25.07.2024 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Асіповічах за "экстрэмізм" затрымалі мужа і жонку
Як паведаміў тэлеграм-канал MAYDAY, затрыманыя — Мікалай і Вера Станкевіч.
Падставай для затрымання Мікалая паслужыла нібыта тое, што ён браў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама той факт, што ён "напаў на вайскоўца, паддаўшыся ўкраінскай прапагандзе". Падрабязнасцяў інцыдэнту няма.
Веру Станкевіч сілавікі затрымалі за ўдзел у ланцугу салідарнасці ў 2020 годзе ў Асіповічах, а таксама за рэпосты «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Аднакласніках.
Супраць сужэнцаў распачата крымінальная справа. Дзе яны знаходзяцца зараз — невядома.
У гродзенскай турме 12 клірыкаў адслужылі літургію, на якую не дапусцілі праваслаўных палітвязняў
Арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній (Даронін) у канцэлебрацыі адзінаццаці святароў адслужыў літургію ў турме №1 Гродна. Набажэнства адбывалася ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю турэмнага служэння Беларускага Экзархату.
Як паведаміла "Хрысціянская візія", на апублікаваных фотаздымках бачна, што на богаслужэнні прысутнічалі асуджаныя, аднак няма ніводнага з жоўтай біркай — адметным знакам асуджаных па палітычных артыкулах. Няма нават тых палітвязняў, пра якіх вядома, што яны з'яўляюцца праваслаўнымі вернікамі: менавіта ў турме №1 адбываюць тэрміны Мікалай Аўтуховіч, сын палітзняволенага святара Павел Рэзановіч, а таксама хрысціянскі публіцыст Павел Севярынец.
Вядома, што Павел Севярынец на працягу многіх гадоў безвынікова дабіваецца сустрэчы са святаром і ўдзелу ў літургіі.
Дваіх жыхароў Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту
На "пакаяльным відэа" ад 25 ліпеня затрыманыя кажуць, што 10 жніўня 2020-га году былі сярод мітынгоўцаў, якія нібыта кідалі камяні ў сілавікоў.
Паводле інфармацыі "Медыязоны" адзін з затрыманых — Ілля Сабко.