26.07.2024 Тэгі: скаргі, ААН, правы чалавека, свабода мірных сходаў, затрыманні Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях 18 ліпеня апублікавала дакумент, у якім прызнала заключэнне заснавальніка Праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага парушэннем міжнароднага права і запатрабавала яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама прадастаўлення яму права на кампенсацыю і іншыя рэпарацыі ў адпаведнасці з міжнародным правам. З 2020 года Рабочая група ААН прыняла сем рашэнняў па справах грамадзянскіх дзеячаў Беларусі — блогераў, адвакатаў і праваабаронцы, затрыманых па палітычна матываваных справах. Разам з юрысткай "Вясны" Святланай Галаўнёвай распавядаем, па якіх справах палітвязняў з 2020 года Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях выносіла рашэнні.
- Марш Единства, Минск, 6 сентября 2020. Фото: spring96.org
"Працоўная група застаецца адзіным спосабам на міжнародным узроўні абараніць правы і перакананні беларусаў, несправядліва пазбаўленых волі"
"За чатыры гады Рабочая група па адвольных затрыманнях прыняла зусім няшмат рашэнняў па Беларусі — усяго сем. Да 2022 года асноўным органам міжнароднага абскарджвання для беларусаў быў Камітэт па правах чалавека, у кампетэнцыі якога разглядаць усе скаргі аб парушэннях грамадзянскіх і палітычных правоў. А Рабочая група па адвольных затрыманнях разглядае толькі кейсы людзей, якія знаходзяцца ў няволі, і толькі тыя, якія палічаць годнымі сваёй увагі. Але цяпер, акрамя Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын, які відавочна падыходзіць не ўсім, Рабочая група застаецца адзіным спосабам на міжнародным узроўні абараніць правы і перакананні людзей, несправядліва пазбаўленых волі.
Станоўчае рашэнне рабочай групы — гэта пацвярджэнне міжнароднага ўзроўню, што чалавек быў пазбаўлены волі незаконна і беспадстаўна. Такое рашэнне мае вялікую вагу і можа, напрыклад, стаць важкім аргументам пры атрыманні міжнароднай абароны або нейкай іншай падтрымкі з боку дэмакратычных краін.
Таму ў працоўную групу безумоўна варта звяртацца, каб даць магчымасць зняволенаму чалавеку атрымаць незалежную ацэнку гісторыі заключэння чалавека як альтэрнатыву той, якую даюць аўтарытарныя ўлады. Колькасць зваротаў дапаможа паказаць рэальнае становішча з пераследам і рэпрэсіямі ў краіне, бо з часам гэта відаць горш",— распавядае юрыстка Святлана Галаўнёва.
Вось тут мы распавядалі, як звярнуцца ў працоўную групу ААН:
Праваабарончы гайд "Вясны": як абскардзіць пазбаўленне волі ў ААН
Разам з юрысткай Праваабарончага цэнтру "Вясна" Святланай Галаўнёвай расказваем, як гэта зрабіць.
Блогер Сяргей Ціханоўскі і адвольнае затрыманне (Меркаванне 23/2021)
Сяргей Ціханоўскі — прадпрымальнік і вядомы блогер з Гомеля, у 2020 годзе вырашыў вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты. Аднак праз арышт не змог асабіста падаць дакументы і не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата. Тады дакументы на рэгістрацыю падала яго жонка Святлана Ціханоўская, а Сяргей стаў яе даверанай асобай. Аднак на этапе збору подпісаў ён сутыкнуўся з правакацыяй на прадвыбарчым пікеце і быў затрыманы нібыта праз гвалт у дачыненні супрацоўніка праваахоўных органаў.
14 кастрычніка 2021 года Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях прыняла рашэнне. Юрыста распавядае, што важнага ў гэтым рашэнні.
Працоўная група ААН: "Ніякага судовага разгляду па справе Ціханоўскага не мусіла праводзіцца"
У пп. 71 і 77 адзначаецца, што затрыманні Сяргея Ціханоўскага на месцы злачынства па адным абвінавачванні і далей прад'яўленне зусім іншых абвінавачванняў без якога-небудзь тлумачэння не мае пад сабой прававой падставы і з'яўляецца адвольным.
У п. 73 паказана, што 48 гадзін звычайна дастаткова для неадкладнай дастаўцы затрыманага да суддзі; любая затрымка больш 48 гадзін павінна быць абсалютна выключнай і апраўданай ў дадзеных абставінах.
Рабочая група ў п. 92 нагадвае, што права на абвінавачанага мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносіцца з абраным ім самім абаронцам (арт.14(3)(b) МПГПП) патрабуе, каб адвакат мог сустракацца з кліентамі сам-насам і мець зносіны з імі ва ўмовах, якія цалкам выконваюць канфідэнцыяльнасць іх паведамленняў. Запіс на відэа сустрэчы абвінавачанага з адвакатам у СІЗА з'яўляецца парушэннем прыватнасці камунікацыі з адвакатам.
Блогер Раман Пратасевіч і парушэнне прэзумпцыі невінаватасці (Меркаванне No. 50/2021)
- Роман Протасевич в 2019 году. Фото: spring96.org
Раман Пратасевіч — стваральнік і рэдактар медыяпраекта NEXTA, з дапамогай якога падчас масавых пратэстаў 2020 года аб'яўляліся час і месца збору пратэстоўцаў, каардынаваліся іх далейшы дзеянні. Рамана затрымалі дзякуючы ілжываму паведамленню аб мініраванні самалёта Rynair, якім ён ляцеў над тэрыторыяй Беларусі. Блогера асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Праз некалькі месяцаў, на момант разгляду рабочай групай паведамленні аб яго затрыманні, быў памілаваны, верагодна, у абмен на супрацоўніцтва са следствам і працу на дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы.
Рашэнне ў ААН было прынята 9 снежня 2021 года.
Што важнага ў рашэнні:
(п. 70) Першыя чатыры дні затрыманаму не давалася магчымасці сустрэцца са сваім адвакатам — гэта парушэнне права на абарону.
(п. 89) Абавязацельства аб неразгалошанні на адвакаце можа аказваць сур'ёзнае неспрыяльнае ўздзеянне на здольнасць адваката належным чынам прадстаўляць кліента.
(п. 90-91) Публікацыя ў медыя прызнанняў віны падазраваным, без прысутнасці пры гэтым яго адваката і да таго як адбыўся суд, парушае прэзумпцыю невінаватасці.
Адвакат Максім Знак і наршуение права на справядлівы суд (Меркаванне 24/2022)
Максім Знак — беларускі юрыст і адвакат. На выбарах 2020 года ён быў юрыстам штаба Віктара Бабарыкі, а затым прадстаўніком кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. 9 верасня 2020 года ён быў затрыманы па абвінавачванні ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Пазней з'явіліся абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання". Падобныя абвінавачванні былі прад'яўленыя і іншым прадстаўнікам штаба Святланы Ціханоўскай. Суд асудзіў Максіма знака да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Рабочая група ААН прыняла рашэнне 25 мая 2022 года.
Што важнага ў рашэнні:
(п. 78-79) Кожны чалавек мае права на тое, каб у выпадку яго затрымання яму быў прад'яўлены ордэр на арышт, як гарантыю таго, што затрыманне не будзе адвольным. Акрамя таго, любая форма затрымання і ўтрымання чалавека ў няволі павінна прызначацца кампетэнтным, бесстароннім і незалежным судовым органам. У выпадку ж Максіма Знака, прычыны затрымання яму былі паведамленыя вусна, а аформленае рашэнне было прад'яўлена пазней. Рашэнне аб затрыманні было прынята пракурорам, а не судом.
(п. 100-101) Права на справядлівае судовае разбіральніцтва было парушана, так як судовы працэс праводзіўся за зачыненымі дзвярыма. Суддзі могуць выключаць публіку з залі суда па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або нацыянальнай бяспекі, а таксама для абароны інтарэсаў прыватнага жыцця бакоў або пры неабходнасці захавання правасуддзя. Аднак, за выключэннем такіх выключных абставінаў, слуханні павінны быць адкрыты для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінны абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб.
Блогер Ігар Лосік і ўмяшанне ў журналісцкую дзейнасць (Меркаванне 45/2023)
Ігар Лосік — блогер і журналіст. Ігара затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, амаль год утрымліваўся пад вартай і быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачваннях у арганізацыі беспарадкаў за вядзенне Telegram-канала "Беларусь галаўнога мозгу", дзе, у тым ліку асвятляў пратэсты 2020 года і дзейнасць Сяргея Ціханоўскага.
Рашэнне па справе Ігару Лосіка Рабочая група прыняла 26 верасня 2023 года.
Што важнага ў рашэнні:
(п. 51) Утрыманне абвінавачанага пад вартай да суда не павінна быць агульным правілам, а павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках і быць абгрунтаваным. Доўгае ўтрыманне пад вартай да суда (у выпадку Ігару Лосіка – каля года) без якіх-небудзь абгрунтаванняў не прымянення альтэрнатыўных мер стрымання само па сабе з'яўляецца адвольным.
(п. 57 і 61) Затрыманне за ажыццяўленне выключна журналісцкай дзейнасці, якая не ўтрымлівала падбухторвання да гвалту, з'яўляецца неапраўданым умяшаннем у гэтыя правы.
(п. 67) У Беларусі сістэматычна абмяжоўваецца незалежнасць судовай улады. У палітычна адчувальных справах ад суддзяў чакаецца выкананне запытаў Генеральнага пракурора, чыя роля заключаецца ў рэалізацыі рэпрэсіўнай палітыкі выканаўчай улады па жорсткім пакаранні іншадумства.
Былы міліцыянт Пётр Буцько і парушэнне права на мірныя сходы (Меркаванне 52/2023)
Рабочая група ААН прыняла рашэнне па справе Пятра 29 верасня 2023 года. Пётр Буцько ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе, за што быў неаднаразова затрыманы і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Пазней быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі па інцыдэнце, не звязанаму з яго пратэстнай актыўнасцю.
Што важнага ў рашэнні:
У дачыненні да пераследу за ўдзел у пратэстах Рабочая група адзначыла парушэнне права затрыманага неадкладна паўстаць перад суддзёй, а таксама парушэнне права на мірныя сходы і на свабоднае выказвання меркавання.
(п. 72) Акрамя гэтага, важным момантам у рашэнні з'яўляецца заўвага, што Рабочая група не ацэньвае правільнасць прымянення нацыянальнага заканадаўства і дастатковасць доказаў у справе.
Адвакат Віталь Брагінец і "суткі" для распачынання крымінальнай справы (Меркаванне 64/2023)
Віталь Брагінец — адвакат, пазбаўлены права на прафесію.
Рабочая група ААН прыняла рашэнне па справе Віталя 8 снежня 2023 года.
Што важнага ў рашэнні:
(п. 70) Віталю некалькі разоў запар прызначалі адміністрацыйны арышт па надуманых прычынах, пакуль нарэшце не прад'явілі крымінальныя абвінавачванні. Адміністрацыйны арышт з мэтай пошуку падстаў для крымінальнага абвінавачвання пазбаўляе затрыманага гарантыі працэсуальных правоў як падазраванага і супярэчыць прынцыпу вяршэнства права.
(п. 71) Сам па сабе судовы працэс па відэасувязі не з'яўляецца парушэннем права затрыманага паўстаць перад суддзёй. Аднак, калі такі спосаб правядзення судовага разбору ствараў для затрыманага нейкія істотныя нязручнасці і перашкоды, то гэта можа быць расцэнена як парушэнне.
(п. 73) Утрыманне абвінавачанага пад вартай у якасці меры стрымання не павінна быць агульным правілам, а, наадварот, павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках. Утрыманне пад вартай павінна прызначацца на як мага больш кароткі тэрмін.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі і недастаткова часу на азнаямленне з матэрыяламі справы (Меркаванне 3/2024)
Алесь Бяляцкі — стваральнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна", цягам многіх гадоў пераследуецца беларускімі ўладамі за сваю праваабарончую дзейнасьць. Так, у 2011 годзе ён быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў – за атрыманне на свой рахунак фінансавання для арганізацыі, паколькі сама арганізацыя была незаконна пазбаўленая ўладамі рэгістрацыі. Камітэт правоў чалавека прызнаў той прысуд незаконным і заклікаў улады Беларусі вызваліць Алеся.
У ліпені 2021 года, Алесь быў затрыманы ў рамках масавых затрыманняў праваабаронцаў. Яму і іншым затрыманым прадстаўнікам "Вясны" былі выстаўленыя абвінавачванні, падобныя да вылучаных у 2011 годзе — ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Больш чым праз год, калі тэрміны для папярэдняга расследавання справы падыходзілі да канца, крымінальная справа за нявыплату падаткаў была закрытая і былі выстаўленыя новыя абвінавачванні — у кантрабандзе і фінансаванні пратэстаў. Суд прызнаў Алеся вінаватым і асудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Што важнага ў рашэнні:
(п. 85-87) Доўгае папярэдняе заключэнне не дастаткова абгрунтаваць толькі цяжарам разумных абвінавачванняў.
(п. 89) Затрыманы мае права асабіста прысутнічаць на ўсіх слуханнях, якія праводзяцца для праверкі законнасці яго затрымання.
(п. 93 і 95) Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса забараняе групавы ўдзел у мірным пратэсце на той толькі падставе, што такія дзеянні могуць прычыняць нязручнасці грамадскасці. Такое абгрунтаванне недастаткова для крыміналізацыі ўдзелу ў мірным пратэсце. Таму, пазбаўленне волі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса з'яўляецца адвольным.
(п. 98) Факт, што старшынствуючы суддзя быў унесены ў санкцыйны спіс за "шматлікія палітычна матываваныя рашэнні супраць мірных пратэстоўцаў", сведчыць аб адсутнасці незалежнасці і бесстароннасці суда.
(п. 99) Рабочая група ў сваім абгрунтаванні адсутнасці незалежнасці і бесстароннасці суда ў Беларусі спасылаецца на даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі (A/HRC/47/49, п. 54), дзе гаворыцца пра залежнасць судоў ад выканаўчай улады і іх актыўным удзеле па жорсткім пакаранні іншадумства, а таксама пра перашкоды адвакатам перадаваць інфармацыю пра рэпрэсіі.
(п.103-104) У абвінавачанага і яго адвакатаў было толькі тры месяцы, каб азнаёміцца з крымінальнай справай з 85 000 старонак. Рабочая група лічыць гэта недастатковым часам і бачыць тут парушэнне права на абарону.
(п.105) Большасць сведак, на дасудовыя паказанні якіх абапіраўся суд, не з'явіліся ў суд і бок абароны не змагла правесці крыжаваны допыт – гэта з'яўляецца парушэннем роўнасці бакоў.
(п. 110) Калі затрыманне адбываецца за ажыццяўленне чалавекам грамадзянскіх і палітычных правоў, такое затрыманне з'яўляецца дыскрымінацыяй па палітычных ці іншых поглядах.