02.09.2024 Тэгі: суды, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрымалі мужчыну за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах

Праўладны тэлеграм-канал 1 верасня паведаміў пра затрыманне мінчука за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 года. На пакальным відэа мужчына кажа, што "выходзіў на праезную частку, каб сфатаграфавацца".

Па папярэдняй інфармацыі, імя затрыманага – Максім Карабак.

Палітвязняволенаму Арцёму Лапікаву збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Арцёма затрымалі ў жніўні 2023 года. У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва 7 верасня 2023 года яго асудзілі паводле арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Суддзя Жанна Пушкіна прызначыла Арцёму 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вязень адбывае пакаранне ў ваўкавыскай калоніі № 11. 2 верасня ў Ваўкавыску адбыўся суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка. Вынік суда пакуль невядомы.

Палітвязня Максіма Матырку хочуць перавесці на турэмны рэжым

Максім Матырка. Фота: august2020.info

За апошнія два гады палітвязня асудзілі ўжо тройчы — спачатку за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 342 КК) і падпал машыны (арт. 218 КК), а пазней за "злоснае непадпарадкаванне дміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). Максіму прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але прысуд па справе за "непадпарадкаванне", невядомы. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9.

Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раэна будзе разглядацца справа аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс будзе весці суддзя Алена Шляхціцава.

Жыхара Баранавічаў затрымалі за каментары пра міліцыянтаў — ён назваў ГУБАЗіК экстрэмісцкім фармаваннем

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што мужчына "адправіцца адбываць доўгае пакаранне за абразы і пагрозы на адрас супрацоўнікаў МУС". Пра гэта стала вядома 31 жніўня.

Крыніца: Затрыманне за пратэсты і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 1-2 верасня