23.08.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Кобрына

Пра затрыманне стала вядома з "пакаяльнага" відэа ад 23 жніўня. Кобрынец нібыта стаяў у счэпцы падчас адной з акцый і крычаў "нецэнзурнай лаянкай" на адрас сілавікоў.

Гэта як мінімум восьмы жыхар Кобрына, якога затрымалі з пачатку году за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Instagram-старонка блогера і палітыка Вадзіма Пракоп'ева прызнаная "экстрэмісцкай"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Светлагорскага раёну 16 жніўня. На старонку Пракоп'ева падпісана крыху менш за 7000 чалавек.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты "Cardinalis", "Чпоньк распространение";
  • Instagram-старонкі "barys._kurylovich", "belmysl", "belstudentstvo", "stepan_fairplay", "belaruseconomy";
  • TikTok-старонкі "igar_belarus" і яе лагатып.

Жыхара Кобрына затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

Мужчыну затрымлівалі як мінімум чацвёра ўзброеных сілавікоў у абмундзіраванні. На "пакаяльным відэа" ад 22 жніўня ён кажа, што падчас пратэстаў выходзіў на праезную частку дарогі і стаяў у счэпцы. У відэа таксама паказваюць татуіроўкі затрыманага — эмблему футбольнага клуба "Дынама-Брэст" і абрэвіятуру "ACAB".

Крыніца: Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія матэрыялы": хроніка пераследу 22-23 жніўня