12.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-12 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Смаргоні за «распаўсюд экстрэмізму» затрымалі восем чалавек

Пра гэта мясцовай раёнцы адсправаздачыўся намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі раённага аддзелу міліцыі Андрэй Кавяза.

Усе затрыманыя — работнікі мясцовага прамысловага прадпрыемства. Некаторых затрымлівалі проста на працы, іншых — дома.

Жыхарку Брэста затрымалі за каментары пра Лукашэнку, АМАП і расійскую армію

На пакаяльным відэа жанчына кажа, што нібыта пакідала каментары, у якіх абражала Лукашэнку і «заклікала наносіць цяжкія цялесныя пашкоджанні вайскоўцам РФ і калецтва АМАПу».

Актывісту Яўгену Афнагелю ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму

Яўген Афнагель

Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі", асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін.

Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання. Суддзя Віталь Лапко пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну. Яўгена ўжо этапавалі ў Магілёў.

Затрымалі дырэктара сеткі будаўнічых крам «Мацярык»

Аляксандра Апольку абвінавачваюць ва удзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На «пакаяльным відэа» яго прымусілі назваць свой заробак.

Праўладныя тэлеграм-каналы называюць затрыманага «незадаволеным буржуем» і пагражаюць адказнасцю «па ўсёй строгасці».

Крыніца: Затрыманні за каментары і мірныя сходы: хроніка пераследу 10-12 жніўня