24.07.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля, асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў Наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін. Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. Ужо 29 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання. Палітвязня зноў могуць перавесці ў турму.
Нагадаем, у траўні 2021 года Афнагелю прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі за "падрыхтоўку да ўдзелу у масавых беспарадках" (арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Тэрмін Яўгена накіравалі адбываць у наваполацкую калонію № 1. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя: пазбавілі працяглага спаткання, неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. У красавіку 2022 года актывісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на два гады ў магілёўскую турму № 4.
У траўні гэтага года па заканчэнні тэрміну турэмнага рэжыму Яўгена зноў этапавалі ў Наваполацк. Там яго размеркавалі на працу па ачыстцы кабеля. Па інфармацыі праваабаронцаў, палітвязня 45 сутак утрымлівалі ў штрафным ізалятары, пасля чаго перавялі ў ПКТ. Таксама яго адразу пазбавілі перадачы і спаткання.
Цяпер стала вядома, што 29 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Віталь Лапко.
Месца ўтрымання Яўгена:
ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8
Яўген Ігаравіч Афнагель
Крыніца: Актывіста Яўгена Афнагеля ў другі раз збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым