15.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 15 жніўня вынеслі прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) тром мясцовым жыхарам — Аляксандру Тарасевічу, Дзмітрыю Блашчэніцу, а таксама былому палітвязню Пятру Зіневічу. Іх асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. Суддзя Аксана Літвінчык прызначыла ўсім калонію — ад аднаго года і шэсць месяцаў да двух з паловай гады. Негледзячы на тое, што Зіневіча раней амніставалі са зняццем судзімасці, цяпер яму прызначылі на год зняволення болей, чым астатнім.
Суд распачаўся 12 жніўня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, а ўжо праз тры дні былі абвешчаны прысуд па справе. Усіх трох мясцовых жыхароў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнанага кодэкса.
Згодна версіі абвінавачвання, у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, "знаходзячыся на праезнай частцы па розных адрасах у г. Баранавічы, дзейнічаючы ў групе асоб, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый, тым самым наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый".
На судзе ўсе прызналі віну цалкам. Паведамляецца, што Аляксандр Тарасевіч часткова кампенсаваў шкоду.
У выніку суддзя Аксана Літвінчык прызначыла ўсім пазбаўленне волі, а дакладней:
- Аляксандру Тарасавечу і Дзмітрыю Блашчэніцу — адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Пятру Зіневічу — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Нагадаем, Пётр Зіневіч — былы палітзняволены, якога ў 2021 годзе асудзілі да двух гадоў "хіміі" за тое, што сваёй старонцы ва "Укантакце" апублікаваў фотаздымак супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Гэта палічылі "паклёпам".
Пётр адбываў тэрмін у ПУАТ № 9. 11 студзеня 2023 года з прымяненнем акта амністыі ён быў вызвалены ад адбыцця пакарання са зняццем судзімасці. Напрыканцы красавіка 2024 года Пятра зноўку затрымалі разам з некалькімі жыхарамі Баранавічаў. На "пакаяльным відэа" Пётр казаў, што "проста ішоў праз плошчу". Цяпер мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА.
Крыніца: Палітвязня, якога раней вызвалілі па амністыі, асудзілі да двух з паловай гады калоніі