28.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, дыфамацыя "Медыязоне" стала вядома, што другога жніўня 2023 года ў турме ў Жодзіне памёр зняволены, асуджаны паводле палітычных артыкулаў. Пра гэта выданню паведаміла ўласная крыніца. Журналісты не называюць ягонае імя ў мэтах бяспекі сям'і. Ён стаў сёмым беларусам, асуджаным паводле палітычных матываў, які памер за кратамі.

Як беларусы паміраюць праз палітычны пераслед

"Вясна" ўзгадвае ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія памерлі за кратамі ці праз наступствы ціску і ўмоваў утрымання ў ізалятарах, а таксама праз перавышэнне паўнамоцтваў і ціск з боку сілавікоў.

Прычына смерці — унутрымазгавое кровазліццё, спалучанае з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, як паказана ў дакументах. У рэдакцыі ёсць яго імя, фота пасведчання аб смерці, а таксама фота яго магілы. Мужчына не быў прызнаны палітвязнем. 

Паводле выдання, у лістападзе 2022 года памерлы мужчына быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (ч. 3 арт. 361, КК), паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Верагодна, гаворка ідзе пра бацьку і мужа беларусаў, якіх дэпартавалі са Швецыі напрыканцы жніўня 2024 году, пасля чаго затрымалі на мяжы Беларусі. "Свабода" паведамляе, што сям'я ўдзельнічала ў пратэстах і жыла ў Беларусі да восені 2022-га года. Тады ў адзін з вечароў бацька і муж не вярнуўся з працы дадому. У выніку даведаліся, што супраць мужчыны завялі крымінальную справу, а ён знаходзіцца ў СІЗА. На хатні адрас сям’і пачалі прыходзіць лісты са Следчага камітэту з просьбай з'явіцца на допыты. Праз нейкі час маці і сын вырашылі з'ехаць з Беларусі. Пазней да іх прыехала дачка. "Свабода" таксама пацвярджае артыкулы, паводле якіх быў асуджаны бацька і дату ягонай смерці.

Крыніца: У жніўні 2023 года ў турме памёр асуджаны паводле палітычных артыкулаў