29.07.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Індывідуальнага прадпрымальніка з Магілёва затрымалі за «распаўсюд экстрэмізму»
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына на сваёй старонцы ў «Аднакласніках», распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы і забароненую сімволіку».
Паведамляецца, што мужчына арыштаваны на 15 сутак.
Палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта тычыцца толькі асуджаных да невялікіх тэрмінаў.
Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць узбуджэннем новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Нядаўна dissidentBY таксама паведамлялі пра масавы збор прашэнняў аб памілаванні ад палітвязняў у калоніях, турмах і ПУАТ.
Нагадаем, па інфармацыі "Вясны", 3 ліпеня на волю па амністыі ці памілаванні выйшлі 18 палітзняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек — цяпер у ім 4261 прозвішча
26 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага да смяротнага пакарання Рыка Крыгере, бібліятэкарку Ірыну Пагадаеву і 22-гадовага палітвязня Віктара Мярзлікіна.
Да допісу далучыны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Затрымалі дырэктара мінскай кампаніі — у яго нібыта быў заробак у 15 000 рублёў
Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў падпісках на «экстрэмісцкія рэсурсы».
Журналістаў-расследавальнікаў з праекта «БЮРО» абвясцілі ў міждзяржаўны вышук
Інфармацыю пра гэта "Медыязона" знайшла ў расійскай базе вышуку МУС.
У вышук аб'яўлены журналісты Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка. Па якіх артыкулах, не ўдакладняецца.
Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 27-29 ліпеня