая група па-сапраўднаму зацікаўленая ў тым, каб працэс падрыхтоўкі і прадастаўлення дакладу адпавядаў высокім стандартам аб'ектыўнасці, незалежнасці, бесстароннасці. Гэтаму значна б спрыяла правядзенне двухбаковых, шматбаковых кансультацый з тым, каб улічыць пазіцыю і пункт гледжання ўрада Беларусі па ўсіх пытаннях. Для дасягнення гэтай мэты мы настойліва рэкамендуем беларускім уладам не ўхіляцца ад супрацоўніцтва з нашым мандатам..."
Дэлегацыя Беларусі
Затым слова ўзяла дэлегацыя Беларусі. Яе ўзначаліла Ларыса Бельская.
- Ларыса Бельская. Скрыншот: 57th Regular Session of Human Rights Council
"Ініцыяваная групай заходніх краін краінавыя сітуацыі ў Радзе ААН па правах чалавека не суадносяцца з рэчаіснасцю закранутых краін. Беларусь з'яўляецца менавіта такім выпадкам. [...] Вельмі зручна паказваць падаткаплатнікам міжнародныя рэзалюцыі і мандаты, каб тлумачыць, навошта падтрымліваць экстрэмістаў, якія дарэмна спрабуюць разваліць беларускую дзяржаву. [...] Давайце назавем рэчы сваімі імёнамі. Па-першае, Беларусь заўсёды кіравалася сваімі нацыянальнымі інтарэсамі [...] і не ўбудоўвалася ў навязаную мадэль унутранай і знешняй палітыкі, арыентаванай на геапалітычныя амбіцыі Захаду. Па-другое, для змены такога становішча Захад спрабуе ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы, выкарыстоўваючы шырокі інструментарый, уключна з палітычна-матываванымі рэзалюцыямі і мандатамі РПЧ, незаконнымі эканамічнымі санкцыямі, медыя-тэхналогіямі маніпулявання грамадскай свядомасцю, дэзінфармацыяй сітуацыі ў краіне і палітыкі беларускіх уладаў. Па-трэцяе, актыўна фінансуюцца і рэкламуюцца розныя экстрэмісцкія структуры, якія знаходзяцца на ўтрыманні Захаду", — сказала Ларыса Бельская.
Краіны, якія падтрымалі незалежных экспертаў
Дэлегацыі розных краін, зацікаўленыя ў тым, каб задаць пытанні групе экспертаў або пракаментаваць вуснае паведамленне, выступілі са сваім словам. Сярод краін, якія падтрымалі незалежных экспертаў, была Фінляндыя, якая выступіла ад групы краін Паўночнай Еўропы і Балтыі. Фінляндыя адзначыла сваю занепакоенасць у пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека.
"Мы падтрымліваем народ Беларусі ў яго патрабаваннях дэмакратыі. Мы падтрымліваем рашучую і мужную працу арганізацыі "Вясна" ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці, — заявіла міністарка замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтонен. — Заклікаем дзяржаву неадкладна спыніць сістэмны прыгнёт. Асуджаем жорсткае абыходжанне з палітвязнямі, заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама эфектыўнай рэабілітацыі. Рашуча асуджаем падтрымку Беларуссю Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Заклікаем Беларусь спыніць свой удзел у незаконнай дэпартацыі, прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, якія праводзяцца Расіяй".
- Скрыншот: 57th Regular Session of Human Rights Council
Дэлегацыя Еўрапейскага Саюза таксама прывітала незалежных экспертаў і выказала сваю занепакоенасць тым, што больш за 1 300 палітвязняў застаюцца ў зняволенні ў жудасных умовах.
"Заклікаем улады вызваліць у тым ліку Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча", — адзначыў Еўрапейскі Саюз і пацікавіўся ў незалежных экспэртаў атрыманнем больш падрабязнай інфармацыі аб паведамленнях у адмове ў належным судовым разглядзе і пераследваннях адвакатаў.
Незалежных экспертаў падтрымаў і Люксембург ад імя трох краін: Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга.
"Заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, у прыватнасці Алеся Бяляцкага, Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка і Насту Лойку", — адзначыў прадстаўнік трох краін і пацікавіўся ў незалежных экспертаў пераследамі, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой.
Незалежным экспертам падзякавала за даклад і Швейцарыя. Яна адзначыла, што нягледзячы на паведамленні пра вызваленне палітвязняў, за кратамі знаходзяцца яшчэ больш за 1 300 чалавек. Ім адмаўляюць у паслугах незалежных адвакатаў, а таксама ў медычнай дапамозе. Акрамя таго, прадстаўнік Швейцарыі нагадаў аб недапушчальнасці катаванняў.
Вітаў незалежных экспертаў і Ліхтэнштэйн:
"Жывая актыўная грамадзянская супольнасць з'яўляецца адной з асноваў дэмакратыі. Звужэнне грамадзянскай прасторы ў Беларусі, якое працягваецца, прыводзіць да закрыцця НДА, у той час як праваабаронцы, журналісты, адвакаты рызыкуюць сутыкнуцца з арыштамі і ўтрыманнем пад вартай без сувязі са знешнім светам. Многія з іх знаходзяцца за кратамі проста за тое, што ажыццяўлялі сваю прафесійную дзейнасць. Улады Беларусі павінны спыняць чапляць на НДА экстрэмісцкія цэтлікі, на такія, як Праваабарончы цэнтр "Вясна", а таксама ўстрымлівацца ад захадаў пераследу за супрацоўніцтва з ААН. Заклікаем Беларусь паўнавартасна супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі, забяспечваючы расследаванне ўсіх парушэнняў".
Польшча таксама падзякавала незалежным экспертам і звярнула ўвагу на вызваленне некаторых палітвязняў:
"Аднак гэта не сведчанне паляпшэння", — адзначыла Польшча і дадала: "Беларускія ўлады працягваюць душыць іншадумства, рэпрэсаваць апанентаў, меншасцяў, у тым ліку і польскае. Змены ў заканадаўстве пашырылі ўжыванне смяротнага пакарання. Польшча асуджае ўдзел Беларусі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны і цынічнае выкарыстанне мігрантаў".
Чэхія занепакоеная лёсам больш чым 1 300 палітвязняў. Яна заклікала Беларусь іх вызваліць і рэабілітаваць, у тым ліку Ігара Лосіка, Марыю Калеснікаву, Паліну Шарэнду-Панасюк.
"Беларусь павінна выконваць свае абавязкі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека", — адзначыла Чэхія.
Нямеччына падзякавала групе незалежных экспертаў і адзначыла, што рэжым Лукашэнкі пачаў татальныя рэпрэсіі.
"Якую падтрымку могуць дзяржавы аказаць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, што змагаюцца супраць рэжыму?" — спытала Германія.
Ірландыя назвала выбары 2020 года ашуканскімі. Яна асудзіла неправамернае выкарыстанне антытэрарыстычнага і антыэкстрэмісцкага заканадаўства і спытала, якія намаганні можна прыкласці да рэабілітацыі палітвязняў, якія нядаўна выйшлі.
Стварэнне групы незалежных экспертаў па Беларусі павіталі і ЗША. Штаты асудзілі бягучыя рэпрэсіі ў Беларусі і нагадалі аб наяўнасці транснацыянальных рэпрэсій беларусаў за мяжой. Акрамя таго, ЗША адзначылі вызваленне дзясяткаў палітвязняў, але "занадта многія несправядліва па-ранейшаму затрыманыя".
Аўстрыя заклікала Беларусь спыніць рэпрэсіі. Краіна занепакоеная жахлівымі ўмовамі ўтрымання пад вартай палітвязняў і выступіла з заклікам неадкладна і безумоўна іх вызваліць. Да словаў Аўстрыі далучылася і Францыя.
Малдова занепакоеная адвольнымі затрыманнямі і заклікала ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, а потым яго адмяніць. Іспанія таксама адзначыла, што Беларусь з'яўляецца адзінай у Еўропе краінай са смяротным пакараннем, і папрасіла спыніць парушэнні правоў чалавека. Тэму смяротнага пакарання закранула і Албанія:
"Беларусь не павінна заставацца адзінай у Еўропе краінай, якая мае палітвязняў. Таксама гэта адзіная краіна, якая ажыццяўляе смяротнае пакаранне. Мы неаднаразова прасілі ўвесці мараторый".
Румынія заявіла, што парушэнні правоў чалавека павінны быць расследаваныя і што неабходна забяспечыць правасуддзе. Акрамя таго, краіна выступіла з заклікам вызваліць усіх палітвязняў і асудзіла ўдзел Беларусі ў акце агрэсіі Расіі супраць Украіны.
З падобнай рыторыкай таксама выступілі Балгарыя, Чарнагорыя, Грэцыя, Украіна і Славакія.
Краіны, якія не падтрымалі незалежных экспертаў
КНДР нагадала, што Беларусь працягвае супрацоўнічаць з сістэмай ААН і назвала існаванне мандата незалежных экспертаў па Беларусі "селектыўным палітычна-матываваным падыходам пад падставай абароны правоў чалавека".
Эрытрэя адзначыла, што мандат — гэта неэфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і часу.
"Вельмі важна, каб Рада перанакіравала свой фокус на дыялог добрых узаемаадносін і павагу суверэнітэту. Правы чалавека павінны быць вольныя ад палітызацыі", — сказала Эрытрэя.
Расійская Федэрацыя ў сваім выступе сказала пра "выкарыстанне праваабарончай тэматыкі з мэтай ціску на Мінск" і "нагнятанні антыбеларускай істэрыі".
"Беспардонна выкарыстоўваюцца механізмы РПЧ, у гэтым выпадку так званых незалежных экспертаў, — заявіла РФ. — Мы перакананыя, што любая супярэчнасць унутры можа быць дазволена ўнутры краіны".
Лаоская народная Дэмакратычная Рэспубліка высока ацаніла "пастаянныя намаганні Беларусі".
Зімбабвэ павітала рэформы ў Беларусі, якія "ўмацоўваюць канстытуцыйны парадак і бяспеку ў краіне", і "паспяховае правядзенне парламенцкіх выбараў". І асудзіла "палітызаваныя меры, што прыносіць велізарную пакуту ні ў чым не вінаватым грамадзянам".
"У трэці раз у 2024 годзе ў гэтай Радзе разглядаецца так званая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Палітызацыя ўсё менш хаваецца і ўсё больш відавочная. Гэта разбазарванне рэсурсаў. Супярэчыць нормам Статута ААН", — заявіла Венесуэла.
Кітай "паважае суверэнны выбар шляхоў эканамічнага развіцця і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі" і выступае "супраць умяшання ва ўнутраныя справы замежнымі суб'ектамі пад якой-небудзь падставай".
Нікарагуа выказаў безумоўную падтрымку Рэспубліцы Беларусь і назваў мандат незалежных экспертаў "псеўдамеханізмам", палічыўшы гэта ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны.
Сірыйская арабская Рэспубліка выказала "непрыманне практыкі навязвання парадку дня праз мандаты, якія ствараюцца". З падобным стаўленнем да мандата выступілі Ісламская рэспубліка Іран, а таксама Куба, якая ў тым ліку выказала "непахісную падтрымку Беларусі і яе народа".
Што казалі праваабаронцы
Няўрадавыя арганізацыі, якія выступілі на інтэрактыўнай дыялогу, цалкам падтрымалі мандат незалежных экспертаў па Беларусі. Сярод такіх НДА:
National human Rights association, Article 19, Human Rights house foundation, Міжнародная калегія адвакатаў. А Right Livelihood і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай:
"Па меры набліжэння новага цыклу прэзідэнцкіх выбараў мы працягваем быць шакаванымі пастаяннымі рэпрэсіямі супраць усіх фундаментальных свабод у краіне. Хоць мы вітаем вызваленне некаторых палітычных зняволеных, рэальнасць такая, што адвольныя арышты працягваюцца кожны тыдзень. Улады працягваюць называць асобных людзей і арганізацыі экстрэмістамі або тэрарыстамі, асуджаючы завочна нават тых, хто пакінуў краіну, што яшчэ больш узмацняе ўціск і прымушае замаўчаць іншадумцаў.
У краіне па-ранейшаму ўтрымліваюцца 1 351 палітычны зняволены, якія знаходзяцца ў жорсткіх умовах і супраць якіх ужываецца бесчалавечнае абыходжанне, у тым ліку катаванні. Паводле апошніх дадзеных, шасцёра з іх цалкам знаходзяцца ў ізаляцыі, для іншых зносіны вельмі абмежаваныя. З моманту зняволення ў ліпені 2021 года, старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі змог абмяняцца толькі некалькімі паштоўкамі са сваёй сям'ёй.
Мы не можам дапусціць, каб будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі сталі паўторам падзей 2020 года. Міжнародная падсправаздачнасць застаецца вельмі важнай. Пакуль мы працягваем заклікаць усе зацікаўленыя дзяржавы выкарыстоўваць свае палажэнні аб універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення беларускіх уладаў да адказнасці за іх злачынствы, мы звяртаемся да групы экспертаў: як вы маеце намер каардынаваць сваю дзейнасць з іншымі механізмамі адказнасці для пашырэння расследавання грубых парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі?"
"Дайце выказацца ахвярам – палітычным зняволеным у Беларусі і іх будучыні"