У панядзелак, 26 сакавіка ў судзе Савецкага раёна г. Мінска чакаўся судовы разгляд адміністрацыйных спраў валанцёраў-назіральнікаў РПО "БХК" і ПЦ "Вясна", якія збіраліся ажыццяўляць грамадскі кантроль мірнага сходу на пл. Якуба Коласа. На 5 з 8 затрыманых былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Увечары пасля затрымання праваабаронца Наста Лойка ў фэйсбуку паведаміла, што пры затрыманні было шмат парушэнняў:
Я прасіла супрацоўнікаў прадставіцца і патлумачыць мае правы, у выніку чаго мяне даглядзелі толькі праз 5 гадзін. Затрыманне цягнулася 8 гадзін, 5 з якіх мяне пратрымалі ў двары каля сцяны. А яшчэ да нас не пусцілі адвакатаў.
Хоць дата суда была прызначаная, але працэсы так і не адбыліся. Прычынаў такога рашэння ні ў судзе, ні ў РАУС не патлумачылі. Праваабаронцы мяркуюць, што судоў увогуле можа не быць.
Пра затрыманне 25 сакавіка эмацыйна распавядае на старонцы ў фэйсбуку назіральніца Таццяна Мастыкіна. На яе быў складзены пратакол не толькі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а яшчэ і па 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванню міліцыянта) за тое, што не хацела здаваць адбіткі пальцаў да пратаколу.
Першы раз мяне павялі здымаць адбіткі пальцаў пасля 1—1,5 гадзінаў затрымання. Апынуўшыся першы раз у гэтым кабінеце, я зразумела, што са мной збіраюцца зрабіць — і адмовілася. Узгадалася нешта з разраду таго, што дактыласкапію ў абавязковым парадку могуць праходзіць толькі ваеннаабавязаныя і падазраваныя ў крымінальных справах. Я, відавочна, ні там, ні там, таму адмовілася катэгарычна. Мяне зноў вывелі ва ўнутраны двор Савецкага РАУС да іншых затрыманых. Усяго затрыманых было каля 50-і. Яшчэ 3—3,5 гадзіны каля сценкі. На працягу гэтага часу мне так і не сказалі, на якой падставе я затрымана. Калі ў двары засталося 4 чалавекі, мяне папрасілі зноў прайсці ў будынак РАУС. Прайшла.
Мяне зноў падвялі да гэтага кабінета. Навокал не было нікога з затрыманых. Толькі супрацоўнікі праваахоўных органаў, каля 10 чалавек. Амаль усе былі па форме, без жэтонаў. У цывільным знаходзіліся супрацоўнікі, якія фатаграфавалі і яшчэ адзін, якога ўсе слухаліся. Асноўную размову са мной вёў менавіта ён:
— Цяпер буду браць у вас адбіткі пальцаў.
— Я не буду здаваць. Я супраць.
— Альбо добраахвотна, альбо мы самі возьмем.
— Гэта незаконна.
— Назавіце артыкул, па якім незаконна.
— Я не ваеннаабавязаны мужчына, таму маю права адмовіцца.
— Артыкул мне назавіце.
Вядома ж, артыкул і дакумент я не трымаю ў памяці, у сувязі з гэтым і сказаць не было чаго. Таму я пачала спачатку, звяртаючыся да ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія перада мной стаялі:
— Назавіцеся, калі ласка. Вашыя імя і прозвішча і званне.
Вось тут ужо ім не было што мне адказаць. Я працягвала:
— Вы дзейнічаеце не па працэдуры!
На што яны толькі пераглянуліся і ўсміхнуліся. Стала зразумела, што ўсё вырашана, у мяне не пытаюцца дазволу, ігнаруюць закон, працэдуру... Мне не казалі, за што я затрымана, мне не называліся, мне не тлумачылі мае правы. Яшчэ некалькі спробаў з іх боку ўгаварыць мяне здаць адбіткі добраахвотна. Адмовілася прынцыпова.
Калі яны зразумелі, што добраахвотна я не здам адбіткі, супрацоўнік у цывільным даў каманду мяне трымаць. Я рэзка села на кукішкі, заціснула свае рукі паміж нагамі, учапілася пальцамі ў свае ж шчыкалаткі. Мяне спачатку спрабавалі падняць, але выходзіла толькі мяне ўсю — згрупаваную. Пачалі са мной важдацца. Далей супрацоўнік у цывільным, чые каманды ўсе без пярэчанняў выконвалі, сказаў трымаць мацней. Сам жа ўзяўся за мае рукі ў раёне плечаў, упёрся ступнямі сваёй нагі мне ў калені і пачаў мяне разгінаць, выцягваючы мае рукі. Калі з гэтай задачай ён справіўся, то другі супрацоўнік, што стаяў за мной заламаў і трымаў мяне за руку за спінай. Двое іншых блакавалі мяне і трымалі маю другую руку. Кулак я старалася не расціскаць з усіх сіл. Спачатку мне выламвалі пальцы, я крычала, на што атрымлівала адказы тыпу:
— Сама вінаватая.
— Трэба было адразу — адпусцілі б ужо даўно.
— Можа, далей добраахвотна здасць?
Я крычала, што гэта незаконна, не паводле працэдуры, яны здзяйсняюць злачынства. Яны працягвалі са мной важдацца. Адбіткі здымаў усё той жа супрацоўнік у цывільным, яшчэ двое дапамагалі яму выкручваць мне пальцы.
Потым яны адкрылі для сябе новы прыём: каб не выломліваць мае пальцы, яны намацвалі пазногаць і за яго расціскалі кожны палец паасобку. Было балюча. Вельмі. Усё, што я магла рабіць у гэтай сітуацыі, гэта тузаць пальцамі, каб адбіткі змазваліся. Вядома, гэта прыводзіла да таго, што яны перараблялі пэўныя пальцы па два разы. Але гэта быў мой адзіны спосаб працягваць выказваць нязгоду. Усё гэта суправаджалася насмешкамі, здзекамі, абразамі на мой адрас:
— Мабыць, нешта нарабіла, раз так не хоча праходзіць дактыласкапію.
— Ну вось, цяпер адкатаем — і можна ў войска забіраць.
— Табе мазгі прамылі.
— Дурніца.
— Сядзець дома трэба было.
Гэта найжахлівейшая сітуацыя, калі ты нічога не можа зрабіць, дзе закон табе не дапамагае, паколькі не выконваецца тым, хто павінен ахоўваць яго і абараняць. А ў паветры амаль няма кіслароду, бо ўсё прасякнута іх ўпэўненасцю ва ўласнай беспакаранасці. І ты задыхаешся, задыхаешся ад таго, што цябе скруцілі, прыціснулі, заціснулі і незаконна катаюць твае пальцы, не зважаючы на тваё права на асабістую недатыкальнасць. Ты крычыш, абураешся, глядзіш на чалавека, які трымае цябе, а яны табе ў вочы не глядзяць. Трымаюць, круцяць, выломліваюць, выконваюць загад, але ў вочы не глядзяць. Тым часам супрацоўнік у цывільным з нездаровым азартам адбівае палец за пальцам, палец за пальцам. Што застаецца? Крычаць? Крычала! Але я ж у РАУС!!! Хто ў такой сітуацыі прыйдзе на дапамогу?
Пасля зняцця адбіткаў пальцаў мяне паставілі перад фактам, што будзем фатаграфавацца. Я адмовілася. Усё той жа супрацоўнік у цывільным загадаў весці мяне фатаграфавацца сілком. Мяне зноў схапілі. Спачатку за валасы на патыліцы, потым блакавалі рукі і ногі. Я адхіналася ад камеры. Была мітусня. У ёй сфатаграфавалі мой фас, профіль — усё сілком, фіксуючы маю галаву за валасы. Паколькі я адхіналася, супраціўляліся і прыжмурвалася, я не магу сказаць, у якім становішчы мяне фатаграфавалі, але сумняваюся, что ў вертыкальным.
Калі ўсё скончылася, нехта з супрацоўнікаў кінуў жарт, маўляў, давайце яшчэ сліну возьмем. Агулам мяне трымалі 4—5 чалавек, у залежнасці ад канкрэтнага інтэрвалу часу. Астатнія глядзелі. Між іншым, на працягу ўсяго гэтага часу я была апранутая ў камізэльку незалежнага назіральніка. Супраціў я аказвала шляхам сціскання далоняў у кулаку, групоўкай цела і выкручвалася ад фотакамеры; таму што супрацоўнікаў праваахоўных органаў біць, кусаць, хапаць за форму і іншае па законе нельга…
P.S. Калі недзе праз 1—1,5 гадзіны я ўбачыла пратакол, то ў ім мне інкрымінавалі супраціў пры затрыманні, а не пры дактыласкапіі. Як быццам гэтага ўсяго і не было зусім: ні выломвання пальцаў, ні цягання за валасы, ні-чо-га! Толькі пры афармленні пратакола нейкі міліцыянт, які праходзіў міма, праінфармаваў мяне, што маё фота (або відэа, я не ведаю, што яны здымалі) карыстаецца поспехам сярод супрацоўнікаў Савецкага РАУС. Заслона.
Праваабаронцамі “Вясны” зафікасаваныя 68 прозвішчаў затрыманых на Дзень Волі ў Мінску і 57 – у рэгіёнах. Такім чынам, агульная, дакладна ўстаноўленая, колькасць затрыманых 25 сакавіка складае 125 чалавек. Насамрэч іх было болей.
Крыніца: Назіральніца: "Што застаецца? Крычаць? Крычала! Але я ж у РАУС!!!"