19.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, смяротнае пакаранне У Мінскім абласным судзе 24 чэрвеня быў вынесены прысуд 29-гадоваму супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" Рыко Крыгеру (Rico Krieger). У Беларусі яго абвінавачвалі адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: "наёмніцтве" (арт. 133), "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1), "акце тэрарызму" (ч. 3 арт. 289), "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361-1), "наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін" (ч. 4 арт. 309), "незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" (ч. 4 арт. 295). Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "МолькоПомоги", па выніках суда яму прызначана выключная мера — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу. Праваабаронцы атрымалі падцверджанне гэтай інфармацыі. "Вясна" распавядае падрабязнасці.
У чым абвінавацілі грамадзяніна Нямеччыны?
Паводле інфармацыі "Вясны", Рыко Крыгера прызналі вінаватым у "здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК". На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу). Пра які выбух ідзе гаворка — пакуль незразумела. Таксама праваабаронцам стала вядома, што справа вайсковага лекара тычыцца палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна "Western".
Як праходзіў суд?
Пад вартай Рыко знаходзіўся з 6-га лістапада 2023 года. Афіцыйныя ведамствы нічога не паведамлялі пра затрыманне па такой справе, як і пра яго вынікі. Справу разглядаў Алег Лапека. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца Генеральнай пракуратуры Таццяна Гракун. У працэсе ўдзельнічаў перакладчык. Па справе з 6 чэрвеня адбылося 12 паседжанняў. Прысуд быў вынесены 24 чэрвеня. Часткова суд праходзіў у закрытым рэжыме. Адзначым, што гэта быў першы суд у Беларусі за "наёмніцтва".
На цяперашні момант невядома, ці быў прысуд абскарджаны і ці набыў ён моц.
Што вядома пра асуджанага?
Рыко Крыгер нарадзіўся ў Берліне і працаваў санітарам-выратавальнікам у "Нямецкім Чырвоным крыжы". Дома ў мужчыны засталося непаўналетняе дзіця. Таксама вядома, што Рыко Крыгер раней працаваў афіцэрам па спецыяльнай бяспецы Дзярждэпа ў Берліне, дзе набыў вопыт ва ўзброеных аперацыях бяспекі. Пасля гэтай пасады ён перайшоў у сферу аховы здароўя, працаваў медбратам і, у рэшце рэшт, спецыялізаваўся на хуткай медыцынскай дапамозе як спецыяліст хуткай медыцынскай дапамогі.
Будзе дапоўнена.
Крыніца: Супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" прызначылі ў Беларусі смяротнае пакаранне