06.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, правы зняволеных, рэпрэсіі Сёння ў Беларусі 1 253 жанчыны асуджаныя паводле палітычна матываваных справаў. 288 з іх асуджаныя да пазбаўлення волі. З іх 153 жанчыны цяпер палітзняволеныя: 122 з іх знаходзяцца ў ПК-4 У Гомелі, тры — у ПК-24 у Зарэччы. Для жанчын у калоніях строгія ўмовы зняволення, якія адбіваюцца на іх знешнім выглядзе. Больш за тое — сам іх знешні выгляд рэгулюецца і становіцца чарговай нагодай для рэпрэсій. "Вясна" распытала палітзняволеных, як у калоніі №4 рэгулюецца знешні выгляд і папрасіла юрыстаў даць каментар пра гэта.
Калі жанчыны трапляюць у калонію, у іх забіраюць рэчы, у якіх яны прыехалі. Пакінуць могуць нямногае — і тое чорнага колеру, хоць у інструкцыі прапісана, што можна насіць цёмна-зялёны, цёмна-сіні і карычневы. Цяпер забіраюць нават не чорныя шкарпэткі, хоць раней былі дазволеныя і іншыя колеры, таму, напрыклад, у атрадах ёсць людзі, якія ходзяць у каляровых шкарпэтках.
"Гэта першыя хвіліны, як я надзела на сябе ружовы мяшок". Жанчыны распавялі пра фота на бірку пасля этапу ў калонію
Наўзамен даюць пераапрануцца ў ружовую сукенку, потым — выдаюць пад подпіс усю форменную вопратку. Часцей за ўсё яна ружовага колеру. Даюць і абавязковую целагрэйку: насіць яе трэба абавязкова, калі абвяшчаюць. Яна вельмі цяжкая, але пры гэтым абсалютна не грэе. Калі тэрмін больш за год, часта даюць новыя рэчы, калі менш — могуць даць ношанае.
- Так выглядае вопратка жанчын у папраўчай калоніі №4. Тут і далей выкарыстаныя ілюстрацыі з фільмаў, выпушчаных на дзяржаўным тэлебачанні
— Раней выдавалі хусткі, якія можна было завязаць і кутком прыкрыць шыю, — распавядае адна з палітзняволеных. — Гэта дазваляла ледзь-ледзь захаваць цяпло. Цяпер сталі выдаваць шапкі, якія называюць "гандонкамі": яны прыліпаюць да галавы цалкам, у іх няма адваротаў, шыя голая, каўнер падняць немагчыма. Шыя цалкам голая. У іх было вельмі холадна.
Скраб з турэмных каш, мыла як духі і пінцэт з запалак
Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі пра дагляд за сабой у зняволенні.
Абутак у калоніі не вельмі зручны: грубыя чаравікі, сланцы і туфлі на плоскай падэшве — іх называюць "чувякамі". Цяжкія туфлі націраюць мазалі. У такім адзенні, што часта не пасуе пад клімат, зняволеным нярэдка даводзіцца стаяць на вуліцы на аглядах. Зімовыя туфлі ўнутры ніяк не ўцепленыя, таму ў іх досыць холадна. Паколькі яны кароткія, ногі ў іх перыядычна мерзнуць.
- Так выглядае вопратка жанчын у папраўчай калоніі №4. На здымках прыкметныя ружовыя і цёмна-зялёныя стандартныя сукенкі, што выдаюцца ў калоніі
— Абутак і адзенне могуць даць не па памеры, — успамінае адна з палітзняволеных. — Мне далі зімовыя туфлі на некалькі памераў большыя, я надзела іх адзін раз, бо так трэба было паводле правілаў, на адно з мерапрыемстваў калоніі з удзелам адміністрацыі. На астатні час у мяне былі свае туфлі. Я хадзіла ў іх паўдня — і мне сцерла нагу. Прычым не ў шкарпэтцы або пятцы, а там, дзе матэрыял зверху, на ўзроўні шчыкалаткі. У мяне да гэтага часу ёсць невялікі шнар на назе ад гэтага.
Катаванні позай, пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў
Палітзняволеныя распавядаюць, што вопратку шыюць на мясцовай швейнай фабрыцы разам з адзеннем для мужчынскіх калоній і службовай формай супрацоўнікаў міліцыі.
— Для жаночай калоніі дазваляецца значна больш браку, чым для міліцэйскай формы, — кажа адна з палітзняволеных. — Тканіны закупляюць упрытык, таму практычна любы брак, за выключэннем нейкіх дзірак, можна прапускаць. Калі шыецца форма для супрацоўнікаў міліцыі, так рабіць нельга. Таму часта бывае, што выкрайкі не заўсёды карэктныя.
- У такой форме жанчыны працуюць на швейнай вытворчасці, дзе ў тым ліку шыюць форму для зняволеных і супрацоўнікаў міліцыі і калоній
Можна перадаць рэчы, але яны павінны быць цалкам узгодненымі з інструкцыямі, перш за ўсё — прымаюцца рэчы выключна чорнага колеру. Напрыклад, пальчаткі або шалікі ў калоніі не выдаюць, таму калі сваякі іх не перадалі, даводзіцца абыходзіцца без іх. Каб вырашыць гэтае пытанне, жанчыны выкручваюцца па-рознаму: напрыклад, адна з іх прыдумала завязваць калготкі замест шаліка.
Як зняволеныя мусяць выглядаць, згодна з законам?
Мы задалі юрыдычнай службе "Вясны" пытанні аб тым, як рэгулюецца знешні выгляд жанчын у зняволенні.
— Якімі нацыянальнымі нормамі рэгулюецца знешні выгляд зняволеных?
— Знешні выгляд асуджаных рэгулюецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам (далей – КВК), Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў і Пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632.
Згодна з ч. 1 арт. 94 КВК, асобам, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, забяспечваюцца неабходныя жыллёва-бытавыя ўмовы, якія адпавядаюць правілам санітарыі і гігіены. Нормы рэчавага забеспячэння ўстанаўліваюцца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2000 г. № 174 (далей – Правілы), асуджаныя забяспечваюцца трохразовым гарачым харчаваннем, адзеннем, сподняй бялізнай і абуткам, а таксама пасцельнымі прыналежнасцямі паводле ўстаноўленых нормаў (п. 349). Акрамя таго, у правілах замацоўваецца абавязак асуджаных насіць вопратку ўстаноўленага ўзору, а ў папраўчых калоніях асаблівага рэжыму – спецыяльнага ўзору, нагрудныя і нарукаўныя знакі для асуджаных згодна з дадаткам 4, за выключэннем асуджаных, якія змяшчаюцца ў папраўчыя калоніі-паселішчы (п. 57.8).
Пастановай Савета міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632 устаноўленыя нормы рэчавага забеспячэння асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах і арыштных дамах.
Жанчынам выдаюцца:
|
— Ці парушаюць нормы такога тыпу правы чалавека?
— Адміністрацыя калоніі ўжывае нормы шырока. Так яна аказвае ціск на асуджаных, прыцягваючы іх да адказнасці за злосныя непадпарадкавання законным патрабаванням адміністрацыі, у выпадку нашэння адзення не паводле ўстаноўленай формы. Узімку зняволеныя часам замярзаюць, а летам, нягледзячы на спякоту, не могуць распрануцца. Часам такія пакуты могуць быць расцэненыя як жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя годнасць абыходжанне і пакаранні.
"Абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак жанчынам — простае самавольства"
— Як гэта адлюстроўваецца ў міжнародных нормах? Як яны суадносяцца з нацыянальнымі?
У Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі паказана, што зняволеным варта выдаваць адзенне, якое адпавядае клімату і якое дазваляе падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.
ПРАВІЛЫ НЭЛЬСАНА МАНДЭЛЫ Адзенне і спальныя прыналежнасці Правіла 19 1. Зняволеным, якія не маюць права насіць уласнае адзенне, варта выдаваць камплект абмундзіравання, адпаведнага клімату і які дазваляе падтрымліваць іх здароўе ў здавальняючым стане. Гэтае адзенне не павінна мець ні абразлівага, ні зневажальнага характару. 2. Адзенне павінна ўтрымлівацца ў чысціні і спраўнасці. Мыццё і змену свежай бялізны варта забяспечваць у адпаведнасці з патрабаваннямі гігіены. |
У нацыянальным заканадаўстве не пазначана, што адзенне мусіць адпавядаць клімату і падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.
"Б'юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК"
Новая інфармацыя пра рэпрэсіі і ціск у гомельскай жаночай калоніі.
— Як з юрыдычнага погляду можна ахарактарызаваць тое, якія пакаранні даюць за неадпаведнасці ў знешнім выглядзе?
— Абавязак насіць адзенне ўстаноўленага ўзору і паводле ўстаноўленай формы ўскладаецца на асуджаных. За невыкананне правілаў унутранага распарадку, асуджаныя прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці. У выпадку, калі ў гарачы дзень чалавек захоча зняць частку адзення або расшпіліцца, яго прыцягнуць да адказнасці за парушэнне правілаў. У якасці пакарання могуць ужыць змяшчэнне ў клетку або дысцыплінарнае спагнанне: вымова, пазбаўленне спатканняў, змяшчэнне ў ШІЗА ды іншае (арт. 112 КВК). У выпадку прыцягнення цягам года да дысцыплінарнай адказнасці некалькі разоў, чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле арт.411 КК і дадаць тэрмін.
Напрыклад, вытрымка з аднаго з прысудаў:
Прысудам раённага суда К. асуджаны за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Згодна з прысудам К. наўмысна, жадаючы аказаць злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", насуперак устаноўленым правілам адбыцця пакарання, на працягу года з дня накладання дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу дапусціў злосныя непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", якія выявіліся, у тым ліку, у тым, што: 13 сакавіка 2019 г. у 20 гадзін 5 хвілін К., які змяшчаецца ў камеры ПКТ № 18, парушыў форму адзення для асуджаных, што ўтрымліваюцца ў ШІЗА, ПКТ: знаходзіўся ў камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, законныя патрабаванні прадстаўніка адміністрацыі ПУ "ПК" – кантралёра М. перастаць парушаць форму адзення не выканаў, у 20 гадзін 30 хвілін пры паўторным абыходзе працягваў хадзіць у камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, чым парушыў падп. 57.8, у адпаведнасці з якім асуджаныя абавязаны насіць адзенне ўстаноўленага ўзору. |
Крыніца: "У мяне дагэтуль шнар на назе ад туфлі". Як у калоніях рэгулююць знешні выгляд жанчын