28.08.2024 Тэгі: праваабаронцы, рэпрэсіі Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах “Іх расшуквае міліцыя”. Пры гэтым праваабаронца пад час следства і падрыхтоўкі да судовага працэсу камунікаваў з пракуратурай і гомельскім судом, не хаваючы свайго цяперашняга месцажыхарства.
Нагадаем, У Гомельскім абласным судзе 17 чэрвеня завяршыўся завочны суд над былым палітвязням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была ўзбуджаная ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавацілі па частках 1 і 2 арт. 361-4 ("садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці") Крымінальнага кодэкса. Яму канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 650 базавых велічынь.
Каментуючы з'яўленне ў Гомелі арыенціровак на сябе Леанід Судаленка адзначае:
"Рэпрэсіі супраць мяне, як праваабаронцы пачаліся за абарону і дапамогу пратэстоўцам 2020 года. Тады беларусы па ўсёй краіне выйшлі абараняць Канстытуцыю, а рэжым адказаў нябывалым гвалтам і рэпрэсіямі. У выніку закрытага і несправядлівага суда мяне таксама кінулі ў турму.
На волі я не замоўк, стаў публічным, каб тэма рэпрэсій, умоваў утрымання палітвязняў у беларускіх турмах як мага шырэй разыходзілася па свеце. І ў адказ новыя крымінальныя абвінавачанні і новы турэмны тэрмін. Як і іншых, хто выехаў з краіны з меркаванняў бяспекі і відавочных палітычных рэпрэсій мяне абвясцілі ў вышук! Гэта значыць, у выпадку вяртання мяне тут жа арыштуюць з вялікай рызыкай падвергнуць катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню.
І наш адказ павінен быць наступны, нас не трэба шукаць, вярніце ў краіну канстытуцыйную законнасць і разам з ёй вернемся і мы. Барацьба за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю не заканчваецца ніколі!"
Леанід Судаленка – трэці праваабаронца, каго абвясцілі ў вышук. Раней арыенціроўкі развешваліся на праваабаронцу Ігара Казмерчака з Воршы і Алену Маслюкову са Светлагорску.
Дарэчы, на паперы, вывешанай на стэндзе, пазначана таксама і прозвішча жыхара вёскі Цярэнічы Гомельскага раёна Васіля Рыбчынскага. Яго абвінавачваюць ва ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Крыніца: “Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю”: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя