23.07.2024 Тэгі: смяротнае пакаранне, заявы Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр "Вясна" і ніжэйпадпісаныя арганізацыі заклікаюць улады Беларусі спыніць пакаранне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, асуджанага да расстрэлу ў Беларусі 24 чэрвеня 2024 года.

Рико Криегер. Фото из пропагандистских телеграм-каналов
Рыка Крыгер у залі суда. Фота з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў

Мінскі абласны суд 24 чэрвеня асудзіў грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера да смяротнага пакарання шляхам расстрэлу. Як паведаміў Праваабарончы цэнтр "Вясна", Крыгера, былога супрацоўніка Нямецкага Чырвонага крыжа, абвінавачваюць, у прыватнасці, у "найміцтве", "тэрарызме", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" і "наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін". Падрабязнасці справы і дакладныя абвінавачванні невядомыя, аднак 19 ліпеня Міністэрства замежных справаў Германіі пацвердзіла інфармацыю аб смяротным прысудзе.

Паводле звестак "Вясны", Рыка Крыгера затрымалі ў кастрычніку 2023 года. 24 чэрвеня 2024 года падчас судовага працэсу, які часткова праходзіў у закрытым рэжыме, яго асудзілі да смяротнага пакарання. Дагэтуль невядома, ці абскардзіў Крыгер прысуд. Раней улады Беларусі і навінавыя агенцтвы нічога не паведамлялі пра гэтую справу.

Справа Крыгера – першае вядомае абвінавачванне ў "найміцтве" ў Беларусі. Паводле некаторых звестак, працэс можа быць звязаны з дзейнасцю палка Кастуся Каліноўскага – беларускага добраахвотніцкага вайсковага падраздзялення ў складзе Узброеных сіл Украіны, што ваюе супраць расейскага войска ва Украіне.

Як адзначае "Вясна", якая адсочвае ўжыванне смяротнага пакарання ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", гэта першы выпадак калі замежны грамадзянін асуджаны да смяротнага пакарання ў гэтай краіне з пачатку кампаніі ў 2009 годзе.

Беларусь – адзіная дзяржава Еўропы, якая дагэтуль ужывае смяротнае пакаранне, у тым ліку за такія злачынствы як тэрарызм, дзяржаўная здрада ці некаторыя міжнародныя злачынствы. Смяротнае пакаранне ў Беларусі ўжываюць выключна ў дачыненні да мужчын. У святле грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, многія з якіх могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці, уключна з "шматлікімі ды сістэматычнымі парушэннямі правоў на належную працэдуру і на справядлівае судовае разбіральніцтва" ў беларускіх судах, зафіксаваныя УВКПЧ, ужыванне смяротнага пакарання выклікае асаблівую трывогу.

FIDH, "Вясна" і ніжэйпадпісаныя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць пакаранне Рыка Крыгера, незалежна ад абвінавачванняў, і цалкам выконваць міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі ў галіне правоў чалавека, уключна з правам на жыццё, правам на свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама правам на судовую абарону і справядлівае судовае разбіральніцтва.

FIDH як адзін з заснавальнікаў сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання (WCADP) і чалец яе кіруючага камітэта, "Вясна" і ніжэйпадпісаныя арганізацыі, рашуча выступаюць супраць смяротнага пакарання за ўсе злачынствы і пры любых абставінах. Арганізацыі нагадваюць, што смяротнае пакаранне па сутнасці ўяўляе сабой катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае годнасць пакаранне ды заклікаюць беларускія ўлады ўвесці мараторый і працягнуць працу па адмене смяротнага пакарання.

Крыніца: Заклікаем спыніць пакаранне грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, асуджанага да расстрэлу ў Беларусі